Logo Polskiego Radia
Print

Гарадзкія ўлады Гайнаўкі забаранілі Марш нацыяналістаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.02.2017 12:56
Марш у гонар аддзелу Р. Райса, які забіваў беларусаў на Падляшшы, плянавалася правесьці ў нядзелю 26 лютага.
Рамуальд РайсРамуальд РайсFoto: Wikipedia Commons/Public domain

Актывісты крайне правых сілаў плянавалі зладзіць у Гайнаўцы, дзе жыве шмат беларусаў, марш у гонар выклятых жаўнераў. Марш у гонар між іншым аддзелу Рамуальда Райса, які забіваў беларусаў на Падляшшы, плянавалася правесьці ў нядзелю 26 лютага – паведамляе «Gazeta Wyborcza». Арганізатары прапапанавалі трасу каля праваслаўнай царквы Сьвятой Тройцы, дзе ў гэтым часе адбываецца багаслужэньне.

Нацыяналісты не згадзіліся зьмяніць гадзіну і трасу маніфэстацыі.
Таму гарадзкая рада на надзвычайным пасяджэньні назвала марш правакацыяй, да якой нельга дапусьціць. За адмоўнае рашэньне дэпутаты галасавалі амаль што адзінагалосна (адзін голас супраць). За забарону выступілі нават дэпутаты партыі «Права і справядлівасьць», якія звычайна падтрымліваюць нацыяналістаў. Сёньня адмоўнае рашэньне прыняў намесьнік бургамістра Анджэй Скепка. Паводле словаў кіраўніцтва горада, гэта рашэньне ад імя жыхароў, паколькі многія з іх, і каталікі, і праваслаўныя, прыходзілі да кіраўніцтва і прасілі, каб не дазваляць праводзіць марш.

Гарадзкія ўлады забаранілі ладзіць марш нацыяналістаў, паколькі такую магчымасьць дае ім закон аб маніфэстацыях. Улады могуць выдаць забарону, калі марш можа несьці пагрозу жыцьцю або здароўю людзей або маёмасьці ў буйных памерах. Нацыяналісты могуць абскардзіць рашэньне ўладаў. Яны напісалі на Фэйсбуку, што ня можа быць так, каб мясцовыя дэпутаты трактавалі Гайнаўку як прыватны фальварк.

Gazeta Wyborcza/нг



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт