Logo Polskiego Radia
Print

"Час пераадольваць супярэчнасьці"

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 28.08.2017 18:34
  • Час пераадольваць супярэчнасьці.mp3
Гэта адна з асноўных ідэяў Асамблеі патрыятычных сілаў, што адбылася ў Менску на мінулых выходных.
Фота: Павел Генадзіч/racyja.com

"Час пераадольваць супярэчнасьці". Гэта адна з асноўных ідэяў Асамблеі патрыятычных сілаў, што адбылася ў Менску на мінулых выходных. Форум прысьвяцілі 26 гадавіне наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР статусу канстытуцыйнага закону. Аднак падчас сустрэчы ўдзельнікі вырашылі сканцэнтравацца на больш надзённых пытаньнях.

Ініцыятарам форуму выступіла Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя – БНФ. У міжнародны адукацыйны цэнтар IBB яе кіраўніцтва запрасіла прадстаўнікоў розных палітычных рухаў. Галоўная ідэя – аб’яднаць свае сілы перад сучаснымі пагрозамі. Адным з такіх выклікаў для Беларусі арганізатары назвалі агрэсіўныя дзеяньні Расеі. Невыпадкова Асамблею вырашылі правасьці напярэдадні сумесных ваенных вучэньняў «Захад-2017». Манэўры, нагадаем, маюць адбыцца з 14 па 20 верасьня. Да пачатку застаецца яшчэ больш за два тыдні, але войскі ды ваенная тэхніка з усходу ўжо прыбываюць у Беларусь, што выклікае занепакоенасьць у апанэнтаў цяперашніх уладаў. Менавіта на гэтым пытаньні сканцэнтравалі асноўную ўвагу ўдзельнікі Асамблеі. Пра гэта нашай рэдакцыі расказаў намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі – БНФ Сяргей Папкоў.

Сяргей Папкоў: Ідэя форуму – сабраць патрыятычных людзей незалежна ад партыйнай прыналежнасьці, а таксама грамадзкасьць, каб заявіць аб тым, што мы будзем адстойваць незалежнасьць Беларусі ў сувязі з той пагрозай, якая ўзьнікае падчас вучэньняў «Захад-2017». Асамблея зьвярнулася да сёньняшняга рэжыму ды ўраду Расеі, каб яны спынілі гэтыя вучэньні й вывелі ўсе расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі.

Прысутнасьці расейскіх войскаў у Беларусі была прысьвечаная таксама значаная частка выступаў падчас спэцыяльнай канфэрэнцыі. Паводле кіраўніцтва КХП – БНФ, сваю пазыцыю патрыятычныя сілы мусяць адстойваць разам. Пры гэтым гаворка не вядзецца пра стварэньне адзінай арганізацыі. Працягвае Сяргей Папкоў.

Сяргей Папкоў: Усе арганізацыі, усе грамадзкія плыні павінныя аб’яднацца ў дзеяньні, адстойваньні незалежнасьці Беларусі. Так гучала на канфэрэнцыі. Мы на Асамблеі адчулі, што ёсьць імкненьне бараніць Беларусь ва ўсіх арганізацыяў, якія ўдзельнічалі. Мы лічым, што такую ж пазыцыю займаюць тыя, хто зьбірае людзей 8 верасьня. Вельмі важна, каб 8 верасьня быў ня проста выхад супраць сёньняшняга рэжыму, а менавіта супраць прысутнасьці расейскіх войскаў у Беларусі, з патрабаваньнем вываду расейскіх войскаў ды спыненьня гэтых вучэньняў. Мікола Статкевіч заяўляў, што ён зьбірае людзей на Кастрычніцкай плошчы. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя – БНФ таксама падала заяўку на 8 верасьня на мітынг у сквэры каля кінатэатру «Кіеў».

Яшчэ адно пытаньне, на якое зьвярнулі ўвагу дэлегаты Асамблеі патрыятычных сілаў, тычыцца падтрымкі незалежных мэдыяў, якія працуюць для беларускай аўдыторыі. На думку аргкамітэту, праблема заслугоўвае ўвагі і ўдзелу, у тым ліку, міжнароднай супольнасьці. Кажа Сяргей Папкоў.

Сяргей Папкоў: Прыняты зварот да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, дзяржаўнага сакратара ЗША Рэкса Тылерсана ды старшыні Эўракамісіі Жана-Клода Юнкера аб падтрымцы нашай незалежнасьці, а таксама падтрымцы тэлеканала «Белсат» і «Радыё Свабода». Па-першае, важна пашырыць вяшчаньне «Свабоды» на кароткіх хвалях. Па-другое, трэба падтрымаць «Белсат», бо польскі бок заявіў, што з будучага году спыняе фінансаваньне тэлеканалу.

Адзначым, што акрамя Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі – БНФ актыўны ўдзел у працы Асамблеі патрыятычных сілаў узяла Беларуская хрысьціянская Дэмакратыя. Рэшта апазыцыйных арганізацыяў ніяк не адрэагавала на запрашэньне аргкамітэту. З гэтага можна зрабіць выснову, што пераадоленьня супярэчнасьцяў, пра якое вялася гаворка, яшчэ прыйдзецца пачакаць.

св

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт