Logo Polskiego Radia
Print

Амэрыка кідае курдаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.04.2018 16:12
Прэзыдэнт ЗША заявіў, што выведзе з Сырыі амэрыканскія войскі.
Foto: pixabay.com/CC0

Курды, дзякуючы якім удалося перамагчы Ісламскую дзяржаву, заяўляюць, што Вашынгтон іх кінуў ды здрадзіў. Яны абяцаюць спыніць змаганьне з радыкаламі, піша штодзёнка «Gazeta Wyborcza».

«Неўзабаве мы пачнём пакавацца. Вяртаемся да дому, туды, дзе мы хочам быць, там, дзе нашае месца. Няхай іншыя займаюцца гэтым усім». Гэтыя словы прамовіў на днях амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп насуперак меркаваньням дарадцаў ды чаканьням саюзьнікаў.

Экспэрты кажуць, што нягледзячы на значныя страты, Ісламская дзяржава не зьнішчана. Арганізацыя мае больш за 2 тысяч байцоў, якія хаваюцца ўздоўж ірацкай мяжы. Амэрыка сама не ў стане іх перамагчы без падтрымкі Сырыйскіх дэмакратычных сілаў. Асноўнае ядро гэтых сілаў складаюць менавіта атрады курдаў.

Два месяцы таму яны спынілі змаганьне з ісламістамі ды кінулі ўсе сілы на стрыманьне маршу туркаў на Афрын. Вашынгтон не крытыкуе палітыку Анкары, заявіўшы, што нічога курдам не абяцаў, піша выданьне. У адказ на гэта курдзкія сілы заяўляюць, што, калі ЗША канчаткова спыняць сваю падтрымку, яны перастануць перасьледаваць недабіты халіфат. Маўляў, хай амэрыканцы самі завяршаюць тое, што для іх важна. Курды адчуваюць сябе кінутымі.

У гэтых умовах усё больш верагодным выглядае сцэнар, што далейшы лёс Сырыі вырашаць тры краіны: Расея, Іран ды Турэччына, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт