Logo Polskiego Radia
Print

Новы прэм'ер-міністар Польшчы намераны працягваць працу Б. Шыдла

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.12.2017 15:12
  • новы прэм'ер.mp3
На пасаду прэм’ер-міністра заступіў Матэвуш Маравецкі, былы банкір ды эканамічны дзеяч.
Анджэй Дуда і Матэвуш Маравецкі (з правага боку)Анджэй Дуда і Матэвуш Маравецкі (з правага боку)PAP/Paweł Supernak

На польскай палітычнай сцэне адбыліся зьмены. На пасаду прэм’ер-міністра заступіў Матэвуш Маравецкі, які да гэтага часу быў віцэ-прэм’ерам, міністрам разьвіцьця і фінансаў. Бэата Шыдла, якая займала гэтую пасаду каля двух гадоў, застанецца ва ўрадзе, але атрымае іншую функцыю.

Прэзыдэнт Анджэй Дуда прыняў адстаўку Бэаты Шыдла ў пятніцу. У гэты ж дзень ён прызначыў на пасаду старшыні Рады міністраў Матэвуша Маравецкага. Прэзыдэнт казаў тады, што перад новым кіраўніком кабінэту міністраў стаяць вельмі важныя ды адказныя задачы.

А. Дуда: Няма ў мяне сумненьняў, што вы зможаце належным чынам клапаціцца пра сытуацыю дзяржаўных фінансаў. На працягу апошняга часу, амаль двух гадоў, вы паказалі, будучы на пасадзе віцэ-прэм’ера, што можаце гэта рабіць. Вы атрымалі таксама неабходны досьвед. І таму я перакананы, што вы вельмі добра будзеце выконваць свае абавязкі. Я скажу так: «Вы – мой прэм’ер-міністар». Я ня толькі буду садзейнічаць вашай парцы, але таксама ў кожную хвіліну я гатоў з вамі супрацоўнічаць.

Анджэй Дуда таксама дзякаваў Бэаце Шыдла і казаў пра яе заслугі. Гэта, між іншым, увядзеньне праграмы дапамогі сем’ям зь дзецьмі «Сям’я 500 Плюс», паніжэньне пэнсійнага ўзросту і павышэньне мінімальнай зарплаты. Пакуль што невядомы склад новага ўраду. Верагодней за ўсё, са сваімі пасадамі разьвітаецца некалькі ключавых міністраў. Неафіцыйна гаворыцца пра міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага, замест якога прыйдзе Кшыштаф Шчэрскі, магчымая таксама перастаноўка ў Міністэрстве нацыянальнай абароны, але невядома, хто мог бы падмяніць міністра Антоні Мацярэвіча. Аднак рэвалюцыі ва ўрадзе ня будзе. Матэвуш Маравецкі намераны працягваць справы, распачатыя Бэатай Шыдла.

М. Маравецкі: Я ўпэўнены, што пастараюся зрабіць усё магчымае, каб добра служыць Польшчы. Я хачу, каб мая праца прынесла карысьць польскай дзяржаве, карысьць палякам.

У сваю чаргу Бэата Шыдла, якая склала зь сябе абавязкі прэм’ер-міністра, заявіла, што яна не зьбіраецца пакідаць урад. Яна застаецца ў складзе рады міністраў, а пакуль што падзякавала дэпутатам за плённае супрацоўніцтва.

Б. Шыдла: Я разумею сваю адказнасьць за той гістарычны момант, у якім знаходзіцца цяпер Польшча. Я не адмаўляюся ад гэтай адказнасьці, я застаюся ва ўрадзе, каб разам з партыяй «Права і справядлівасьць» працягваць будаваць новую краіну, уводзіць добрыя зьмены.

Заўтра Матэвуш Маравецкі прадставіць у парлямэнце сваё экспазэ – праграмную прамову і папросіць дэпутатаў прадставіць яго кабінэту міністраў вотум даверу.

Асоба новага прэм’ера пазытыўна ўспрымаецца ў асяродзьдзі бізнэсу, паколькі ён – былы банкір, мэнэджэр ды эканаміст. Матэвуш Маравецкі – сын легендарнага дзеяча апазыцыі ў Польскай Народнай Рэспубліцы Корнэля Маравецкага. Нягледзячы на яго бясспрэчныя заслугі, доўга не было ўпэўненасьці наконт прызначэньня Маравецкага на пасаду прэм’ер-міністра. Ішлі закулісныя размовы ў лягеры Аб’яднаных правых сілаў, паяўляліся чуткі, што кіраўніком Рады міністраў намераны стаць сам старшыня кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі. Палітычны камітэт групоўкі вельмі холадна прыняў на сваім паседжаньні Матэвуша Маравецкага, у сваю чаргу Бэату Шыдла разьвітвалі громкія авацыі, а сябры камітэту ўсталі са сваіх месцаў.

Польская праса разважае пра задачы, за якія трэба ўзяцца новаму прэм’еру. Эканамічнае выданьне «Puls Biznesu» піша пра 10 запаведзяў. Па-першае, Матэвуш маравецкі не павінен мяняць ўмоваў вядзеньня бізнэсу, асабліва зьнянацку. Па-другое, падатковая сыстэма павінна быць больш зразумелая для падаткаплатнікаў. Трэцяя справа: палёгка ў працаўладкоўваньні іншаземцаў. Праўда, у будучым годзе лягчэй будзе прымаць на працу ўкраінцаў, але іншым замежнікам цяжэй будзе ўладкавацца на працу ў Польшчы, чым дагэтуль. Чацьвёртае заданьне: лепшае выкарыстаньне фондаў з Эўрапейскага Зьвязу, перш за ўсё ў разьвіцьці чыгункі. Наступнае: увядзеньне падатковых льгот для індывідуальных інвэстараў. Гаворка ідзе пра інвэстыцыі ўнутры Польшчы, якіх пакуль што не хапае. Важна таксама, каб новы прэм’ер-міністар клапаціўся пра імідж Польшчы за мяжою. Адной з галоўных прычын адстаўкі Бэаты Шыдла было вельмі дрэннае ўспрыманьне Польшчы за мяжою, асабліва ў Брусэлі. Сярод задачаў, ускладзеных на Маравецкага тксама завяршэньне рэформы пэнсійнай сыстэмы, падтрымка новых тэхналёгій і польскіх прадпрыемстваў.

На думку экспэрта кампаніі Carnegie Europe Джудзі Дэмпсі (Judy Dempsey), Матэвуша Маравецкага чакае шмат працы. Важна тое, што ён ведае замежныя мовы, што дазваляе зрабіць добрае першае ўражаньне і патлумачыць замежнікам свае ідэі ды намеры. Асноўнае пытаньне: хто на самой справе кіруе Польшчай, – дадае Дэмпсі. Застаецца боязь, што гэтая зьмена была праведзенае дзеля таго, каб толькі супакоіць эўрапейцаў. Меркаваньне экспэрта прыводзіць «Dziennik Gazeta Prawna».

Польшча – гэта важная дзяржава ў Эўрапейскім Зьвязе. На жаль, яе голас перасталі чуць у ЭЗ з-за празьмернай радыкалізацыі ўладаў у краіне. Калі польскі ўрад абярэ больш памяркоўны курс, то Польшчу зноў могуць пачуць – па пытаньнях Усходняга партнэрства, энэргетычнай, замежнай палітыкі, справах бясьпекі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт