Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія прадпрыемствы могуць каціравацца на варшаўскай біржы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.10.2016 11:57
Падчас эканамічнага форуму плянуецца падпісаць мэмарандум аб стварэньні польска-беларускага цэнтра IPO.
foto: gpw.pl

«Беларусь адкрывае рынак» – гэтак гучыць загаловак артыкулу на першай паласе выданьня «Rzeczpospolita». У панядзелак на двухдзённы эканамічны форум едзе ў Менск віцэ-прэм’ер Польшчы Матэўш Маравецкі. Гаспадароў будзе прадстаўляць віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. Падчас форуму плянуецца падпісаць мэмарандум аб стварэньні польска-беларускага цэнтра IPO (з анг. мовы – дэбют на біржы).

Гэта будзе цэнтар падрыхтоўкі кадраў упраўленьня і супрацоўнікаў, якія займаюцца фінансамі беларускіх прадпрыемстваў. Гаворка ідзе пра перадачу ведаў на тэму біржы каштоўных папер, – гаворыць старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі. У праекце ўдзельнічаюць Польская біржа каштоўных папер і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Падрыхтаваныя экспэртамі прадпрыемствы маглі б увайсьці на варшаўскую біржу. У Беларусі ёсьць фірмы, якія зацікаўленыя ў такім кроку. Польскі рынак капіталаў цікавы для іх перш за ўсё дзякуючы багатаму досьведу эканамічнай трансфармацыі. З пачатку свайго кіраваньня краінай А. Лукашэнка паўтараў ня раз, што ён супраць прыватызацыі дзяржаўных фірмаў. Аднак, відаць, пагаршэньне эканамічнай сытуацыі прымушае яго адкрыць беларускую эканоміку на сьвет. Беларускія аналітыкі адзначаюць, што працэс прыватызацыі ўжо пачаўся. Гаворка ідзе пра продаж Белінвэстбанку, а таксама банку Мінск-Масква, а нават адной чацьвёртай акцый Беларусбанку.

Ці акцыі беларускіх фірмаў карысталіся б вялікім посьпехам на варшаўскай біржы? Экспэрты кажуць, што хутчэй не, паколькі самай вялікай перашкодай зьяўляецца палітычная рызыка. Выключэньне – сэктар ІТ, паколькі гэтая галіна ў Беларусі даволі цікавая.

У кантактах зь Беларусяй трэба мець прагматычны падыход – піша камэнтатар выданьня. Дзяржава ніколі ня станецца часткай Захаду, паколькі яна моцна зьвязаная з Расеяй, але Беларусь можна павязаць з Захадам эканамічным вузлом, каб яна адкрыла межы, упусьціла турыстаў. І цяпер якраз прыйшоў такі момант. Дзякуючы гэтаму растуць шанцы, што адзін з суседзяў Польшчы будзе далей спакойны і стабільны.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт