Logo Polskiego Radia
Print

АЭС праз 30 гадоў пасьля Чарнобыля

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.04.2016 15:46
На сьвеце працуе 440 рэактараў у 31 краіне, больш за ўсё ў ЗША.
pixabay.com/CC0 Public Domain

На сьвеце будуюць 60 атамных рэактараў, атамная энэргія стала добрай альтэрнатывай для вугальных электрастанцый. Роўна 30 гадоў таму здарылася катастрофа ў Чарнобылі. Радыеактыўная хмара накрыла вялікую частку тэрыторыі Беларусі, а таксама частку Ўкраіны і Расеі – нагадвае «Gazeta Wyborcza». Пра тое, што аварыя можа паўтарыцца, сьведчыць прыклад Японіі, дзе здарылася катастрофа на АЭС у Фукусіме чатыры гады таму.

Тым ня менш, на сьвеце працуе 440 рэактараў у 31 краіне, найбольш у ЗША. Шмат таксама будуецца, пераважна ў Кітаі. У Польшчы няма ніводнай атамнай электрастанцыі, але непадалёк ад краіны працуе 25 рэактараў. Ці палякі дачакаюцца ўласнай АЭС? Міністар энэргетыкі Кшыштаф Тхужэўскі (Krzysztof Tchórzewski) сказаў на мінулым тыдні, што дзяржава не адмаўляецца ад плянаў будаўніцтва АЭС. Аднак ад прыняцьця рашэньня да яго рэалізацыі могуць прайсьці дзесяткі гадоў. Калі атамную электрастанцыю ўдасца збудаваць, гэта будзе важная крыніца вялікай колькасьці энэргіі, якая не паходзіць з вугалю, што адпавядае палітыцы чыстага клімату Эўрапейскага Зьвязу. Эўрапейскія дэпутаты ў прынятай у сьнежні рэзалюцыі «у напрамку энэргетычнага зьвязу» даюць зялёнае сьвятло атамнай энэргіі. Эўрапейскія палітыкі мяркуюць, што гэта добры спосаб змагацца з кліматычнымі зьменамі, паколькі АЭС не вырабляе вуглякіслага газу. Чым больш будуць каштаваць правы на выкіды СО2, тым большыя шанцы будаўніцтва АЭС.

Самая вялікая праблема – грошы. Будаўніцтва станцыі каштавала б у Польшчы 40-60 млрд. злотых. Ніводзін урад або інвэстар ня згодзіцца ўзяць на сябе такі выдатак, калі ня будзе ўпэўнены, што гэта выгадна.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт