На мінулым тыдні ў польскім парлямэнце меў месца канфлікт паміж кіроўнай партыяй ды апазыцыяй. Нязгода прывяла да акупацыі залі паседжаньняў апазыцыяй ды вулічных пратэстаў перад Сэймам ды прэзыдэнцкім палацам. Кіроўная партыя “Права й справядлівасьць” запрапанавала спыніць варажнечу.
Прапанова дыялёгу прагучала сёньня на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністра Польшчы, кіраўнікоў Сэйму й Сэнату ды старшыні партыі “Права й справядлівасьць”. Старшыныя ПіС Яраслаў Качыньскі заклікаў апазыцыю прытрымлівацца існуючага заканадаўства ды вярнуцца да нармальнай працы ў парлямэнце. Ён выказаў спадзяваньне, што працягнутая далонь супрацы не будзе адрынутая.
Яраслаў Качыньскі: Мы перакананыя, што цяперашнія падзеі, якія парушаюць спакой многіх палякаў, гэта часовы інцыдэнт. Мы пойдзем далей на шляху посьпехаў да лепшай Польшчы. Адсюль наша прапанова для абмеркаваньня: каб так, як у Вялікабрытаніі, кожнае пятае паседжаньне Сэйму парадак дня вызначала апазыцыя.
У сваю чаргу прэ’ер-міністар краіны Бэата Шыдла заявіла, што палякі чакаюць ад палітыкаў дыялёгу, і выказала спадзяваньне, што апазыцыя пачуе ўрад, асабліва цяпер, у перадсьвяточны час.
Бэата Шыдла: Мы павінны зрабіць усё, каб гэта была канструктыўная палітычная спрэчка, каб вынікам былі прапановы, праекты супрацы, у тым ліку такія, якія можна будзе ўносіць у Сэйм.
“Права й справядлівасьць” прапануе пашырыць паўнамоцтвы фракцый Сэйму, у першую чаргу апазыцыйных. Парадак дня кожнага пятага паседжаньня Сэйму вызначалі б апазыцыйныя партыі. Адзінай умовай да пагадненьня кіроўная партыя называе нармалізацыю працы Сэйму й зьняцьце блякады трыбуны ды прэзыдыюма.
Дэпутаты апазыцыйных партый пакуль стрымана паставіліся да прапановы ПіС. Так, кіраўнік лібэральнай партыі “Сучасная” Рышард Пэтру бачыць у агучанай прапанове падвох.
Рышард Пэтру: Яны называюць тое, што мы робім, злачыннай дзейнасьцю. Шчыра кажучы, даўно ня бачыў такой адкрытай далоні. Нам бы хапіла крыху добрай волі з боку ПіС. Хай забяруць паліцыю з-пад будынку Сэйму, хай ліквідуюць паліцыйныя бар’еры вакол парлямэнту. У рамках паразуменьня я спадзяюся на сустрэчы са старшынёю ПіС. У іншым выпадку гэта ніякая не адкрытая далонь, а ўсяго толькі імітацыя.
Не давярае прадстаўнікам кіроўнай партыі й апазыцыйная цэнтра-правая “Грамадзянская плятформа”. Маўляў, гэта прапанова па форме, па сутнасьці, у рэчаіснасьці ж ПіС не перагледзеў сваіх рашэньняў.
Эва Копач: Хоць яны й спакойна гавораць, то іх хамства ды непавага нікуды ня зьнікла. Яны заяўляюць, што галасаваньне па бюджэце было законным. Мы ж заяўляем, што галасаваньне было нелегальным. Замест парлямэнту зрабіўся фарс, гэта зьнішчэньне польскага парлямэнтарызму на будучыню.
Прадстаўнікі руху “Кукіз-15” хочуць узамен за згоду на прапановы ўвесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства ў Польшчы. Гаворыць дэпутат Пётр Апэль.
Пётр Апэль: Старшыня ПіС прапануе брытанскую мадэль. Калі такая мадэль яму падабаецца, хай яны увядуць аднамандатныя акругі як у Вялікабрытаніі.
З пятніцы ў Польшчы працягваецца парлямэнцкі крызыс. Апазыцыя блякуе залю паседжаньняў, пратэстуючы супраць пазбаўленьня іх права голасу кіраўніцтвам Сэйма. Прадстаўнікі кіроўнай партыі “Права й справядлівасьць” выйшлі з прапановай дыялёгу ды пашырэньня паўнамоцтваў апазыцыі.
Юры Ліхтаровіч