Logo Polskiego Radia
Print

Колькасьць ахвяраў землятрусу працягвае расьці ў Мэксыцы

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 21.09.2017 16:40
На гэтую раніцу было вядома пра больш за 230 загінулых, але ўлады не выключаюць, што лічбы будуць павялічвацца.
PAP/EPA/Jose Mendez

Мэксыка з аўторку змагаецца з наступствамі разбуральнага землятрусу. Колькасьць ахвяраў, працягвае расьці, паведамляе сёньня газэта Rzeczpospolita. На гэтую раніцу было вядома пра больш чым 230 загінулых. Улады не выключаюць, што лічбы яшчэ будуць павялічвацца. Разбор завалаў не спыняецца. Моц падземных штуршкоў перавышала 7 балаў па шкале Рыхтара, а эпіцэнтар знаходзіўся ў 120 кілямэтрах ад сталіцы краіны – Мэхіка.

Як перадае з Мэксыкі карэспандэнт выданьня, калі зямля затрэслася, мясцовыя жыхары падумалі, што гэта афтэршокі землятрусу, які адбыўся менш за 2 тыдні таму і таксама меў катастрафічныя наступствы. 7 верасьня асноўны ўдар стыхіі прынялі на сябе паўднёвыя раёны Мэксыкі, хоць адгалоскі былі чутныя і ў цэнтральнай частцы краіны. Як высьветлілася пазьней, тое, што адбылося ў аўторак – гэта зусім новае здарэньне.

Адметна, што яно прыйшлося акурат на 32 гадавіну аднаго з самых трагічных землятрусаў у гісторыі лацінаамэрыканскай краіны. Тады, паводле розных крыніцаў, загінулі ад 10 да 45 тысячаў чалавек. Яшчэ прынамсі 250 тысячаў страцілі дах над галавой.

Газэта заўважае – і тады, і цяпер людзі прадэманстравалі сапраўднае адзінства. Не чакаючы экстранных службаў, яны выходзілі на вуліцы і пачыналі разьбіраць завалы, спадзеючыся знайсьці пад імі жывых. Каля некаторых з разбураных будынкаў утвараліся ланцугі з сотняў чалавек, якія перадавалі адзін аднаму цагліны ды вёдры з кавалкамі бэтону. Зараз у краіне дзейнічае надзвычайнае становішча. Улады абвясьцілі трохдзённую жалобу.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт