«Палякі ў Беларусі з канца ХІХ да пачатку ХХІ стагодзьдзя» – так называецца навуковая канфэрэнцыя, якая праходзіць у Горадні. Асноўнай навуковай тэмай сымпозіюму зьяўляецца дасьледаваньне пытаньня польскай нацыянальнай меншасьці на тэрыторыі Беларусі.
Паводле аднаго з арганізатараў мерапрыемства, дырэктара Інстытуту Ўсходняй Эўропы (Studium Europy Wschodniej) Варшаўскага ўнівэрсытэту Яна Маліцкага, нагодай для правядзеньня канфэрэнцыі стаў выхад з друку навуковай працы польскіх і беларускіх дасьледчыкаў, прысьвечанай тэме палякаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
На канфэрэнцыі прысутнічаюць удзельнікі з Польшчы й Беларусі, сярод якіх Аляксандр Смалянчук, Андрэй Чарнякевіч, а таксама першы старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін.
Чарговае навуковае выданьне, прысьвечанае палякам у Беларусі, неўзабаве зьявіцца ў польскіх кнігарнях.
Канфэрэнцыя праходзіць 20-21 верасьня ў Генэральным консульстве Польшчы ў Горадні.
А на тэлефоннай лініі горад на Нёмане, і кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў, які таксама прымае ўдзел у канфэрэнцыі. Паводле яго, тэма беларуска-польскіх дачыненьняў і супольнай гісторыі дасьледаваная ня поўнасьцю, таму ў гэтым пытаньні гісторыкам ёсьць што рабіць.
Ігар Мельнікаў сказаў, што яго выступ на гарадзенскай канфэрэнцыі быў прысьвечаны Рыскай мяжы й памежнаму пераходу «Коласава». А вось неўзабаве выйдзе новая кніга гісторыка пад назвай «Мяжа была пад Менскам», у якой ідзе аповед менавіта пра граніцу, што дзяліла Беларусь на дзьве часткі, і ўсё, што зь ёй зьвязана, у пэрыяд з 1921 па 1941 год.
слухайце далучаны гукавы файл
Вокладка новай кгіні Ігара Мельнікава