Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве можна ўбачыць на выставе беларускія ручнікі, іконы й званы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.03.2017 17:23
  • выстава мастацтва.mp3
Нагодай да культурнай падзеі стала гадавіна дыпляматычных адносін паміж Польшчай і Беларусьсю.
Н. Грышкевіч

У галерэі «Brama Bielańska» Варшаўскай цытадэлі ў выходныя была адкрытая выстава, прысьвечаная нацыянальнай беларускай культуры. На экспазыцыі, якая адбываецца пад патранатам Польскага радыё, прадстаўленыя традыцыйная беларуская вопратка, нацыянальныя ручнікі, званы ды іконы.

Экспанаты на выставу перадаў Музэй старажытнай беларускай культуры Акадэміі навук Беларусі. Прадстаўленыя іконы прэзэнтуюць разнародную тэматыку і форму іканапісу. На выставе можна ўбачыць вобразы хрысьціянскіх сьвятых, ілюстрацыю сцэн са Сьвятога пісаньня, розныя прадстаўленьні вобразу Маці Божай.

Па словах куратара выставы Натальлі Рашкоўскай, экспазыцыя зьяўляецца працягам супрацоўніцтва з Культурным цэнтрам Беларусі ў Варшаве.

Н. Рашкоўска: Мы хочам прадставіць жыхарам Польшчы, Варшавы культуру нашага суседа, Беларусі. На самой справе гэта ня толькі беларуская культура, але наша супольная, польска-беларуская. Гэта працяг супрацоўніцтва з Культурным цэнтрам Беларусі ў Варшаве, эфэктам якога стала раней выстава «Беларусы ў Войску Польскім». Акрамя гістарычнай тэматыкі, мы прапануем гледачам таксама культурную выставу, на якой прадстаўленыя беларускія нацыянальныя строі, іконы, ручнікі. Дарэчы, гэтыя ручнікі такія прыгожыя, што мне цяжка было паверыць, што яны служаць для выціраньня. Акрамя таго, прадстаўлена некалькі званоў, да якіх можна дакрануцца і нават заіграць нейкую мэлёдыю.

Ініцыятарам выставы быў Культурны цэнтар пры беларускай амбасадзе ў Варшаве. Яго дырэктар Міхаіл Рыбакоў адзначае, што нагодай да культурнай падзеі стала гадавіна дыпляматычных адносін паміж дзьвюма краінамі.

М. Рыбакоў: Гэтая імпрэза ў нас прысьвечаная ў тым ліку і 25-годзьдзю ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Польшчай і Беларусьсю. Выставай мы хочам паказаць, што ёсьць шмат супольных кропак, якія нас аб’ядноўваюць. Што лепей аб’ядноўвае, чым культура? Прыходзяць войны, усё мяняецца, а культура застаецца, і дзякуючы гэтаму народы могуць існаваць.

Асьпірант Варшаўскага ўнівэрсытэта Віктар Корбут прадставіў гледачам выставу з навуковага пункту гледжаньня. Ён таксама падкрэсьлівае, што экспанаты на выставе аб’ядноўваюць два народы – польскі й беларускі, якія ў тыя часы, калі карціны ды строі паўставалі, жылі ў адной дзяржаўнай структуры.

В. Корбут: Гэта мастацтва часоў Рэчы Паспалітай – 16-18 ст. У той час беларускае мастацтва разьвівалася ў адной культурнай прасторы з польскім. Таму тыя, хто прыйдзе паглядзець гэтыя прадметы, заўважыць, што абразы, званы маюць шмат супольнага з тым, што людзі бачаць у польскіх музэях, у касьцёлах. Праваслаўная культура зазнала вялікі ўплыў з боку каталіцкай. Толькі народнае мастацтва засталося самабытным. Таму гэтая выстава падкрэсьлівае нешта агульнае ў нашым рэгіёне і нешта самабытнае, уласьцівае беларусам.

Палякаў асабліва могуць зацікавіць беларускія ручнікі, якія служылі ня толькі дзеля гігіенічных мэтаў, але часам былі важным дэкарацыйным элемэнтам беларускай хаты і выконвалі таксама функцыі абярэгаў, – распавядае Міхаіл Рыбакоў.

М. Рыбакоў: Ручнікі – гэта частка душы. У кожнай сям’і, калі дзяўчына пачынала зьбірацца замуж, яна вышывала ручнікі, і працягвала рабіць гэта ўсё жыцьцё. Адзін шыўся да шлюбу, іншы – каб дзяцей пелянаць, іншы ішоў на пахаваньне. Ручнікі насілі яшчэ і статус абярэгаў, пераходзілі ад бацькоў да дзяцей. Некаторыя з гэтых ручнікоў, што прыехалі, налічваюць больш за сто гадоў. Гэта багацьце народа, бо кожная нітачка мае энэргетыку чалавека, які яго рабіў. У кожным рэгіёне свае ўзоры, свае колеры, свае асабістасьці. Гэта гісторыя народу, нават асобнай вёскі, асобнага чалавека.

Выстава «Нацыянальнае беларускае мастацтва» будзе працаваць у галерэі «Брама Беляньска» Варшаўскай цытадэлі ды 28 траўня бягучага году.

нг

/

/

/

/

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт