Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы ўзгадваюць Слуцкі збройны чын

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 21.11.2016 13:46
  • Слуцкі збройны чын.mp3
Хоць Слуці чын закончыўся паразай, то ён мае агромнае значэньне для нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.

Традыцыйна ў другой палове лістапада беларусы ўзгадваюць Слуцкі збройны чын, які называюць Днём герояў. 21 лістапада 1920 году Рада Случчыны выдае дэклярацыю, у якой заклікае сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». І хоць Слуці чын закончыўся паразай, то ён мае агромнае значэньне для нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.

Пад канец 1920 году была створана Слуцкая рада, якая на тэрыторыі павета аднавіла ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі. Пачалі стварацца ваенныя падразьдзяленьні зь мясцовых жыхароў, пераважна зь сялян, якія змагаліся супраць бальшавікоў.

21 лістапада 1920 году Рада Случчыны выдае дэклярацыю, у якой заклікае сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». «Абвяшчаючы аб гэтым і, зьяўляючыся выразіцелкай волі народу, Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднай Беларусі й бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту збоку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы, нават, сілаю аружжа, нягледзячы на колькасную перавагу ворага, думаючы, што наша справа – справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе», – гаварылася ў дэклярацыі.

27 лістапада пачаліся баявыя дзеяньні паміж слуцкім палком БНР і Чырвонай арміяй. Першапачаткова атрымлівалася стрымліваць войскі праціўніка, беларускія аддзелы мелі моцную падтрымку сярод мясцовага насельніцтва, разгортваўся актыўны антыбальшавіцкі супраціў. Усё ж колькасьць зброі была не дастатковай.

У выніку Масква перакінула на беларускі фронт дадатковыя часткі Чырвонай арміі і ў канцы сьнежня 1920 году паўстанцы былі вымушаныя адступіць на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якую кантралявалі польскія войскі. І хоць Слуці чын закончыўся паразай, то ён мае агромнае значэньне для нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.

Падзея пачала ўпісвацца ў гісторыю Беларусі толькі пасьля таго, як краіна атрымала незалежнасьць пасьля развалу Савецкага саюза. І гэта не было б магчымым без актыўнай працы гісторыкаў, патрыётаў, людзей, якія ўвесь час нагадваюць пра падзею, нягледзячы на перашкоды ўладаў. Паступова Слуцкі збройны чын становіцца часткаю нацыянальнай сьвядомасьці, паколькі паўстаньне падбудоўвае сёньняшнюю дзяржаўнасьць – кажа гісторык Алесь Краўцэвіч.

А. Краўцэвіч: Гэта вельмі важная падзея, паколькі жыхары Случчыны змагаліся не за кавалак хлеба ці за пана, а за сваю дзяржаву. Яны змагаліся за БНР. Гэта абсалютна сьвядомы палітычны чын. Гэта вельмі вялікая справа, якой не хапае сёньняшнім беларусам – адарвацца ад штодзённых праблем і крыху нечым ахвяраваць дзеля агульнай справы. У гэтым самае галоўнае Слуцкага збройнага чыну.

Слуцкае паўстаньне закончылася паразай, але ў той час яго вынік ня быў ажно такім прадказальным.

А. Краўцэвіч: Невядома было, як паўстаньне закончыцца, паколькі яго падтрымліваў польскі бок, польская адроджаная дзяржава. Паўстаньне пацярпела паразу й ня мела шанцаў па той прычыне, што быў падпісана мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. Канешне, калі супраць паўстанцаў кінулі цэлую армію, то ў іх ніякіх шанцаў не было. Але калі б сытуацыя выглядала б інакш, калі б краіны Антанты больш інтэнсіўна праводзілі эскпанцію супраць бальшавіцкай Расеі, то былі б шанцы абараніць беларускую дзяржаву.

Гісторыкі адзначаюць, што людзі, якія змагаліся ў Слуцкім паўстаньні – гэта героі, паколькі яны самыя хацелі вырашаць свой лёс. Гэта былі людзі, якія хацелі жыць і быць гаспадарамі на сваёй зямлі, якія не маглі быць абыякавымі й ішлі ваяваць.

Алесь Краўцэвіч перакананы, што ўгодкі Слуцкага збройнага чыну – гэта вельмі важнае сьвята для ўсёй Беларусі, паколькі гэта праява дабраахвотнай, сьвядомай барацьбы за сваю краіну. Ён нагадвае, што ў Беларусі засталіся месцы памяці пра гэтую падзею.

А. Краўцэвіч: Засталіся вёскі, дзе стаяць памятныя знакі, якія ўлады зьнішчаюць, а патрыёты аднаўляюць. Яшчэ можна знайсьці людзей сталага ўзросту, якія могуць памятаць пра тыя падзеі. У гэтым і важнасьць – гэта жывая рэч. Вельмі важна людзям, якія там жывуць, асабліва маладым, данесьці інфармацыю пра тыя падзеі, каб яны ёй ганарыліся, што іх дзяды й прадзеды ўдзельнічалі ў гэтай падзеі. Справа ў тым, што ў слуцкіх школах пра гэтую падзею ў савецкія часы не гаварылася. А месцы памяці, канешне, існуюць.

Празь дзеяньні паўстанцаў-случчакоў нават за мяжой даведаліся пра тое, што ў Беларусі ёсьць нездаволеныя несправядлівасьцю й зьдзекамі, прымусам і гвалтам улады. З 1980-х гадоў 27 лістапада адзначаецца пэўнай часткай беларускага грамадзтва як Дзень Герояў. Афіцыйная ўлада ігнаруе антыбальшавіцкае паўстаньне, гэтаксама як і ўсё зьвязанае зь Беларускай Народнай Рэспублікай.

ав/Wikipedia

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт