Logo Polskiego Radia
Print

Рэвалюцыя ў польскай сыстэме адукацыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.06.2016 15:02
Вяртаецца васьмігадовая пачатковая школа, гімназій ня будзе.
photo: pixabay.com/Creative Commons CC0

Міністар адукацыі Польшчы Анна Залеўска аб’явіла ўчора чарговую рэформу сыстэмы адукацыі. Вяртаецца васьмігадовая пачатковая школа – чытаем у выданьні «Gazeta Wyborcza». Цяпер дзеці вучацца шэсьць гадоў у базавай школе, пазьней тры гады ў гімназіі, тры ў ліцэі або чатыры ў тэхнікуме. «Права і справядлівасьць» абяцала яшчэ перад выбарамі ліквідаваць гімназіі. Аднак супраць гэтага кроку пратэставалі некалькі соцень тысяч асоб, якія падпісаліся пад лістом Зьвязу польскіх настаўнікаў. Таму зьмены крыху затармазілі.

Залеўска заявіла, што рэформа будзе ўведзена ў верасьні 2017 года. Замест шасьці гадоў пачатковай школы і трох гадоў гімназіі, вяртаецца сыстэма, якая існавала ў Польшчы да 1999 года: зноў будзе васьмігадовая пачатковая школа, з такой розьніцай, што вучні першых клясаў на адзін год даўжэй будуць працаваць з адным настаўнікам – чатыры гады, а не тры, як цяпер. У чацьвёртым клясе паступова пачнуць уводзіць розныя прадметы – гісторыю, матэматыку, прыродазнаўства. Зь пятага клясу пачнецца ранейшы «гімназічны этап». Муніцыпальныя органы самі вырашаць, ці дзеці ў старэйшых клясах будуць вучыцца ў тым жа будынку, ці ў іншым, але фармальна гэта будзе адна і тая ж школа – з адным дырэктарам і адміністрацыяй.

Невядома, колькі зьмены будуць каштаваць. Невядома таксама, якіх прадметаў будзе менш, каб вучні маглі мець больш урокаў гісторыі, што прапануе ўрад. Магчыма, урокаў агулам будзе больш. Невядома, што станецца з прыватнымі гімназіямі. Ці яны, напрыклад, змогуць стаць пачатковымі школамі і прыняць вучняў з клясаў 5-8. Пытаньняў шмат, адказы пазнаем неўзабаве.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт