Logo Polskiego Radia
Print

Польскія гарады павінны падрыхтавацца да кліматычных зьменаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.05.2017 09:30
Кліматычныя зьмены могуць выклікаць хвалі сьпякоты, навальніцы і зьвязаныя з імі лякальныя паводкі.
Foto: pixabay.com

Тыднёвік «WSieci» друкуе інтэрвію з упаўнаважаным ураду па пытаньнях палітыкі, зьвязанай са зьменамі клімату, Паўлам Салэкам (Paweł Sałek). Міністэрства навакольнага асяродзьдзя плянуе стварыць праграму адаптацыі да зьменаў клімату. Па словах Салэка, гаворка ідзе пра гарады, дзе пражывае больш за 100 тыс. жыхароў, гэта 44 населеныя пункты краіны.

У кожным горадзе экспэрты вызначаць тыя галіны, якія могуць асаблівым чынам пацярпець у выніку кліматычных зьменаў, экстрэмальных атмасфэрных зьяваў і падрыхтуюць вырашэньні, якія дазволяць па меры магчымасьці зьменшыць пагрозы.

Кліматычныя зьмены могуць выклікаць такія зьявы, як хвалі ненармальнай сьпякоты, навальніцы і зьвязаныя з імі лякальныя паводкі, вялікія гарады могуць пакутаваць ад нястачы вады, дрэннай якасьці паветра і адсутнасьці сацыяльнай стабільнасьці. Кліматычныя зьмены могуць адмоўна ўплываць на разьвіцьцё гарадоў ды іх эканамічны патэнцыял.

Экстрэмальныя атмасфэрныя зьявы могуць выклікаць сур’ёзныя страты. Цягам першых дзесяці гадоў гэтага стагодзьдзя такія зьявы сталі прычынаю вялізных страт, якія былі ацэненыя ў 56 мільярдаў злотых. Муніцыпальныя органы павінны ведаць пра такія падзеі і быць да іх падрыхтаванымі, паколькі кліматычныя зьмены зьвязаныя зь немалымі выдаткамі з гарадзкіх бюджэтаў. Паводкі, суша і высокая тэмпэратура нясуць пагрозу гарадзкім жыхарам і становяцца прычынай вялікіх страт. Таму пляны адаптацыі да кліматычных зьменаў укажуць тыя галіны, на якія неабходна зьвярнуць асаблівую ўвагу, каб прадухіліць нэгатыўныя наступствы экстрэмальных зьяў.

WSieci/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт