Logo Polskiego Radia
Print

У «польскай апэрацыі» загінула шмат этнічных беларусаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.08.2017 16:05
  • польская апэрацыя.mp3
Незалежны беларускі гісторык Ігар Мельнікаў выдзяляе чатыры катэгорыі, па якіх беларусы ставалі ахвярамі «польскай апэрацыі».
Апэратыўны загад НКВД №  00485 ад 11 жніўня 1938 году, які пачаў хвалю рэпрэсіяў супраць палякаў у СССР. Апэратыўны загад НКВД № 00485 ад 11 жніўня 1938 году, які пачаў хвалю рэпрэсіяў супраць палякаў у СССР. Wikimedia Commons/scanned by Tomasz Sommer/Public domain

Дакладна 80 гадоў таму, 11 жніўня 1937 году, савецкі НКВД распачаў г.зв. «польскую апэрацыю», накіраваную супраць палякаў, якія пражывалі на тэрыторыі СССР. У выніку ў 1937-1938 гадах ня менш за 111 тысяч чалавек было расстраляных, а 30 тысяч адправілі ў лягеры.

Апэрацыя была праведзена ў адпаведнасьці з загадам наркама ўнутраных спраў СССР Мікалая Яжова № 00485 ад 11 жніўня 1937 г. НКВД арыштоўваў асоб, якія нібыта належалі да польскай вайсковай арганізацыі (POW) і нібыта займаліся шпіёнска-падрыўной дзейнасьцю на карысьць Польшчы.

Перасьледам было ахоплена ня менш чым 139 835 чалавек. Зь іх ня менш за 111 090 былі забітыя стрэлам у галаву. У пераважнай большасьці ахвярамі «польскай апэрацыі» НКВД былі палякі, але й сярод рэпрэсаваных былі таксама беларусы, украінцы, расейцы ды прадстаўнікі іншы народаў. Акрамя таго, на падставе загаду № 00486 ад 15 жніўня 1937 г., таксама выдадзенага Яжовым, рэпрэсіі ахапілі жонак і дзяцей, якіх асудзілі як «здраднікаў айчыны».

Па словах дырэктара Інстытута нацыянальнай памяці доктара Яраслава Шарэка (Jarosław Szarek), дзеяньні супраць палякаў былі найбольш радыкальнымі з усіх рэпрэсій у дачыненьні да нацменшасьцяў у Савецкім Саюзе. Сталін узяў рэванш за паражэньне камуністычнага паходу на Захад, які спыніўся на Вісьле ў 1920 годзе, і адпомсьціў палякам за супрацьстаяньне калектывізацыі.

Я. Шарэк: Мэтай «польскай апэрацыі» было стварэньне новага савецкага чалавека. Палякі былі той групай нацыянальнай меншасьці, якая працэнтна была зьнішчана ў найбольшай ступені.

Дмітры Панто з Музэя Другой сусьветнай вайны ў Гданьску нагадаў, што ахвяр забівалі на аснове гэтак званых прысудаў трохасабовых калектываў супрацоўнікаў НКВД.

Д. Панто: Тры асобы: мясцовы пракурор, мясцовы кіраўнік НКВД ды начальнік партыйнай ячэйкі праводзілі суд і прымалі рашэньне. Вельмі часта падчас гэтых працэсаў падсуднага не было на залі, і толькі гэты трохасабовы калектыў вырашаў пра лёс чалавека.

У выніку «польскай апэрацыі» загінула вялікая колькасьць этнічных беларусаў. Афіцэры НКВД да палякаў залічалі кожнага, у каго была якая-небудзь сувязь з польскасьцю. Незалежны беларускі гісторык Ігар Мельнікаў выдзяляе чатыры катэгорыі, па якіх беларусы станавілісяі ахвярамі «польскай апэрацыі».

І. Мельнікаў: Першая, калі чалавек быў каталік. А ня кожны каталік гэта паляк. Наступная катэгорыя – людзі, якія жылі ў БССР у польскім раёне Дзяржыншчына. Яго адмыслова стварылі саветы на мяжы з Польшчай. Там жылі ня толькі этнічныя палякі, жылі таксама беларусы. Іх арыштоўвалі па нацыянальнай прыкмеце. Беларусы працавалі ў польскіх калгасах. Я ведаю дакладна, што ў Заслаўшчыне было шмат каталікоў, але яны не былі палякамі, размаўлялі па-беларуску, аднак падчас «польскай апэрацыі» былі арыштаваныя, і бацькі трапілі ў менскія турмы, а дзяцей высылалі ў дзетдамы. Трэцяя група – гэта перабежчыкі, г.зв. «заходнікі». Гэта людзі, якія ў пачатку трыццатых гадоў зьбеглі з Заходняй Беларусі: зь Лівенскага, Наваградзкага, Палескага ваяводзтваў, напрыклад, ад рэпрэсій польскай паліцыі. Гэта былі этнічныя беларусы, але яны верылі, што ім лепей будзе ў БССР. На першым этапе ім дазвалялі жыць у БССР, нават у Менску, пакуль іх не пачалі арыштоўваць менавіта падчас польскай апэрацыі. Польскае грамадзянства для іх азначала, што яны польскі кантынгент. І чацьвёртая група – гэта людзі, якія мелі сваякоў у Польшчы. Напрыклад, брат пайшоў за бальшавікамі й застаўся ў СССР і савецкай Беларусі, а сястра засталася ў Заходняй Беларусі ў Польшчы. Ліставаньне дазвалялася, але такі ліст мог каштаваць жыцьця.

Колькі беларусаў загінула ў "польскай апэрацыі", дакладна цяжка сказаць, таму што архівы КДБ у Беларусі да сёньняшняга дня зачыненыя. Гіторыкі ня маюць магчымасьцьі правесьці глыбокія дасьледаваньні – кажа Ігар Мельнікаў.

І. Мельнікаў: Мы дакладна ведаем, як зьнішчалі г.зв. польскі кантынгент у гадах 1937-1938, але дакладна ўсіх ахвяр і катаў мы ня ведаем, таму што няма доступу да ўсіх гэтых спраў. А каб даведацца, то трэба, каб сваяк дасылаў у КДБ зварот і пасьля, магчыма, яму дазволяць і дашлюць архіўную справу. Гісторык, на жаль, ня можа туды трапіць, нават навуковец з навуковага інстытуту.У сваю чаргу дзяржаўныя гісторыкі баяцца займацца гэтай тэмай, бо да сёньняшняга дня спрэчныя пытаньні польска-савецкага супраціву 20-30-40-х гадоў яшчэ небясьпечныя. Таму афіцыйныя гісторыкі баяцца ўлазіць глыбока ў гэтую тэму, баяцца паказваць публікацыі па гэтай тэме.

Марэк Шыманяк з музэя Другой сусьветнай вайны ў Гданьску падкрэсьлівае, што судовая працэдура савецкіх карных ворганаў ня мела нічога агульнага з судом ці справядлівасьцю.

М. Шыманяк: Гэта былі насьмешкі зь якога-небудзь судовага працэсу, бо там не ішлося пра тое, каб каму-небудзь даказаць якую-небудзь віну. Ішлося пра забіваньне як мага большай колькасьці прадстаўнікоў польскага народу.

Дырэктар Галоўнай камісіі па справах перасьледу за злачынствы супраць польскага народу і намесьнік генэральнага пракурора Анджэй Пазорскі нагадаў, што па справе «польскай апэрацыі» вядзецца крымінальнае расьсьледаваньне.

А. Пазорскі: Па-першае, мы імкнемся высьветліць усе абставіны, а таксама пастараемся вызначыць усе прозьвішчы пацярпелых, і што зь імі сталася.

Інстытут нацыянальнай памяці і Цэнтар польска-расейскага дыялёгу й паразуменьня стварылі вэб-сайты operacja-polska.pl, а таксама ofiaryterroru.pl, дзе зьмяшчаецца інфармацыя пра дзейнасьць НКВД у 1937-1938 гг.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт