Logo Polskiego Radia
Print

Польскае радыё папулярызуе навуку

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.06.2017 10:30
Што можа быць цікавей, чым пазнаваньне сьвета - пераканаліся наведвальнікі Навуковага пікніка Польскага радыё.

У суботу на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве адбылася буйнейшая імпрэза, што папулярызуе навуку. Гэта Навуковы пікнік Польскага радыё, які ладзіўся ўжо 21-ы раз.

Сёлетні пікнік праходзіў у супрацы з варшаўскім Цэнтрам навукі "Капэрнік" пад лёзунгам «Зямля». 21-ы пікнік вызначыўся тым, што можна было пабачыць відовішчныя паказы з кожнай галіны ведаў, у тым ліку сапраўдны землятрус ды паказы расьлінаў ды біяразнастайнасьці прыроды, бо Зямля – гэта наш дом, наша плянэта, і людзі як гаспадары павінны дбаць пра яе. Дзякуючы сучасным тэхналёгіям можна паказаць гэтыя пытаньні людзям у больш простай і прыцягальнай форме, чым 30 год таму, гаворыць ініцыятар пікніка прафэсар Лукаш Турскі.

Лукаш Турскі: Адкрыцьцё ды пазнаваньне сьвета – вялізарная асалода. Што можа быць цікавей, чым адкрыцьцё сьвету? З году ў год нашы наведвальнікі адкрываюць для сябе ўсё больш закуткоў нашага сьвету, бо навука мае ўсё большыя дасягненьні. Дзякуючы гэтаму людзі зьмяняюць свае погляды, іх далягляд пашыраецца. Тэхніка тут нам дапамагае. Няхай некаторыя абураюцца, што дзеці маюць ад малога кантакт з тэхналёгіямі, але, як той казаў, час ня спыніш. Сьвет ня будзе такім самым, ён будзе іншым. Дзеля гэтага мы ладзім Навуковы пікнік, каб паспрабаваць паказаць, як у ХХІ-м стагодзьдзі павінна выглядаць навука.

Сёлета ўдзел у пікніку ўзялі навуковыя ды культурныя ўстановы з Польшчы і з-за мяжы. Сярод іншых свае дэманстрацыі падрыхтавалі Польская акадэмія навук, Галоўны інстытут вымярэньнў і вымяральных прыладаў, навуковыя колы Варшаўскага палітэхнічнага ўнівэрсытэту ды іншых ВНУ. Распавядае карэспандэнтка Польскага радыё Агата Возьняк.

Агата Возьняк: Падчас пікніка свае напрацоўкі паказвалі навуковыя колы шэрагу польскіх ВНУ. Наведвальнікі пабачылі старт ракеты з вады, мабільныя робаты, у тым ліку робата, які ўмее балянсаваць на баскетбольным мячы. Нашымі вопытамі мы хацелі зьвярнуць увагу на тое, як людзі ставяцца да Зямлі. Праз кампутэрныя прэзэнтацыі ды сымуляцыі мы паказвалі, як Зямля ўзьдзейнічае на людзей і людзі – на Зямлю. Псыхолягі паказвалі, як прырода ўплывае на псыхалягічны стан чалавека. Была сэсія адпачынку, дзе можна было расслабіцца, дзякуючы віртуальным краявідам.

Вельмі багатую праграму падрыхтавала для гасьцей імпрэзы Польскае радыё. Падчас пікніка дзейнічала спэцыяльная студыя пад адкрытым небам Польскага радыё, якое наведалі прадстаўнікі ўладаў, гарадзкой мэрыі, навукоўцы. Журналістка Польскага радыё Дарота Трушчак распавяла пра цікавінкі, якія падрыхтавалі розныя рэдакцыі й праграмы.

Дарота Трушчак: Спачатку Першая праграма, якая падрыхтавала паказ пад назвай "Радыйная кухня" - як голас журналістаў "трапляе" ў радыёпрымач, пралятаючы над Зямлёй. Як вядома, "Зямля – блакітная кропка ў космасе" – матыў нашага сёлетняга пікніка. Іншыя праграмы таксама падрыхтавалі цікавыя рэчы. Другая праграма сьвяткавала сваё 80-годзьдзе: былі сустрэчы зь вядомымі артыстамі, мастакамі, людзьмі культуры. У Трэцяй праграме адбыліся аўтамабільныя майстар-клясы для моладзі, а Чацьвёртая праграма запрасіла наведвальнікаў у "Зону адпачынку".

21-ы Навуковы пікнік Польскага радыё адбыўся 3-га чэрвеня на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве. Імпрэза была арганізавана ў супрацы Цэнтрам навукі "Капэрнік".

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт