Logo Polskiego Radia
Print

У Ерусаліме пахавалі Шымона Пэрэса

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 30.09.2016 13:53
  • У Ерусаліме пахавалі Шымона Пэрэса.mp3
"Адышоў апошні з пакаленьня заснавальнікаў Ізраіля", - казаў на пахаваньні Барак Абама.
PAP/EPA/AMOS BEN GERSHOM / HANDOUT

У Ерусаліме пахавалі былога прэзыдэнта й двухразовага прэм’ер-міністра Ізраіля, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне міру Шымона Пэрэса. Яго пахавалі на дзяржаўных могілках на Гары Герцля побач зь іншымі ізраільскімі лідарамі.

У пахаваньні прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў дэлегацый з усяго сьвету. У Ерусалім прыехалі многія сусьветныя лідары, між іншым, прэзыдэнт ЗША Барак Абама, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, прынц Уэльскі Чарльз, гішпанскі кароль Філіп VI, а таксама прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда й старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск.

З Шымонам Пэрэсам разьвітваліся сям’я, сябры, ізраільскія палітыкі й звычайныя грамадзяне. Галоўныя ўрачыстасьці прайшлі каля спэцыяльна падрыхтаванай сцэны, на якой стаяла труна, накрытая дзяржаўным сьцягам.

Прэм’ер Ізраіля Біньямін Нэтаньяху цёпла ўспамінаў свайго папярэдніка. Палітык казаў, што Пэрэс быў вялікай постацьцю як для Ізраіля, так і для сьвету.

Б. Нэтаньяху: Шымон Пэрэс зрабіў незвычайныя рэчы. Ён быў вялікім чалавекам для Ізраіля, быў вялікім чалавекам для сьвету. Але ў яго спадчыне мы бачым надзею.

Падчас паховін прамаўляў таксама Барак Абама. «Шымон Пэрэс ведаў, што гарантыяй бясьпекі для Ізраіля зьяўляецца не перамога над ворагамі, але мір зь імі», – казаў амэрыканскі лідар. Ён падкрэсьліў, што Шымон Пэрэс заўсёды верыў, што будучыня можа быць лепшай, ён умеў перадаваць гэты аптымізм іншым.

Б. Абама: Шымон Пэрэс нагадвае нам, што дзяржава Ізраіль, як і ЗША, не была пабудаваная цынікамі. Абедзьве дзяржавы існуюць, паколькі нашы продкі не хацелі быць зьняволенымі мінулым і цяжкой сучаснасьцю. Шымон Пэрэс ніколі ня быў цынічным. Ён меў веру, аптымізм, перакананьне, што заўтра можа быць лепшым, нягледзячы на тое, што нішто пра гэта ня сьведчыла. Адышоў апошні з пакаленьня заснавальнікаў Ізраіля. Шымон дасягнуў у жыцьці столькі, колькі тысяча чалавек.

Шымон Пэрэс нарадзіўся ў 1923 годзе ў Вішневе, цяперашняй Беларусі. У 30-х гадах разам з бацькамі ён іміграваў у Палестыну. Пад канец Другой сусьветнай вайны ён дзейнічаў у сакрэтнай дыпляматыі, рыхтуючы ўзьнікненьне габрэйскай дзяржавы. Шымона Пэрэса паўсюдна лічаць адным з бацькаў сучаснага Ізраіля.
Палітыка называлі палітычным «ястрабам» і лічылі прыхільнікам сілавых вырашэньняў канфліктаў. З часам ён памяняў стыль сваёй палітыкі, пачаў больш цаніць кампрамісы й саступкі, чым радыкальныя крокі. У 1992 годзе ён стаў міністрам замежных спраў ва ўрадзе Іцхака Рабіна й распачаў сакрэтныя перамовы з палестынцамі. Разам з Рабінам ён апрацаваў мірную стратэгію для Блізкага Ўсходу.

У чэрвені 2007 году Шымон Пэрэс быў абраны дзявятым прэзыдэнтам Ізраіля. Пасаду ён займаў да ліпеня 2014 году.

У 2008 годзе Шымон Пэрэс прыбыў зь візытам у Польшчу. Тады ён казаў, што хоць Ізраіль быў прымушаны ўдзельнічаць у шматлікіх войнах і выйшаў зь іх пераможцам, то краіна надалей цэніць згоду й паразуменьне.

Ш. Пэрэс: Мір для міру. Мы вярнулі Эгіпету ўсе яго землі, нафту й ваду, каб дасягнуць мір. Мы таксама вярнулі ваду й землі Ярданіі, каб дасягнуць мір. Мы таксама гатовыя адмовіцца ад зямлі, каб атрымаць сапраўдны мір з палестынцамі й даць ім магчымасьць заснаваць уласную дзяржаву, якая будзе эканамічна квітнець і кахаць свабоду.

Шымон Пэрэс гаварыў таксама пра польска-ізраільскія стасункі. Ён казаў, што нягледзячы на геаграфічную адлегласьць, краіны блізкія палітычна. Палітык адзначаў, што цэніць Польшчу за тое, што яна адназначна й выразна выказваецца ў важных справах.

Ш. Пэрэс: Мы не зьяўляемся геаграфічнымі суседзямі. Але я веру, што паміж намі ўзьнікла палітычная сувязь. Сёньня ў сьвеце адлегласьці не такія важныя. Найбольшае значэньне мае погляд на сьвет. Польшча выразна й голасна выказала сваю падтрымку Ізраілю й выразна сказала, што выказваецца супраць Ірана.

У апошніх гадах жыцьця Шымон Пэрэс надалей актыўна працаваў на карысьць ізраільска-палестынскага прымірэньня. Ён памёр 28 верасьня ва ўзросьце 93 гадоў.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт