Logo Polskiego Radia
Print

Кіраўнікі балтыйскіх краін сустрэліся з прэзыдэнтам Трампам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 03.04.2018 17:53
Яны папрасілі ў ЗША прыслаць больш войскаў ды ўмацаваць абарону ўсходніх межаў NATO.
Foto: SHAWN THEW/PAP/EPA

Балтыйскія краіны непакоіць агрэсіўная зьнешняя палітыка Крамля.

У Вашынгтоне праходзіць сёньня сустрэча кіраўнікоў прыбалтыйскіх краін з амэрыканскім прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Амэрыканскі прэзыдэнт прымае ў Белым доме прэзыдэнта Летувы Дылю Грыбаўскайтэ, Латвіі Раймандса Вэёніса ды Эстоніі Керстці Кальяляйд.Сустрэча ў вярхах у Вашынгтоне дэманструе надзвычай блізкія кантакты ЗША з балтыйскімі краінамі, паведамляецца ў камунікаце Белага дома. На сустрэчы абмяркоўваецца сумесная палітычная дэклярацыя трох краін ды ЗША. Больш падрабязна з Вашынгтону перадае карэспандэнт Польскага радыё Каміль Залеўскі.

Каміль Залеўскі: Сустрэчу з прэзыдэнтамі Летувы, Латвіі ды Эстоніі ініцыяваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Галоўная тэма сустрэчы – стагодзьдзе незалежнасьці балтыйскіх краін. Гэтым крокам Белы дом хоча падкрэсьліць значэньне стратэгічнага партнэрства ЗША з гэтымі краінамі. Падчас сустрэчы абмяркоўвалася дэклярацыя, якая вызначае напрамкі далейшага супрацоўніцтва краін Балтыі з Амэрыкай. Абмяркоўваліся пытаньні бясьпекі ў дадзеным рэгіёне, а таксама справы зьвязаныя з самітам NATO, які неўзабаве пройдзе ў Бруселі. Лідары краін Балтыі закранулі таксама справу рэформы абарончай сыстэмы альянсу і далейшага ўдзелу ЗША ў павышэньні абароназдольнасьці ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы. Падчас сустрэчы таксама абмяркоўваліся пытаньні, зьвязаныя з умацаваньнем двухбаковых эканамічных стасункаў, у тым ліку ў галіне энэргетыкі ды адукацыі.

Гэтае супрацоўніцтва разьвіваецца. Летува стала адной зь першых краін ва Ўсходняй Эўропе, якая пачала імпарт звадкаванага газу з Амэрыкі. Цяпер амэрыканскі LNG купляюць ужо восем эўрапейскіх краін. Гэта чарговы крок да дывэрсыфікацыі крыніц энэргіі ды незалежнасьці рэгіёна ад Газпрому. Балтыйскія краіны імкнуцца ўмацаваць гэты працэс. Аднак найбольш іх цікавяць пытаньні абароны ды стрымліваньня Расеі. У свой час краіны Балтыі былі глыбока ўзрушаныя перадвыбарчай рыторыкай Трампа, які крытыкаваў NATO. Пазьней занепакоенасьць выклікала неаднаразова нежаданьне амэрыканскага лідара крытыкаваць прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Гэтыя настроі ўзмацніла ўчорашняе трампаўскае запрашэньне Пуціну наведаць Белы дом з афіцыйным візытам. На гэта зьвяртаюць увагу амэрыканскія журналісты ў кантэксьце візыту. Гаворыць Тамара Кіт з парталу NPR.

Тамара Кіт: Гэты саміт праходзіць у вельмі цікавы момант у амэрыканска-расейскіх стасунках. Цяпер момант сапраўднага выкліку, у зьвязку з рознымі справамі, сярод якіх - расейскае ўмяшальніцтва ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары, амэрыканскія санкцыі супраць Расеі ў адказ на гэта, да гэтага даходзіць высылка дыпляматаў у адказ на расейскую хімічную атаку ў Вялікабрытаніі. У гэты момант кіраўнікі балтыйскіх краін прыехалі ў ЗША па сыгнал ад прэзыдэнта Трампа, чакаючы ад яго больш жорсткіх выказваньняў ды большай гатоўнасьці да супрацьдзеяньня расейскай агрэсіі. Думаю, ім будзе няпроста такое пачуць.

У кантэксьце стрымліваньня Крамля, балтыйскія краіны хацелі б, каб ЗША накіравала на пастаяннай аснове ў рэгіён супрацьракетныя комплексы Патрыёт, і таксама, каб іх тэрыторыя была ахопленая эўрапейскім супрацьракетным шчытом NATO. Вашынгтон пакуль не пацьвярджае, што падобнае рашэньне прынятае. З нагоды саміту было толькі заяўлена, што «мэта сустрэчы - узмацніць партнэрства паміж ЗША ды балтыйскімі краінамі» ды падкрэсьліць, што ЗША зацікаўлены сытуацыяй у «Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе».

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт