Logo Polskiego Radia
Print

Такога ўрагану ў кантынэнтальнай Амэрыцы яшчэ не было

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 31.08.2017 13:21
Сілы жыхароў Хьюстана, якія амаль тыдзень змагаюцца з наступствамі стыхіі, ужо на зыходзе.
PAP/EPA/TANNEN MAURY

Такога ўрагану ў кантынэнтальнай Амэрыцы яшчэ не было. Сілы жыхароў Х'юстана, якія амаль тыдзень змагаюцца з наступствамі стыхіі, ужо на зыходзе. Пра маштабы бедзтва паведамляе газэта Rzeczpospolita. Па колькасьці ападкаў ураган «Харві» ужо пераўзышоў сумна вядомую «Катрыну», якая абрынулася на Луізыяну 12 гадоў таму. Ліўневыя дажджы на паўднёвым усходзе Злучаных Штатаў не спыняюцца ад мінулай пятніцы.

Жыхары чацьвёртага па колькасьці насельніцтва гораду краіны ня ведаюць, што рабіць – рызыкуючы жыцьцём, пільнаваць сваю маёмасьць ці ўцякаць. Многія ня маюць страхоўкі, а па начах на вуліцы 2-мільённага мэгаполісу ды навакольных населеных пунктаў выходзяць марадэры. Для пацярпелых ад урагану ўлады арганізавалі часовыя пункты, дзе можна атрымаць ежу ды адзеньне. Паводле мясцовай адміністрацыі, дапамогі патрабуюць ня менш за 450 тысячаў чалавек.

Зараз вядома пра 22 ахвяры стыхіі, аднак экстранныя службы асьцерагаюцца, што лічба будзе расьці – паліцыя атрымлівае шмат сыгналаў пра зьніклых бязь вестак. Сур’ёзны ўрон нанесены інфраструктуры. Адна зь вялікіх дамбаў рызыкуе не вытрымаць націску вады. Па падліках агенцтва Moody’s, матэрыяльныя страты ад урагану «Харві» складаюць прыблізна 40-50 мільярдаў даляраў. Але гэта неканчатковыя лічбы.

Навуковы сьвет уважліва сочыць за сытуацыяй вакол Касьмічнага цэнтру імя Джонсана, якому таксама пагражае вада. Менавіта там зараз працягваюцца працы над супэр-тэлескопам Джэймса Ўэба, які па сваёй моцы ў сто разоў пераўзыходзіць знакаміты «Хабл». Праект, што стартаваў 20 гадоў таму, ацэньваецца больш чым у 8,5 мільярдаў даляраў.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт