Улады Беларусі працягваюць збліжэньне з Эўрапейскім зьвязам і дабіваюцца прызнаньня Эўропай беларускай Палаты прадстаўнікоў. 18 і 19 ліпеня Менск наведала дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту, якую ўзначаліў польскі эўрадэпутат Богдан Здраеўскі. Якія тэмы абмяркоўваліся падчас сустрэчы, і якія будуць вынікі гэтага візыту? Пра гэта зь беларускімі палітыкамі і палітолягамі размаўляў Аляксандар Папко.
У Менск прыехалі двое палітыкаў правацэнтрысцкай Эўрапейскай Народнай Партыі – польскі эўрадэпутат Богдан Здраеўскі і прадстаўнік Нямеччыны Міхаэль Галер. Фракцыя «Зялёных» Эўрапарлямэнту накіравала ў Беларусь прадстаўніцу расейскай меншасьці ў Латвіі Тацьцяну Жданок. Альянс сацыялістаў і дэмакратаў у Дэлегацыі па сувязях Эўрапарлямэнту зь Беларусьсю прадстаўляў латыскі эўрадэпутат Андрэй Мамыкін, а групу Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў – палітык польскай нацыянальнай меншасьці Летувы Вальдэмар Тамашэўскі.
18 ліпеня эўрадэпутаты сустрэліся з міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Як паведаміла Міністэрства замежных справаў Беларусі, Уладзімер Макей правёў з эўрапейскімі палітыкамі «шчырую размову па шэрагу «далікатных» тэмаў, уключаючы праблематыку правоў чалавека».
Намесьнік старшыні Палаты Прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук заявіў што «Беларусь не хавае сваёй зацікаўленасьці ў разьвіцьці адносінаў з Эўрапейскім зьвязам». Ён падкрэсьліў, што Менск можа быць партнэрам Эўразьвязу па вырашэньні праблемаў вайсковай бясьпекі, экалёгіі, энэргетычнай бясьпекі і нелегальнай міграцыі.
Якія мэты ставіць перад сабой Менск у перамовах з Эўрапейскімі парлямэнтарамі?
За апошнія тры гады сустрэчы паміж прадстаўнікамі беларускага ўраду і эўрпейскімі чыноўнікамі сталі абсалютна нармальнай зьявай – зазначае палітоляг Юры Чавусаў. Цяпер Менск хоча, каб Эўразьвяз наладзіў супрацоўніцтва і з беларускай Палатай прадстаўнікоў.
Юры Чавусаў: Гаворка можа весьціся пра зьмякчэньне пазыцыі эўраперлямэнтароў. Менск хоча, каб Эўрапейскі парлямэнт адмовіўся ад жорсткіх рэзалюцыяў, у якіх пераважна крытыкуецца сытуацыя з правамі чалавека. Другое важнае патрабаваньне – гэта ўключэньне Нацыянальнага сходу Беларусі ў Euronest.
Далучэньне Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу да Асамблеі міжпарляменцкага супрацоўніцтва краінаў Усходняга партнэрства Euronest сапраўды было адной з галоўных тэмаў перамоваў у Менску. Гэта пацьвярджае сустаршыня аргкамітэту па стварэньню партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі. Ён быў адным з удзельнікаў сустрэчы Дэлегацыі Эўрапарлямэнту з прадстаўнікамі беларускіх апазыцыйных рухаў і партыяў, якая адбылася прайшла 19 ліпеня.
На ёй, акрамя лідара БХД прысутнічалі кіраўнікі Руху «За свабоду» й Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, а таксама прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацьцяна Караткевіч.
Лідарамі беларускай апазыцыі і эўрадэпутаты размаўлялі пра рэпрэсіі, якія пракаціліся па Беларусі гэтай вясной, эканамічную і палітычную сытуацыю ў краіне а таксама пра выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў, якія пройдуць у сакавіку будучага году.
Віталь Рымашэўскі: Абмяркоўваліся і вынікі сустрэчаў з прадстаўнікамі ўладаў, і палітычная сытуацыя ў Рэспубліцы Беларусь, перамены, якія адбыліся пасьля веснавых акцыяў пратэсту, сытуацыя з правамі чалавека, будучыя мясцовыя выбары, неабходнасьць зьменаў у Выбарчым кодэксе. Мы абмеркавалі шырокі спэктар тэмаў.
Эўрапейскі зьвяз не зьбіраецца зачыняць вочы на парушэньне беларускімі ўладамі правоў грамадзянаў – падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі. Наадварот, масавыя арышты і штрафы ўдзельнікаў сакавіцкіх пратэстаў адсунулі пэрспэктывы далучэньня дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў да Эўранэсту – заявіў лідар БХД.
Віталь Рымашэўскі: Калі да масавых рэпрэсіяў, якія разгарнулі ўлады ўзімку і ўвесну, пытаньне ўдзелу ў Euronest’е стаяла на павестцы дня й беларуская дэлегацыя магла разьлічваць на поўнае ўключэньне ў працу гэтай асамблеі, то цяпер на павестцы дня не стаіць нават пытаньне запрашэньня Палаты прадстаўнікоў у якасьці назіральнікаў бе права голасу.
Беларускія СМІ заявілі, што трое з пяці ўдзельнікаў Дэлегацыі па сувязях Эўрапарлямэнту зь Беларусьсю прадстаўляюць прарасейскія рухі краінаў Балтыі. Тацьцяна Жданок і Андрэй Мамыкін, напрыклад, выступалі супраць таго, каб пакараць Расею санкцыямі за анэксію Крыму.
«Выбарчая акцыя палякаў Летувы» Вальдэмара Тамашэўскага, у сваю чаргу, знаходзіцца ў кааліцыі з арганізацыямі расейскай меншасьці Летувы, таму па Расеі займае стрыманую пазыцыю. Склад дэлегацыі не азначае, што ў палітыцы Эўрапейскага парлямэнту ў стасунку да Беларусі наступілі нейкія радыкальныя зьмены – падкрэсьлівае Віталь Рымашэўскі.
Віталь Рымашэўскі: Спадар Богдан Здраеўскі і спадар Міхаэль Галер зьяўляюцца сябрамі Эўрапейскай народнай партыі, якая шмат у чым вызначае палітыку Эўрапейскага зьвязу ў стасунку да Беларусі. Меркаваньні іншых асобных дэпутатаў могуць мець месца, яны могуць быць нават больш адыёзнымі, чым тыя, якія можна сустрэць у Беларусі. Аднак, яны мала на што ўплываюць.
Палітоляг Юры Чавусаў, камэнтуючы склад дэлегацыі, заклікаў «на навешваць ярлыкоў». Нават удзел у дэлегацыі палітыкаў, якія займаюць прыхільныя Расеі пазыцыі зусім не азначае, што палітыка Эўразьвязу ў стасунку да Беларусі аддадзеная ў рукі «пракрамлёўскіх сілаў».
Юры Чавусаў: Прадстаўнік «Выбарчай акцыі палякаў Летувы» прадстаўляе ў Эўрапейскім парлямэнце фракцыю Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў. Яна займае, напэўна, найбольш антырасейскую пазыцыю з усіх фракцыяў Эўрапарлямэнту. А навешваньне ярлыкоў і абвінавачваньне эўрадэпутатаў у прарасейскасьці толькі спрыяюць пракрамлёўскім поглядам на тое, то адбываецца ў беларуска-эўрапейскім дыялёгу. Яго прадстаўляюць як, нібыта, здачу Беларусі ў сфэру ўплыву Расеі.
Якія практычныя вынікі будзе мець візыт у Менск дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту? Казаць пра хуткія матэрыяльныя выгады менавіта гэтага візыту цяжка – лічыць Юры Часвусаў.
Паляпшэньне палітычных стасункаў з Эўрапейскім зьвязам дапаможа Беларусі атрымаць крэдыты Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця. Аднак для грунтоўнага паляпшэньня эканамічнай сытуацыі патрэбныя сыстэмныя крокі: уступленьне ў сусьветную гандлёвую арганізацыю, прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, гарантаваньне правоў уласнасьці.
«Незалежна ад стасункаў з Брусэлем беларуская эканоміка застаецца закрытай і рэгуляванай дзяржавай. Таму я ня думаю, што для простага беларускага грамадзяніна наладжваньне стасункаў з Эўразьвязам будзе мець хуткі эканамічны эфэкт», – падсумаваў Юры Чавусаў.
Аляксандар Папко