Сёньня ў Міжнародны жаночы дзень у Польшчы прайшлі страйкі ды акцыі пратэсту жанчын. Полькі дамагаюцца ад урада большай справядлівасьці, роўнасьці ды лепшых стандартаў мэдычнай аховы, працы ды бясьпекі. Урад адказвае, што сытуацыя жанчын у Польшчы паляпшаецца, асабліва на рынку працы.
Сёньня ў Варшаве, Кракаве ды іншых польскіх гарадах прайшлі масавыя акцыі пратэстаў жанчын. Удзельніцы дамагаліся ад уладаў сучаснай ды бясплатнай кантрацэпцыі, фінансаваньня працэдур штучнага апладненьня й доступу да штучнага спыненьня цяжарнасьці. Такім чынам полькі далучыліся да сусьветнай акцыі на Дзень жанчын, скіраванай супраць сацыяльнай няроўнасьці, дыскрымінацыі жанчын на рынку працы, парушэньні правоў ды гвалт і прымус.
Такія словы ды лёзунгі гучалі сёньня на вуліцах польскіх гарадоў.
Жанчыны: Мы пратэстуем супраць несправядлівасьці ды няроўнай сытуацыі жанчын, супраць умяшальніцтва ў наша права вырашаць пра ўласнае цела. Асабліва непакоіць сытуацыя ў радзільнях, гвалт у дачыненьні да жанчын. Прадстаўнікі ўлады ня хочуць нас выслухаць, і адсюль наш лямант. Нам бы хацелася сьвяткаваць у гэты дзень з гарбаткай ды печывам, але пакуль рана на гэта. Патрэбны час на нармальнасьць.
Прадстаўнікі жаночых арганізацый перадалі чыноўнікам ліст з пытаньнямі да прэм’ер-міністаркі ўраду Бэаты Шыдла. Яны хочуць, каб сытуацыя жанчын у Польшчы стала прадметам агульнанацыянальнай дыскусіі. Гаворыць Эва Баргуньска з арганізацыі “Жаночы пратэст”.
Эва Баргуньска: Вось вам прыклад: папярэдні ўрад падпісаў канвэнцыю па супрацьдзеяньне гвалту над жанчынамі. Гэта доўжылася доўгія гады й падпісалі падчас перадвыбарчай кампаніі. Шэсьць год цягнулася барацьба за павышэньне стандартаў родавай апекі. Сярод гэтых стандартаў была магчымасьць папіць вады ці выбраць позу для родаў. Гэта базавыя гуманітарныя справы.
Пры гэтым сёньня ня ўсе жанчыны вырашыліся на пратэсты, іншыя займалі больш мяккую пазыцыю. Так, прадстаўніцы Форуму польскіх жанчын заявілі, што сёньняшні Дзень жанчын павінен стаць нагодай, каб узгадаць сабе найважнейшыя справы ў жыцьці жанчыны. Гаворыць старшыня арганізацыі Эва Кавалеўска.
Эва Кавалеўска: Нараджэньне дзіцяці – гэта галоўная справа для жанчыны. Мы выступаем за жыцьцё, бо любім нашых дзяцей. Для нас, жанчын, важна тое, наколькі мы можам служыць нашым сем’ям, блізкім, ці маем працу, накарміць ды вывучыць дзяцей.
Гэтую пазыцыю падзяляюць і жанчыны з кіроўнай партыі “Права й справядлівасьць”. Яны выступілі ў Сэйме з заклікам да жанчын яднацца. Гаворыць прэсавая сакратарка партыі Бэата Мазурэк.
Бэата Мазурэк: Гэтыя абшары – гэта істотныя важныя каштоўнасьці, якія не залежаць ад поглядаў, ад таго, што нас дзеліць. Мы павінны дбаць пра гэта. Гэтыя каштоўнасьці – гэта сям’я, здароўе, прафэсійнае разьвіцьцё, бясьпека, пашана.
У сваю чаргу прадстаўніца ўраду міністарка па пытаньнях сям'і, працы й сацыяльнай палітыкі Эльжбэта Рафальска заявіла, што пратэсты жанчын – гэта паказьнік дэмакратыі ў краіне, а сытуацыя полек паляпшаецца. Міжнародныя дасьледчыя цэнтры зазначаюць, што Польшча выйшла ў лідары рэйтынгаў паводле сытуацыю жанчын на рынку працы.
Эльжбэта Рафальска: Польшча апынулася на 9-й пазыцыі як краіна, дзе значна палепшылася сытуацыя жанчын на рынку працы. Гэта адбылося таму, што беспрацоўе сярод жанчын зьмяншаецца, а працэнт жанчын сярод працуючых павялічваецца. Дзякуючы гэтаму цягам аднаго 2016 году мы ўзьняліся ў рэйтынгу на тры пазыцыі.
Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень жанчын. У Польшчы ён прайшоў пад знакам жаночых пратэстаў.
Юры Ліхтаровіч