Logo Polskiego Radia
Print

Эўразьвяз заўважыў барацьбу Польшчы з падатковымі махлярамі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.02.2018 16:42
Падлікі Эўракамісіі могуць быць яшчэ больш аптымістычныя, чым прагнозы польскага мінфіну.
фото: pixabay.com/domena publiczna

Эўрапейская камісія хваліць польскі ўрад за большую герметычнасьць падатковай сыстэмы. Абмежаваньне структурнага дэфіцыту – гэта для эўрапейскіх чыноўнікаў важная прыкмета, што Польшча зьяўляецца надзейным эканамічным партнэрам.

З уступных падлікаў вынікае, што каля 7-9 млрд. злотых даходу летась ад падатку на дадзеную вартасьць (ПДВ) – гэта вынік большай шчыльнасьці падатковай сыстэмы – кажа выданьню «Dziennik Gazeta Prawna» інфарматар з камісіі. Дакладныя дадзеныя паявяцца празь нейкі час, паколькі падатковы год, згодна мэтадалёгіі Эўрастату, працягваецца ад лютага да канца студзеня.

Хутчэй за ўсё падлікі ЭК акажуцца яшчэ больш аптымістычныя, чым прагнозы польскага Міністэрства фінансаў, якое прадбачвала, што дзякуючы зьменам у падатковай сыстэме ўдасца павялічыць даход ад падатку ПДВ на прыкладна 6 млрд. злотых.

Прызнаньне з боку Брусэля посьпехаў у гэтай галіне зьяўляецца ня толькі прэстыжным. Дадзеныя грошы дазволяць зьменшыць структурны дэфіцыт, паказчык, які сьведчыць, у якім стане знаходзяцца дзяржаўныя фінансы. Да гэтага часу ў статыстыках ЭЗ Польшча атрымлівала ня самую высокую адзнаку. Выдаткі з дзяржаўнага бюджэту расьлі, галоўным чынам з-за ўвядзеньня праграмы дапамогі сем’ям зь дзецьмі «Сям’я 500+» і паніжэньню пэнсійнага ўзросту. Калі ўдасца дабіцца заплянаванага на гэты год паляпшэньня ўзроўню спагнаньня падаткаў, то структурны дэфіцыт можа быць меншы.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт