Парлямэнцкі крызыс у Польшчы: на саступкі павінны пайсьці ўсе
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
19.12.2016 13:33
Далейшая блякада трыбуны давядзе да росту палітычнай напружанасьці і паглыбленьня грамадзкіх падзелаў.
PAP/Marcin Obara
Усе выданьні шырока інфармуюць пра парлямэнцкі крызыс, які пачаўся ў Польшчы ў пятніцу. Кампраміс цяжка будзе знайсьці, але неабходна яго шукаць – адзначае ў выданьні «Polska The Times» сацыёляг праф. Ядвіга Станішкіс. Канешне, ніводная палітычная партыя ня любіць ісьці на саступкі, але тут павінны быць крокі з абодвух бакоў. Кампраміс мог бы заключацца ў тым, што апазыцыя дазволіць саступіць партыі «Права і справядлівасьць» паціху, без крыкаў. Самае важнае – ПіС і апазыцыя павінны распрацаваць новае, адзінае прадстаўленьне дэмакратыі. Дамовіцца, як яны разумеюць прынцыпы дэмакратыі. Без гэтага спрэчкі ўвесь час будуць вяртацца, у самых розных аспэктах.
У выданьні «Rzeczpospolita» інтэрвію з былым прэм’ер-міністрам Польшчы Лешакам Мілерам. Тэма тая ж – парлямэнцкі крызыс, блякаваньне сэймавай трыбуны дэпутатамі апазыцыйных партый. На думку суразмоўцы газэты, далейшая блякада трыбуны давядзе да росту палітычнай напружанасьці і паглыбленьня грамадзкіх падзелаў. А гэта можа давесьці да чорнага сцэнару. Ці будзе ў Польшчы Майдан – пытаецца журналіст. Не, Майдану ня будзе. Польшчы не пагражае кровапраліцьце. Гэта ня тыя падзеі, якія могуць выклікаць такі драматычны сцэнар. Усе бакі павінны быць зацікаўленыя, каб напружаньне панізіць. Але ініцыятыва ляжыць па баку кіруючых сілаў. Сьпікеры Сэйму і Сэнату, а таксама прэзыдэнт павінны ўзяць на сябе задачу вырашэньня тупіковай сытуацыі. Ад іх залежыць усё. Хай яны не забываюць, што дадзены крызыс вельмі дрэнна ўплывае на рэпутацыю Польшчы за мяжою, – нагадвае Лешак Мілер.
Polska The Times/Rzeczpospolita/нг