Logo Polskiego Radia
Print

Урад дапаможа фірмам разьвіваць гандаль з Мэксыкай

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.04.2017 15:59
Палітыкі хочуць, каб польскі бізнэс больш адважна выходзіў паза Эўропу.
Wikipedia/SiBr4

Палітыкі хочуць, каб польскі бізнэс больш адважна выходзіў паза Эўропу і абяцаюць дапамагчы пракладваць новыя гандлёвыя шляхі. Нагода зьявіцца неўзабаве, бо ў суботу прэзыдэнт Анджэй Дуда адпраўляецца з афіцыйным візытам у Мэксыку.

Цяпер гандлёвае абарачэньне Польшчы з гэтай краінай невялікае, хаця за апошнія 10 гадоў павялічылася. Тым ня менш, экспарт складае 0,3% ад усяго польскага экспарту, а імпарт - 0,25%.

Мэксыканскі замежны гандаль у асноўным абапіраецца на ЗША і Кітаі. 80% экспарту трапляе ў ЗША, палова імпарту паходзіць са Штатаў, а 20% з Кітая, але апошнім часам Мэксыка заяўляе пра сваю адкрытасьць на Эўропу.

Цяпер галоўным польскім экспартным таварам у Мэксыку зьяўляюцца апараты для вяшчаньня і прыманьня радыё- і тэлеперадач, а таксама аўтамабільныя аксэсуары. Экспэрты мяркуюць, што ў Мэксыцы ёсьць добрыя пэрспэктывы для польскай мэблі і абсталяваньня гатэляў ды рэстаранаў, станкоў для перапрацоўкі харчоў, сельскагаспадарчых машын, лодак і яхтаў. Таксама маюць шанцы польская касмэтыка і фармацэўтычныя фірмы.

«У хуткім часе самы вялікі патэнцыял супрацоўніцтва існуе ў аўтамабільным, авіяцыйным і паліўным сэктарах», – зазначаюць экспэрты.

Мэксыка з яе 120 млн насельніцтва зьяўляецца цікавым кірункам гандлёвай экспансіі. Акрамя гэтага з Мэксыкі можна лёгка выйсьці на ёмісты рынак Лацінскай Амэрыкі.

Puls Biznesu/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт