Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка заваёўвае статус Аліева й Назарбаева

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.05.2016 23:55
  • Лукашэнка заваёўвае статус Аліева й Назарбаева.mp3
«Візыт да Папы Рымскага – гэта прарыў і не прарыў адначасова», – кажа палітоляг Рыгор Астапеня.
Фота: Антон Матолька, gazetaby.comФота: Антон Матолька, gazetaby.com

Аляксандар Лукашэнка неўзабаве можа стаць такім жа «прыймальным» на захадзе палітыкам, як аўтарытарны кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў ці ўладар Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Такое меркаваньне выказаў экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня. У сёньняшнім «Палітычным люстэрку» Рыгор Астапеня і Аляксандар Папко высьвятляюць, ці дзякуючы сустрэчы сустрэчай з Папам Рымскім Аляксандру Лукшэнку ўдалося вырвацца зь міжнароднай ізаляцыі, чым абернецца скарачэньне дзяржаўных выдаткаў у Беларусі і чаму флягманы беларускага машынабудаваньня некалькі гадоў запар узначальваюць сьпіс стратных прадпрыемстваў.

Уладам заўсёды будзе патрэбны спарынг-партнэр

Тацьцяна Караткевіч, адна з кіраўнікоў кампаніі «Гавары Праўду» і галоўны апанэнт Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, падчас сваёй рэгістрацыі не сабрала неабходнай колькасьці подпісаў. Улады зарэгістравалі яе нягледзячы на тое, што ў камісію былі прадстаўлены тысячы фальшывых подпісаў. Скандальныя зьвесткі апублікаваў 19 траўня супрацоўнік штабу кандыдыткі Яраслаў Берніковіч. Дзеля чаго ўлады зарэгістравалі Караткевіч і ці можа такая сытуацыя паўтарыцца на будучых выбарах?

Р. Астпеня: Насамрэч уладам заўсёды патрэбны кандыдат ад апазыцыі, каб легітымізаваць выбары як для Захаду, так і для ўнутранага спажыўца. Яны хочуць, каб людзі бачылі ў выбарчы рытуале нейкі сэнс, каб удзельнічалі ў ім. Таксама ўладам патрэбна, аб апазыцыя была раз’яднаная, каб апазыцыянэра канфліктавалі з-за ўдзелу адных і байкоту іншых. Цяжка сказаць, ці ў 2020 годзе ўлады пойдуць на рэгістрацыю кандыдатаў, якія не сабралі неабходнай колькасьці подпісаў. Аднак мы ўжо бачым, што дзьве выбарчыя кампаніі запар улады рэгіструюць усіх ахвотных. Наўрад ці ўлады адмовяцца ад гэтага інструмэнту, калі ён будзе адпавядаць іх інтарэсам.

Лукашэнка выходзіць з ізаляцыі...малымі крокамі

21 траўня Аляксандар Лукашэнка й яго сын Мікалай пабывалі на аўдыенцыі ў Папы Рымскага. Кіраўнік Беларусі ўжо ў чацьверты раз запрасіў Папу ў Беларусь. Аляксандар Лукашэнка падарыў пантыфіку копію крыжа Эўфрасіньні Полацкай, абраз і мадэль карэты, зробленую з макаронаў. Аляксандар Лукашэнка выйшаў на эўрапейскую палітычную арэну – аб’явілі дзяржаўныя СМІ. Крыніцы ў Ватыкане заяўляюць, што сустрэча была чыстай фармальнасьцю. Такія спатканьні з Папам «пастаўленыя на канвэер». Што мы назіраем – дыпляматычны прарыў ці надзіманьне шчокаў, каб пашантажаваць Расею?

Р. Астпеня: Гэта прарыў і не прарыў адначасова. Аляксандар Лукашэнка выбраў візыт да Папы, бо Папа Рымскі не адмаўляецца ад сустрэчаў з любымі асобамі – за рэдкім выключэньнем. Ніякіх цяжкасьцяў у арганізацыі такога візыту быць не магло. Зь іншага боку, гэта прарыў, бо Аляксандар Лукашэнка спрабуе стаць «прымальным» на Захадзе. Ён разумее, што ня можа пачынаць з сустрэчы з кіраўнікамі буйных заходніх краінаў. Ён павінен пачынаць з Рымскага Папы, з прэзыдэнта Італіі, які нават у самой Італіі нічога не вырашае. Беларускія ўлады паставілі за мэту паступова, крок за крокам стаць «прыймальнымі» на Захадзе. Дзякуючы гэтаму, у будучыні Лукашэнка можа стаць у адзін шэраг з Назарбаевым альбо Аліевым.

Наўрад ці Крэмль успрыме гэта як шантаж Расеі. У Крамлі разумеюць, што занадта далёка Лукашэнка пайсьці ня можа. Ён занадта залежны ад Расеі. Яму няма чаго запрапанаваць Захаду. Заходнія фірмы не зацікаўленыя інвэставаць у беларускія прадпрыемствы, урады й бізнэсмэны не зацікаўленыя ў тым, каб разбудоўваць стасункі зь Беларусьсю.

Эканомія значыць адно: грошай больш няма

Дзяржаўныя выдаткі будуць скарочаныя на 7% – заявіў 22 траўня міністар фінансаў Беларусі Ўладзімір Амарын. Ён паабяцаў, што скарачэньне не закране «неадкладных патрэбаў бюджэтнай сфэры». А зьмяншэньня выдаткаў можна дамагчыся «больш эфэктыўным выкарыстаньнем бюджэтных сродкаў». Што міністар меў на ўвазе? Як будзе дасягацца «большая эфэктыўнасьць»? Як эканомія адабʼецца на грамадзянах?

Р. Астапеня: Насамрэч ніякай эканоміі няма. У дзяржавы проста скончыліся грошы. Пра эфэктыўнасьць дзяржаўных выдаткаў неаднаразова заяўлялі самі беларускія чыноўнікі: чым больш яны даюць грошай прадпрыемствам, тым менш эфэктыўна яны выкарыстоўваюцца. Сумным прыкладам зьяўляюцца беларускія цэмэнтныя заводы, якія былі мадэрнізаваныя за вялікія грошы, але ўсё роўна засталіся стратнымі. Калі зразумець, што «эканомія» азначае простую адсутнасьць грошай, то наступствы становяцца прадказальнымі – гэта скарачэньні на прадпрыемствах і затрымкі выплаты заробкаў. У Віцебскай вобласьці ўжо больш за 100 прадпрыемстваў маюць запазычанасьці перад супрацоўнікамі. У выніку прадпрыемствы будуць банкруціцца й вырасьце беспрацоўе.

Беларускія аўтагіганты выміраюць, бо не вытрымліваюць глябальнай канкурэнцыі

Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала справаздачу па дзейнасьці беларускіх акцыянэрных таварыстваў за мінулы год. Сьпіс найбольш прыбытковых узначальваюць прадпрыемствы, якія экспартуюць сыравіну – «Беларуськалій», «Газпром Трансгаз» і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, а таксама фінансавая ўстанова – Банк разьвіцьця. Сярод лідараў па стратах – Беларускі мэталюргічны завод, Сьветлагорскі цэлюлёзны камбінат і ўсе цэмэнтныя заводы. Страты каторы год запар прыносяць славутыя прадпрыемствы машынабудаваньня – МАЗ і МТЗ. Пра што гэта сьведчыць? Як у сьпісе прыбытковых акцыянэрных таварыстваў мог апынуцца Банк разьвіцьця, які выдае «таксычныя» крэдыты для стратных прадпрыемстваў? Чаму сярод прыбытковых акцыянэрных таварыстваў няма славутых беларускіх фірмаў ІТ?

Р. Астапеня: Са стратнымі прадпрыемствамі машынабудаваньня ўсё даволі проста – яны не вытрымліваюць сусьветнай канкурэнцыі. Калі казаць пра жлобінскі мэталюргічны завод, то ён адчувае такія ж цяжкасьці са збытам уласнай прадукцыі, якія адчуваюць прадпрыемствы гэтай галіны ва ўсім сьвеце. Кожнае ж прыбытковае прадпрыемства – гэта асобны выпадак. Банк разьвіцьця – гэта дзяржава ў дзяржаве. Ён вельмі адвольна трактуе ўласныя кампэтэнцыі. Напрыклад, ён узяўся за тое, каб захоўваць бацькоўскі капітал, што прынясе велізарныя грошы. Ён выкупляе таксычныя крэдыты, аднак, калі дзяржава працягвае па іх плаціць, то прыбыткі ад іх значна вышэйшыя, чым у выпадку крэдытаў камэрцыйных банкаў, якія працуюць з добрымі актывамі.

Калі казаць пра прадпрыемствы ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў, кшталту распрацоўшчыкаў праграмаў Wargaming ці EPAM Systems, то яны ў статыстыку Мінфіна не ўваходзяць. Гэта не ААТ, а замежныя прадпрыемствы з абмежаванай адказнасьцю. Юрыдычна, гэта не беларускія кампаніі. Яны выконваюць паслугі для свайго цэнтральнага офісу, які знаходзіцца ў ЗША (у выпадку EPAM) ці на Кіпры (у выпадку Wargaming).

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт