Logo Polskiego Radia
Print

14 лютага - ня толькі Дзень закаханых, але і Папялец

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.02.2018 16:50
Як веруючыя павінны ставіцца да гэтага супадзеньня, ці касьцёл дазваляе гулянку?
www.pixabay.com/CC0 Public Domain

14 лютага ў касьцёле адзначаецца гэтак званая Папяльцовая серада – першы дзень Вялікага посту ў каталікоў, за 40 дзён да Вялікадня. У гэтым годзе Папялец супаў з радасным сьвятам закаханых, Днём сьвятога Валянціна. Як веруючыя людзі павінны ставіцца да гэтага супадзеньня, ці касьцёл дазваляе сьвяткаваць у гэты дзень?

Ня часта здараецца, каб супалі дзьве важныя для многіх людзей падзеі – Папялец і Дзень закаханых. Асабліва важна для вернікаў, канешне, трымацца абрадаў, зьвязаных з Папяльцовай серадой. Праўда, сьвята закаханых носіць імя сьвятога Валянціна, а ў некаторых каталіцкіх дыяцэзіях адзначаюць памяць сьвятога, то ўсё ж такі гэта сьвецкае сьвята. Тым ня менш, можна спалучыць Папялец і Дзень закаханых. Сьвятары гэта дазваляюць, але пры адной умове. Хрысьціяне не павінны забываць, што сёлета 14 лютага – гэта дзень спакою і задумы. Таму непрымальнымі зьяўляюцца вельмі гучныя забавы.

Нагадаем яшчэ, чаму Папялец атрымаў такі назоў. Ён паходзіць ад абраду пасыпаньня галоў вернікаў падчас набажэнства попелам вярбы, якая была пасьвечаная ў мінулым годзе на Вербніцу. Гэта павінна нагадаць хрысьціянам пра пакутніцтва. Ксёндз пры гэтым прамаўляе наступны сказ з Бібліі: «Памятай, што прах ты, і ў прах вернесься». Што азначае гэтая фраза, тлумачыць ксёндз Міхал Мікалайчак.

М. Мікалайчак: Гэта фармуліроўка, якая датычыць прамінаньня і марнасьці нашага жыцьця. Словы, якія гучаць у гэты дзень на імшы, датычаць таксама нашай веры ў Бога. А Папяльцовая серада асаблівым чынам датычыць таямніцы прысутнасьці Бога, які пакутуе, які неўзабаве аддасьць жыцьцё за ўсіх нас, за мяне і за цябе.

Супадзеньне ў гэтым годзе Папяльца і Дня закаханых можна ўспрымаць як знак ад Бога, які хоча, каб закаханыя людзі падумалі пра найважнейшы сэнс сапраўднага каханьня. Яно ж заключаецца не ў тым, каб дарыць вялікія букеты кветак або шмат шакалядных цукерак, а ў тым, каб закаханыя разам падумалі пра любоў Хрыста да ўсіх людзей, разам пайшлі ў храм памаліцца.

А якім чынам людзі ў Польшчы ўспрымаюць 14 лютага, сьвята закаханых, і ці яны зьбіраюцца нешта рабіць у гэты дзень? Вось што казалі жыхары Жэшава, якіх пра гэта спыталі.

Жыхары: Калі ў кагосьці ёсьць другая палавінка, то самае важнае – правесьці разам з ёй гэты дзень, а не хадзіць па барах і бавіцца.

Можна куды-небудзь паехаць, кароткае падарожжа ў горы, на мора. Усё залежыць ад таго, што хто любіць. Можа, паход у кінатэатар, рамантычны вечар удваіх.

А я хутчэй не адзначаю. Ведаю, што ёсьць такі Дзень закаханых, але гэта не наша сьвята. У нас ёсьць Сьвята жанчын.

На працягу ўсяго году трэба паказваць іншым нашы пачуцьці да іх, а ня толькі ў гэты адзін дзень.

Як мы пачулі, ня ўсе пазытыўна ставяцца да гэтага сьвята, якое лічыцца чымсьці чужым, што прыйшло з-за мяжы. Праўда, гандлёвыя аб’екты ахвотна карыстаюцца Днём сьвятога Валянціна, каб нагадваць людзям пра чарговую нагоду купіць падарунак сваім блізкім, але на шчасьце гэтая мода яшчэ не прыжылася. Многія дораць блізкім людзям кветкі або цукеркі, але рэдка нешта большае. А ў гэтым годзе трэба яшчэ адмаўляцца ад гучнага сьвяткаваньня Дня закаханых. Гэта нават было б нязручна зрабіць, бо калі хтосьці зьяўляецца шчыра веруючым чалавекам, ён павінен стрымацца ў гэты дзень ад спажываньня мяса і агулам ад карыстаньня багата застаўленым сталом. Наесьціся ўволю можна толькі адзін раз у дзень, а два разы – патроху.

Нагадаем, Папялец пачынае Вялікі пост, які працягнецца да Вялікага чацьвярга перад Вялікаднем.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт