Logo Polskiego Radia
Print

Варшава рыхтуецца да Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 06.07.2017 16:41
  • кангрэс.mp3
У верасьні экспэрты, журналісты, грамадзкія дзеячы з Эўропы й сьвету будуць размаўляць пра розныя аспэкты жыцьця Беларусі.
Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі ў Коўне ў 2016 годзеКангрэс дасьледчыкаў Беларусі ў Коўне ў 2016 годзеЯраслаў Іванюк/radyjo.net

Паводле арганізатараў, падрыхтоўка да кангрэсу набліжаецца да сваёй кульмінацыі. Асноўныя сэкцыі ды панэлі ўжо аформленыя, а з прыкладнай праграмай можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце падзеі. Цягам бліжэйшых тыдняў зьявіцца дэтальны плян зь імёнамі выступоўцаў, а таксама тэмамі іх дакладаў.

Тэматычныя сэкцыі традыцыйна ахопліваюць эканоміку, міжнародныя стасункі, сацыялёгію, лінгвістыку, літаратуру ды іншыя сфэры. Прычым, апошнім часам дасьледчыкі разглядаюць беларускую праблематыку шырэй, чым дагэтуль, уключаючы яе ў рэгіянальны кантэкст. Больш падрабязна пра тое, на што ўдзельнікі зьбіраюцца зьвярнуць сваю ўвагу гэтым разам, беларускай службе Польскага Радыё паведаміў адзін з арганізатараў Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: Калі казаць пра сацыяльна-палітычны блёк, шмат увагі будзе прысьвечана праблемам бясьпекі ў нашым рэгіёне, таму, якім чынам напружаныя адносіны паміж Захадам і Расеяй, вучэньні, пра якія ўжо шмат гаварылася, уплываюць на рэгіён і якія нясуць пагрозы. Гэты аспэкт, натуральна, будзе важным. Таксама важным зьяўляецца аналіз таго, якім чынам эканамічны крызыс уплывае на беларускую эканоміку і на беларускае грамадзтва, што гэта значыць для Беларусі і якія ёсьць пэрспэктывы выхаду з гэтай сытуацыі. І многія іншыя тэмы. У розных накірунках уздымаюцца розныя праблемы.

Паводле нашага суразмоўцы, за тры дні на сэкцыях ды панэлях мае выступіць больш за 400 удзельнікаў. Яшчэ некалькі соцень чалавек будуць прысутнічаць на кангрэсе ў якасьці гасьцей. Геаграфія выступоўцаў (а многія зь іх ужо наведвалі форум раней) уключае каля 20-ці краінаў. Працягвае Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: Гэта і Злучаныя Штаты, гэта і эўрапейскія краіны, усе краіны-суседзі, Сярэдняя Азія, каўкаскія краіны. З многімі ўдзельнікамі мы яшчэ вядзем перапіску, узгадняем тэхнічныя дэталі. Калі казаць пра суадносіны, будзе прыкладна адна траціна замежнікаў на дзьве траціны беларусаў. Хаця, я не выключаю, што ў гэтым годзе замежнікаў будзе больш. Перш за ўсё, за кошт прадстаўніцтва польскіх дасьледчыкаў.

Варта заўважыць, што дакладамі, дыскусіямі ды круглымі сталамі сёлетні Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі не абмяжуецца. Традыцыйна падчас форуму спэцыяльная камісія ўзнагароджвае аўтараў лепшых навуковых прац. Не будзе выключэньнем і гэты год. Колькасьць намінацыяў у параўнаньні з 2016-м павялічылася. Пра праграму конкурсу паведаміў Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: Гэта гуманітарныя навукі, гэта гісторыя і сацыяльна-палітычныя навукі. Асобна ёсьць конкурс для манаграфій, асобна для артыкулаў. Новым у гэтым годзе зьяўляецца тое, што аб’яўлены конкурс студэнцкіх прац. У гэтым годзе ўпершыню будзе нададзеная прэмія за лепшую бакаляўрскую й магістэрскую працу па выніках мінулых навучальных гадоў.

Нагадаю, VII Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі будзе праходзіць з 15-17 верасьня. Урачыстая цырымонія адкрыцьця і асноўная частка паседжаньняў адбудуцца ў варшаўскім Палацы культуры і навукі. Польшча гаспадаром форуму стане ўпершыню. Папярэднія шэсьць разоў навукоўцаў прымала Летува. І хаця да старту сёлетняга кангрэсу застаецца больш за два месяцы, арганізатары ўжо зараз абмяркоўваюць пляны на будучы год. Чакаецца, што месца правядзеньня наступнага форуму вызначыцца да канца верасьня – сярэдзіны кастрычніка.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт