Logo Polskiego Radia
Print

Польшча плянуе ўзьвесьці плот на сваёй усходняй мяжы даўжынёй 729 км

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.07.2017 16:54
Кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 100 млн злотых (больш за 23 млн 600 тыс. эўра).
pixabay.com/Public Domain CC0

Тыднёвік правай арыентацыі «Do Rzeczy» паведамляе пра тое, што Польшча плянуе ўзьвесьці плот на сваёй усходняй мяжы даўжынёй 729 км. Прычына не палітычная й не мілітарная, а вэтэрынарная: такім чынам афіцыйная Варшава хоча абараніць сваю сьвінагадоўлю. Пра гэта паведаміла прэс-служба Галоўнага вэтэрынарнага лекара Польшчы.

Нядаўна на Беласточчыне на адной з фэрмаў было выяўлена больш за 1 тыс. жывёл, хворых афрыканскай чумой сьвіней (АЧС). Гэта найбольшае па колькасьці пагалоўе хворых на АЧС сьвіней у Польшчы. Хворыя, а таксама ўсе жывёлы, якія мелі кантакт з заражанымі, былі ўсыплёныя і ўтылізаваныя. Вакол фэрмы вэтслужбы ўстанавілі 10-кілямэтровую каранцінную зону.

Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Эва Лех кажа, што першыя выпадкі заражэньня АЧС сёлета адбыліся пасьля таго, як фэрмэр скарміў сьвіньням траву, скошаную каля лесу. Трава была заражаная дзікамі, бо менавіта дзікі – пераносчыкі афрыканскай чумы сьвіней. Польскія вэтэрынары падазраюць, што заражаныя дзікі прыходзяць у Польшчы з-за ўсходняй мяжы, у тым ліку зь Беларусі. І таму, каб гэта спыніць, неабходна пабудаваць плот.

Эканамічны камітэт Рады міністраў Польшчы рэкамэндаваў ураду ўзьвесьці плот на мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай даўжынёй 729 км. Ён спыніў бы міграцыю дзікоў празь дзяржаўную мяжу. Кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 100 млн злотых (больш за 23 млн 600 тыс. эўра). «Гэта і так менш у параўнаньні са стратамі, якія нясе Польшчы з-за АЧС», – гаворыць Эва Лех, якую цытуе тыднёвік «Do Rzeczy».

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт