Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве праходзіць Навуковы пікнік Польскага радыё

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.05.2016 13:24
  • Пікнік.mp3
У намёце Польскага радыё прайшла таксама сустрэча з журналістамі Беларускай рэдыкцыі.
radyjo.net

У Варшаве праходзіць юбілейны 20 Навуковы пікнік Польскага радыё й Цэнтра навукі Капэрнік. Апэрацыйныя сталы, апэрацыі перасадкі органаў, эндаскопы, якія зазіраюць у найбольш далёкія куткі арганізму, сучасная апаратура – 20 Навуковы пікнік набліжае сувязь навукі са здароўем.

У сёлетняй імпрэзе, якая праходзіць пад лёзунгам “Здароўе”, прымае ўдзел 200 выстаўцаў. “Прагрэс у ахове здароўя – зьяўляецца самым каштоўным праявам разьвіцьця людзкой цывілізацыі”, - чытаем на старонцы Цэнтра навукі Капэрнік.

На пікніку можна пабачыць хірургічнага робата, які ратуе жыцьцё, можна паглядзець на штучнае сэрца й праверыць, ці біядэградавальныя імпланты раскладваюцца, даведацца чым хварэлі людзі вякі таму, а нават дыназаўры.

Напрыклад, у намёце Клінічнага шпіталя імя Анны Мазавецкай можна пазнаёміцца са штодзённым жыцьцём у адным з варшаўскіх шпіталёў, паразмаўляць зь лекарамі й мэдсёстрамі, паглядзець апэрацыйную, кабінэт дыягностыкі й тэрапію неданошаных дзяцей.

На пікніку прысутнае таксама Польскае радыё. Там кожны можа праверыць, ці ён мае голас радыёжурналіста, паглядзець, як адбываецца мантаж гуку ці як працуе журналіст, які рыхтуе ў эфір свой сюжэт. Можна сустрэцца з вядомымі асобамі Польскага радыё. Акрамя гукавых варштатаў, дзеці могуць паўдзельнічаць у конкурсах, пленэрных гульнях ды іншых цікавых прапановах.

У намёце Польскага радыё прайшла таксама сустрэча з журналістамі Беларускай рэдакцыі. Мы расказалі пра Беларусь, правялі конкурсы на беларускую тэматыку, запрапанавалі пабыць беларускім журналістам і, канешне, раздалі мноства падарункаў!

Маладыя ўдзельнікі пікніку змаглі адчуць сябе журналістам нашай рэдакцыі й прачытаць у мікрафон тэкст пра здароўе. (Як у іх гэта атрымалася, слухайце ў далучаным гукавым файле).

Наведвальнікі пікніку актыўна ўдзельнічалі ў віктарынах, прысьвечаных Беларусі, у гэтым беларускаму спорту. Яны адказвалі на пытаньні пра беларускіх спартоўцаў, алімпійцаў, папулярныя віды спорту сярод беларусаў, а таксама адгадвалі, як перакласьці на польскую мову розныя часткі цела й органы, якія гучалі па беларуску.

Акрамя гэтага ў нашым намёце можна было паглядзець, як выглядае масаж твары.
Іншыя рэдакцыі Польскага радыё для замежжа таксама знаёмілі прысутных з краінамі суседкамі Польшчы. Украінская рэдакцыі, між іншым, прэзэнтавала ўкраінскі гапак і традыцыйную украінскую вышыўку. Ня менш цікавай была прапанова калег з расейскай рэдакцыі, якія ладзілі тэматычныя віктарыны й запрасілі Яну Скаржэўскую, якая зайграла на гітары й засьпявала на расейскай мове.

Гэта толькі некаторыя падзеі, якія праходзілі на нацыянальным стадыёне ў Варшаве.

/

/

/

/

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт