Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве абмяркоўвалі польска-ізраільскія адносіны

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.08.2017 15:30
  • У Варшаве абмяркоўвалі.mp3
У польскай сталіцы адбылася сустрэча лідараў партыі Права й справядлівасьць з прадстаўнікамі габрэйскіх арганізацый.
Jaroslaw Kaczynski: photo - wybierzpis org plJaroslaw Kaczynski: photo - wybierzpis org pl

У сустрэчы ўзялі ўдзел старшыня партыі ПіС Яраслаў Качыньскі й кіраўнік Грамадзка-культурнага таварыства габрэяў у Польшчы Артур Гофман, вярхоўны рабін Кракава Элайза Гурары, рабін з малітоўнага дома ў Варшаве Шалом Бэр Стамблер й былы дарадца Дональда Трампа ды старшыня фонду «From the Depths», які займаецца адносінамі палякаў і габрэяў Джоны Дэніэлс.

Асноўнай тэмай сустрэчы сталі стасункі паміж палякамі ды габрэямі, паміж Польшчай ды Ізраілем. Кіраўнік дэпутацкага офіса старшыні ПіС Радаслаў Фогель распавёў, што сустрэча прайшла ў прыязнай атмасфэры, хоць і без абавязваючых рашэньняў

Радаслаў Фогель: Гэта была вельмі добрая сустрэча, яна прайшла ў вельмі добрай атмасфэры з прадстаўнікамі габрэйскіх асяродзьдзяў, як грамадзкіх, так і рэлігійных. Размова ішла пра сытуацыю габрэяў у Польшчы, пра польска-ізраільскае супрацоўніцтва, пра культурную спадчыну польскіх габрэяў, пра сумесную шматвекавую гісторыю нашых народаў.

У сваю чаргу прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый зьвярнулі ўвагу не тое, што сустрэча стала магчымасьцю да шчырай і адкрытай размовы й дыялёгу пра асноўныя пытаньні, якія тычыцца палякаў і габрэяў.

Удзельнікі назвалі галоўным вынікам сустрэчы пацьверджаньне глыбокіх культурных сувязяў паміж палякамі й габрэямі. Таксама ўздымаліся й складаныя пытаньні, як антысэмітызм у Польшчы, зазначыў старшыня фонду «From the Depths», Джоны Дэніэлс.

Джоны Дэніэлс: Гэта сапраўды была выдатная магчымасьць сказаць адкрыта пра такія справы. Мы казалі адным голасам. Усе ўдзельнікі сустрэчы былі пад уражаньнем ды былі ўдзячныя Яраславу Качыньскаму за прыём і шчырую размову пра цяжкія справы. Ён выказаў разуменьне ды абяцаў дапамагчы ў адбудове польска-габрэйскіх стасункаў і будучыні габрэяў у сёньняшняй Польшчы.

Сустрэча не завяршылася канкрэтнымі дамоўленасьцямі, але габрэйскаму боку было важна пачуць тое, што сказаў польскі палітык.

Джоны Дэніэлс: Гэта толькі пачатак дыялёгу для нашай сумеснай лепшай будучыні. Не зьявіўся канкрэтны плян з пунктамі: адзін, два, тры, што можа быць зроблена, што павінна быць зроблена ў будучыні. Аднак гэта быў імпульс для дыскусіі, дыялёг для нас усіх, для працы на карысьць нас усіх. Пра тое, як мы зможам далей будаваць лепшую будучыню нашых тысячагадовых польска-габрэйскіх адносін.

Былы дарадца Трампа зазначыў, што сустрэча прайшла ў прыязнай атмасфэры.

Джоны Дэніэлс: Гэта была вельмі пазытыўная сустрэча. Гучалі жарты, быў сьмех ды ўсьмешкі. Мы заплянавалі шэраг іншых сустрэч, дзе мэтай зьяўляецца працяг пачатай дыскусіі ды дыялёгу, адкрытасьці.

Сустрэча адбылася па згодзе двух бакоў. Габрэйскія прадстаўнікі заявілі, што спадзяюцца, што ў Польшчы ня будзе шырыцца антысэмітызм.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт