Logo Polskiego Radia
Print

Польшча прымае ўдзел у кааліцыі супраць Ісламскай дзяржавы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.06.2016 15:08
Лепш паслаць некалькі сотняў салдат, чым глядзець на трагедыю мільёнаў людзей і нічога не рабіць.
Foto: facebook.com

Згодна з рашэньнем прэзыдэнта Анджэя Дуды, польскія жаўнеры выедуць на паўгода змагацца супраць Ісламскай дзяржавы. Пачатак апэрацыі – 20 чэрвеня. 150 салдат і ваенных супрацоўнікаў вылятае ў Кувэйт, а 60 – у Ірак – піша «Polska The Times». У Глябальнай кааліцыі па барацьбе з Ісламскай дзяржавай удзельнічае 66 дзяржаў. Яшчэ ў лютым кіраўнік Міністэрства абароны Антоні Мацярэвіч паведамляў, што Польшча далучыцца да кааліцыі. Тады ўсе арабскія СМІ пісалі прама, што Польшча ідзе на вайну з Ісламскай дзяржавай. А экспэрты па міжнароднай бясьпецы перасьцерагалі, што гэта можа павялічыць небясьпеку тэрактаў у краіне. Тым больш, што палякі ладзяць неўзабаве два важныя міжнародныя мерапрыемствы – саміт NATO і Дні моладзі.

Рашэньне аб удзеле Польшчы ў кааліцыі крытыкуе апазыцыя. Былы міністар абароны Томаш Семоняк заявіў, што мэта місіі невядомая, паколькі яна не зьяўляецца апэрацыяй NATO. Хваля крытыкі не зьдзіўляе, паколькі яна паяўляецца заўсёды, калі гаворка ідзе пра высыланьне жаўнераў за мяжу. Апанэнты кажуць таксама пра неэфэктыўнасьць такіх кааліцый. З гэтым не згаджаецца ваенны карэспандэнт Марцін Агдоўскі, які адзначае, што заходняя дапамога патрэбная, і яна эфэктыўная, аб чым сьведчыць тое, што за крыху больш чым год тэрыторыя ІСІС скарацілася амаль на палову.

Ці можна спадзявацца, што апэрацыя закончыць канфлікт у Сырыі? На думку Агдоўскага, так не станецца, але лепш паслаць некалькі сотняў салдат, чым глядзець на трагедыю мільёнаў людзей і нічога не рабіць. Дарэчы, Польшча чакае таксама карысьці для сябе, што дзякуючы яе ўдзелу ў апэрацыі, НАТО згодзіцца значна ўзмацніць свой усходні флянг.

Polska The Times/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт