Logo Polskiego Radia
Print

Завяршаецца Эўрапейскі эканамічны кангрэс у Катавіцэ

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.05.2018 15:30
  • кангрэс.mp3
У выніку як афіцыйных, так і нефармальных сустрэч нараджаюцца новыя ідэі і ствараюцца лепшыя ўмовы разьвіцьця.
Выступленьне М. Маравецкага на кангрэсеВыступленьне М. Маравецкага на кангрэсеPAP/Andrzej Grygiel

У сераду ў горадзе Катавіцэ на поўдні Польшчы заканчваецца трохдзённы Эўрапейскі эканамічны кангрэс. У мерапрыемстве ўдзельнічае каля 11 тыс. гасьцей, якія абмяркоўваюць самыя розныя тэмы – ад будучыні зоны адзінай эўрапейскай валюты, праз тэхналягічную рэвалюцыю, прамысловасьць, свабодны гандаль, па экалёгію, ахову клімату ды іншае.

Сёлета кангрэс адбываецца ўжо дзясяты раз. У яго рамках заплянавана больш за 150 сэсій з удзелам каля 900 выступоўцаў. Сярод удзельнікаў – камісары Эўрапейскага Зьвязу, прэм’ер-міністры, прадстаўнікі ўрадаў эўрапейскіх краін, муніцыпальныя дзеячы, старшыні буйных кампаній, навукоўцы і прадпрымальнікі. Размовы на сустрэчы часьцей за ўсё прымаюць форму адкрытых дэбатаў, у якіх удзельнікі закранаюць тэмы, самыя істотныя для разьвіцьця і будучыні Эўропы.

На кангрэсе выступаў між іншым прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі. Ён заявіў, што дагэтуль фундамэнтам польскага капіталізму былі прыватызацыя і продаж нацыянальных кампаній замежным фірмам. «Цяпер будзе інакш», – адзначыў Маравецкі.

М. Маравецкі: На працягу наступных 25 гадоў я хачу аказваць падтрымку польскай уласнасьці, я хачу падтрымліваць польскія фірмы. Мая мэта – стварыць такія ўмовы разьвіцьця, каб як мага больш малых кампаній станавіліся вялікімі, разьвіваліся дзякуючы інавацыям. Гэта магчыма тады, калі мы створым як мага лепшыя ўмовы для малых прадпрыемстваў, а падыход да вялікіх кампаній будзе аднолькавы і рашучы.

Удзельнікі дыскусіі былі згодныя, што ў Польшчы назіраецца празьмерная законавытворчасьць, заканадаўчая ўлада стварае вельмі шмат законаў за кароткі час, без неабходнай кансультацыі з экспэртамі. Каб прачытаць усе новыя заканадаўчыя акты, трэба штодзённа тры з паловай гадзіны іх чытаць, – казаў Марэк Якубік з партыі Кукіз’15. Законы, датычныя падатку на дададзеную вартасьць, налічваюць каля аднаго мільёна старонак, існуюць інтэрпрэтацыі, як чытаць іншыя інтэрпрэтацыі. Гэта абсурд. Усе падатковыя законы трэба было б выкінуць і напісаць права з нуля, – дадаў Якубік.

На думку прафэсара эканамічных навук, былога міністра фінансаў Гжэгажа Калодкі, дзяржава павінна канцэнтраваць свае высілкі на такіх рашэньнях, якія дазволяць прадпрымальнікам фармаваць капітал ды эфэктыўна інвэставаць, але таксама ашчаджаць. Меркаваньнем Калодкі, эканамічную палітыку можна лічыць самай эфэктыўнай палітыкай ураду партыі «Права і справядлівасьць», хаця і тут можна мець сумненьні наконт таго, ці патрэбныя дзяржаве такія грандыёзныя праекты, як будаўніцтва каналу праз Вісьлінскую касу або Цэнтральны аэрапорт.

А палітыкі дзеючага ўраду казалі пра разьвіцьцё бізнэсу. Польшча павінна клапаціцца вельмі старанна пра разьвіцьцё малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія зьяўляюцца стрыжнем эканомікі. На гэта зьвяртала ўвагу на кангрэсе міністар фінансаў Тэрэса Чэрвіньска. Яна адзначыла, што гэта не пустыя словы, паколькі ўрад плянуе па гэтым пытаньні канкрэтныя новаўвядзеньні.

Т. Чэрвіньска: Асноўны бар’ер разьвіцьця бізнэсу або інвэстыцый заключаецца зусім не ў высокіх падатках, а ў перашкодах юрыдычнага ды адміністрацыйнага характару. Таму з аднаго боку мы плянуем панізіць падатак для прадпрымальнікаў з 13 да 9%, пра што казаў прэм’ер-міністар Маравецкі, але з іншага боку мы хочам, каб падатковая сыстэма не выклікала разгубленасьці ў бізнэсоўцаў, каб яна была простая, прыязная і празрыстая.

Польскія фірмы павінны пазбывацца ад комплексаў, паколькі іх прадукты вельмі часта зусім ня горшай, а нават лепшай якасьці, чым сусьветных гігантаў. Гэтая тэма таксама абмяркоўвалася падчас сустрэчы ў Катавіцэ. Тым ня менш, ёсьць галіны, якія адстаюць нават на 30 гадоў у параўнаньні з узроўнем разьвіцьця заходніх канкурэнтаў. Гэта, напрыклад, біятэхналёгія. Каб нагнаць страчаны час, патрэбныя ня толькі інвэстыцыі і новыя лябараторыі, але таксама радыкальная рэформа навукі. На думку ўдзельнікаў дэбатаў, арганізацыя навукі ў Польшчы не дазваляе стварыць навукоўцам аптымальныя ўмовы працы, таму ў выніку многія выбітныя вучоныя зьяжджаюць у іншыя краіны.

Эўрапейскі эканамічны кангрэс у Катавіцэ завяршаецца, але ў выніку як афіцыйных, так і нефармальных сустрэч удзельнікаў нараджаюцца новыя ідэі і ствараюцца лепшыя ўмовы разьвіцьця розных галін эканомікі. На думку арганізатара кангрэса Войцеха Кусьпіка, ня маеш важнымі, чым афіцыйныя, зьяўляюцца размовы ў кулюарах.

В. Кусьпік: Вельмі часта мы чуем ад прадпрымальнікаў, што кангрэс – гэта з аднаго боку адкрытыя дэбаты, але з іншага – дзясяткі, сотні, тысячы сустрэч. Гэтыя сустрэчы вельмі натхняльныя, у іх выніку паўстаюць канкрэтныя праекты, паяўляюцца канкрэтныя вынікі гэтых сустрэч.

Мэдыя-падтрымку Х Эўрапейскаму эканамічнаму кангрэсу, які завяршаецца ў Катавіцэ, аказвае Польскае радыё.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт