Logo Polskiego Radia
Print

Р. Астапеня: У Беларусі адбылася эканамічная рэвалюцыя

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.07.2016 18:36
  • У Беларусі адбылася эканамічная рэвалюцыя.mp3
«Некаторыя рэформы ўжо спыніць немагчыма» – лічыць аналітык.
pixabay.com/Public Domain CC0

У Беларусі ідзе эканамічная рэвалюцыя – сьцьвярджае экспэрт дасьледчага Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня. У чым заключаецца гэтая рэвалюцыя? Наколькі стабільным будзе новы беларускі рубель? І ці ўсьлед за вышыванкай беларускія ўлады не легалізуюць «Пагоню»? Гэтыя ды іншыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Рыгор Астапеня і Аляксандар Папко.

Астапеня: Рэвалюцыя адбылася ўжо некалькі гадоў таму

Галоўная падзея мінулага тыдня – безумоўна, дэнамінацыя. Ад цэньнікаў адкінулі чатыры нулі, беларусы перасталі быць «мільянэрамі», а ў краіне зьявіліся новыя прыгожыя грошы, вельмі падобныя на эўра. Некаторыя эканамісты сьцьвярджаюць, што новыя грошы будуць стабільнымі – гэта значыць, што упершыню за ўсе гады незалежнасьці інфляцыя зьнізіцца да 1%-2%. Аднак тады дзяржава павінная перастаць друкаваць грошы з мэтай патрымаць стратныя прадпрыемствы. Нас чакаюць рэвалюцыйныя зьмены ў эканамічнай палітыцы? Наколькі трывалым будзе новы рубель?

Р. Астапеня: Насамрэч рэвалюцыя адбылася ўжо некалькі гадоў таму, калі Павал Калаўр узначаліў Нацбанк пасьля многіх гадоў некампэтэнтнасьці Пракаповіча й Ермаковай. Аднак і сёньня размовы пра інфляцыю ў 1%-2% у год не вядзецца. Улады арыентуюцца на паказчык у 12%. Беларуская дзяржава працягвае даваць грошы стратным прадпрыемствам, калі бачыць, што іначай яны збанкрутуюць. Найлепшы прыклад – гэта «Гомсельмаш», якому ў мінулым годзе дзяржава выдала 400 мільёнаў даляраў. Гэта было ўжо пры новым кіраўніцтве Нацбанку, пры лібэральным урадзе, калі памочнікам прэзыдэнта працаваў Кірыл Руды... Гэта паказвае, што сёньняшняя эканамічная палітыка мае пэўныя абмежаваньні. Калі паўстае пытаньне аб банкруцтве прадпрыемства – дзяржава дае грошы.

Руды сышоў. Разам зь ім сышлі рэформы?

Папулярызатар рынкавых рэформаў, дарадца кіраўніка краіны па эканамічных пытаньнях Кірыл Руды пакінуў сваю пасаду. Пасьля трох гадоў працы ў Менску ён пераедзе працаваць амбасадарам у Кітай. Сыход Рудага сымбалізуе разьвітаньне з надзеямі на рынкавыя рэформы ў Беларусі?

Р. Астапеня: Магчымым індыкатарам таго, ці варта разьвітвацца з рэформамі, стане асоба новага дарадцы Аляксандра Лукашэнкі па эканоміцы. Калі вернецца нейкі рэтраградны чыноўнік – то напэўна гэта будзе азначаць паразу Рудага. Але падаецца, што некаторыя рэформы ў Беларусі ўжо спыніць немагчыма – бо зьмянілася эканамічная парадыгма. Адказ на пытаньне: «Ці трывалай акажацца спадчына Кірыла Рудага?» залежыць ад таго, ці здолеў ён завяршыць дамову з Міжнародным валютным фондам. Калі так – то ягоныя рэформы будуць працягнутыя. Калі не – то гэта будзе першая прыкмета паразы.

АЭС не акупляецца. Што рабіць?

Урад пакуль ня ведае, куды прадаць электраэнэргію, якая будзе выпрацоўвацца на Беларускай АЭС. Станцыю будавалі з надзеяй, што патрэбы ў электрычнасьці ў рэгіёне будуць расьці, але крызыс перакрэсьліў гэтую надзею. Пра гэта 30 чэрвеня заявіў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Каб зьесьці лішкі энэргіі віцэ пр-мер прапанаваў электрыфікаваць чыгункі, запусьціць электрабусы ў гарадах, а таксама…электрыфікаваць вёскі ў Чарнобыльскай зоне. Ці акупіцца будзе Беларуская АЭС і ці зможа краіна вярнуць Расеі 10-мільярдны крэдыт, выдадзены на яе пабудову?

Р. Астапеня: Акупляльнасьць АЭС заўсёды знаходзілася пад пытаньнем, і гэтае пытаньне будзе стаяць яшчэ доўга. Посьпех праекту залежыць ад таго, ці ўдасца Беларусі прадаваць энэргію ў краіны Балтыі альбо электрыфікаваць саму краіну. Напрыклад, дагэтуль у Беларусі дамінуюць газавыя пліты, якія зьяўляюцца менш эфэктыўнымі, чым электрапліты. Таму беларускія ўлады будуць намагацца зрабіць так, каб спажываньне электраэнэргіі павялічвалася. Пытаньне ў тым, ці будуць гэтыя захады эканамічна мэтазгоднымі. Электрабусы па сваёй эфэктыўнасьці не пераўзыходзяць звычайныя тралейбусы, але каштуюць значна даражэй. Паўстае пэўная пастка: намагаючыся акупіць АЭС, беларускія ўлады будуць рабіць тое, што эканамічна немэтазгодна.

Лукашэнка легалізаваў вышыванку, «Пагоня» – наступная

Прыемная навіна мінулых 7 дзён – гэта «рэабілітацыя» нацыянальных сымбаляў. 2 чэрвеня ў цэнтры Менску гарадзкія ўлады Міністэрства культуры і БРСМ правялі масавае шэсьце ў вышыванках. Якія нацыянальныя сымбалі «рэабілітуюць» далей – можа, «Пагоню» й бела-чырвона-белы сьцяг?

Р. Астапеня: Я ня думаю, што адбылася «рэабілітацыя» вышыванкі. Адбыўся перахоп ініцыятывы. Беларускі арнамэнт быў на дзяржаўнай сымболіцы. Аляксандар Лукашэнка апранаў вышыванку і раней – і апранаў яе ня толькі на сябе, але й на Ўладзімера Пуціна, хоць вышыванка тады яшчэ не была сымбалем нацыянальнай эмансыпацыі. «Пагоня» можа прайсьці той жа самы шлях. Яна знаходзіцца на гербах беларускіх гарадоў – напрыклад, на гербе Віцебскай вобласьці.

Наогул, стаўленьне да «Пагоні» зьмяняецца. Мы бачым тое, што вядучы АНТ апранае саколку з «Пагоняй», фатаграфуецца зь ёй. Як ён сам сьцьвярджае, усе вельмі хутка «пераапранаюцца», і кіраўніцтва каналу «пераапранаецца» таксама. Так што хто ведае – можа празь некалькі гадоў «Пагоня» стане нефармальным гербам Беларусі нават для сёньняшніх уладаў.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт