Logo Polskiego Radia
Print

Масква дамагаецца ад NATO тлумачэньняў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.07.2016 15:30
  • Масква дамагаецца.mp3
У Брусэлі адбываецца сустрэча амабсадараў краін NATO й Расеі.
Foto: EPA/VALDA KALNINA

Пасьля двухгадовага перапынку, выкліканага расейскім захопам Крыму ды вайной на ўсходзе Ўкраіны, NATO ды Крэмль узнавілі размовы.

Ужо ў другі раз у гэтым годзе ў Брусэлі праходзіць сустрэча амбасадараў Альянсу й Расеі ў рамках Рады NATO-Расея. Сустрэча праходзіць адразу пасьля завяршэньня варшаўскага саміту NATO, на якім былі прынятыя рашэньні адносна павялічэньня вайсковага кантынгенту Альянсу ў краінах гэтак званага ўсходняга флянгу. Альянс накіроўвае па тысячы жаўнераў у Польшчу, Летуву, Латвію ды Эстонію. Улады Альянсу хочуць сказаць Маскве, што гэта не пагроза для яе. З Брусэля перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Гэта другая сустрэча амбасадараў NATO й Расеі з моманту абмежаваньня кантактаў з Масквой пасьля анэксіі Крыма два гады таму. Першая сустрэча мела месца сёлета ў красавіку. Генсакратар НАТО заявіў, што сустрэча ладзіцца таму, што Расея - сусед алянса ды сталы чалец Рады бясьпекі ААН. І таму, паводле яго, Пакт не павінен ізаляваць Расеі. Аднак сустрэча не азначае вяртаньня да нармальнага супрацоўніцтва з Расеяй. NATO не пагаджаецца на захоп Крыму ды падтрымку данбаскіх сэпаратыстаў. Прадстаўнікі краін NATO хочуць размаўляць з расейскім амбасадарам пра выкананьне менскіх дамоўленасьцяў і пра правакацыі Масквы ў Балтыйскім моры.

У сваю чаргу Крэмль таксама мае пытаньні да Паўночнаатлянтычнага альянсу. На сёньняшнюю сустрэчы расейскія прадстаўнікі прыехалі з доўгім сьпісам заўваг ды патрабаваньняў. З Масквы перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі.

Мацей Ястжэмбскі: Расейскае МЗС патрабуе тлумачэньня адносна прынятых у Варшаве рашэньняў. Масква занепакоеная ўзмацненьнем натаўскіх кантынгентаў ля сваіх межаў. Расейскія ўлады не пагаджаюцца на разбудову натаўскага супрацьракетнага шчыта ды павялічэньня колькасьці натаўскіх караблёў у Чорным моры. Расейскія прадстаўнікі паехалі ў Брусэль з прапановай сумеснага мэханізму пазьбяганьня вайсковых інцыдэнтаў на Балтыцы ды інтэнсыфікацыі барацьбы з тэрарызмам. Масква спадзяецца, што ў адносінах з NATO пераможа здаровы сэнс.

Іншага меркаваньня прытрымліваецца расейскі вайсковы аглядальнік Павел Фельгенгаўэр. Адмысловец перакананы, што на дадзены момант размовы паміж NATO й Расеяй ніякіх канкрэтных вынікаў не дадуць.

Павел Фельгенгаўэр: Гэта як сустрэчы з часоў Халоднай вайны, каб пабачыцца ды плюнуць адзін аднаму ў вочы. Тое, што Пуцін у Фінляндыі пагадзіўся на транспондэры, ён мог ня ведаць пра тое, што нашы вайсковыя самалёты ніякіх транспондэраў ня маюць. Амэрыканцы таксама нічога не зьбіраюцца ўключаць. Таму выглядае на тое, што ніводны бок не гатовы на саступкі. Усё застанецца на ўзроўні прапаганды кшталту «NATO агрэсіўны блёк», з другога боку будзе нешта падобнае.

У Брусэлі адбыўся чарговы раунд размоваў паміж NATO й Расеяй. Бакі абмяняліся ўзаемнымі прэтэнзіямі, прарыву ў адносінах не адбылося.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт