Logo Polskiego Radia
Print

Па Польшчы пранёсься ўраганны вецер

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.01.2018 14:48
  • ураган.mp3
Тысячы дамоў былі пазбаўленыя энэргазабесьпячэньня, вецер пазрываў дахі.
PAP/Marcin Bielecki

Калі ў сьнежні і на пачатку студзеня жыхарам Польшчы, ды і Беларусі таксама здавалася, што сапраўдная зіма пра іх забыла, то цяпер аказалася, што ўсё ж такі зіма прыйшла, і прынесла нямала праблем. Праз Польшчу прайшоў ураган, якому далі мілагучнае імя "Фрыдэрыке".

Найбольшыя страты ўраган прынёс жыхарам паўднёвай часткі краіны – у Ніжняй Сілезіі вецер быў на столькі моцны, што ламаў дрэвы і зрываў дахі з дамоў. Мінулай ноччу пажарныя каманды выяжджалі на выкліках 240 разоў. Прэс-сакратар Ваяводзкай пажарнай аховы ў Вроцлаве Даніэль Муха распавёў, што ўраганны вецер пашкодзіў у рэгіёне 44 дахі, а з мясцовасьці Строне Сьлёнске неабходна было эвакуіраваць жыхароў.

Д. Муха: Вецер поўнасьцю сарваў дах. Дах проста паляцеў разам з ветрам. У сувязі з гэтым неабходна было эвакуіраваць усіх жыхароў з гэтага будынку – 15 чалавек. Яны атрымалі часовае месца пражываньня.

Ураганны вецер – гэта не адзіная праблема, з якой сутыкнуліся мінулай ноччу жыхары Польшчы. Пры нагодзе ў многіх гарадах назіраліся інтэнсіўныя ападкі сьнегу. У выніку прыйшлося перакрыць рух самалётаў на некаторых лётнішчах. Гаворыць прэс-сакратар пажарнай аховы Польшчы Павел Фронтчак.

П. Фронтчак: Сьнегапад і моцны вецер выклікаў ускладненьні руху самалётаў. Завіруха выклікала шматлікія спазьненьні ў руху самалётаў у сямі аэрапортах. Такая сытуацыя была ня толькі на лётнішчы імя Шапэна ў Варшаве, але таксама ў аэрапортах Гданьска, Шчэціна, Вроцлава, Познані, Катавіцэ ды ў Модліне.

Ураганны вецер пазрываў таксама шмат ліній электраперадач. Улады абяцаюць, што яшчэ ў пятніцу ўсе аварыі ўдасца зьліквідаваць. Урад адзначае таксама, што ў выпадку пагаршэньня сытуацыі ў надвор’і на дапамогу могуць прыйсьці жаўнеры. Пра гэта запэўнілі міністры старшыню рады міністраў Матэвуша Маравецкага на адмысловай нарадзе, прысьвечанай наступствам урагану. У сустрэчы ўдзельнічалі міністар аховы здароўя Лукаш Шумоўскі, міністар энэргіі Кшыштаф Тхужэўскі і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар польскага ўраду Яанна Капціньска.

Я. Капціньска: Прадстаўнік міністэрства энэргіі абяцаў, што большасьць аварый удасца ліквідаваць за некалькі гадзін, а да канца дня пастаўкі электраэнэргіі будуць адбывацца бесьперашкодна ўсюды. Міністар абароны заявіў, што ў выпадку пагаршэньня ўмоваў надвор’я дапамогу гатовыя аказаць жаўнеры – каля васьмі тысяч салдат чакае загадаў, а таксама тысяча чатырыста адзінак ваеннай тэхнікі.

Пасьля таго, як па Польшчы пранёсься цыклён "Фрыдэрыке", каля 30 тыс. дамоў было пазбаўлена энэргазабесьпячэньня, пераважна на поўдні краіны. Па словах Яанны Капціньскай, улады сочаць за сытуацыяй і гатовыя да рашучых дзеяньняў.

Я. Капціньска: Усе людзі, якім патрэбная дапамога, гэтую дапамогу атрымаюць. Менавіта дзеля таго, каб магчы хутка рэагаваць на сытуацыю, прэм’ер-міністар склікаў надзвычайную нараду міністраў. Такім чынам прэм’ер старанна сочыць за разьвіцьцём падзей.

Найгоршая сытуацыя была ноччу, цяпер вецер пакрысе сьціхае, ураган страчвае сваю сілу. У выніку разгулу стыхіі дзьве асобы былі лёгка параненыя, калі ўраганны вецер сьпіхнуў аўтобус з дарогі на абочыну. На шчасьце, абышлося без сьмяротных ахвяраў.

Улады вельмі хутка рэагуюць на падзеі, навучаныя горкім вопытам, што грамадзтва доўга памятае бязьдзейнасьць кіраўніцтва дзяржавы ў такіх сытуацыях. Прадстаўнікі ўладных структур вельмі баяцца, каб не паўтарылася сытуацыя, якая здарылася летам мінулага году, калі па краіне таксама прайшоў ураганны вецер, былі сьмяротныя ахвяры, а ўлады адрэагавалі зь невялікім спазьненьнем – былі канікулы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт