Logo Polskiego Radia
Print

Польскі саноўнік наведаў Беларусь

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.06.2018 14:02
  • Міністар канцылярыі.mp3
Тэмай візыту на Гарадзеншчыне была сытуацыя польскай меншасьці і дзейнасьць польскіх школ у Беларусі.
Foto: twitter.com/AngelikaBorys

Міністар канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Адам Квяткоўскі, які займаецца кантактамі з польскай дыяспарай за мяжой, наведаў Беларусь. Падчас двухдзённага візыту міністар завітаў у Гародню ды Ваўкавыск.

У суботу Адам Квяткоўскі наведаў польскія месцы памяці ў Гародні. Міністар усклаў кветкі і запаліў зьнічы пад Катыньскім крыжам, на магілах абаронцаў Горадні на гарнізонных могілках, а таксама на магіле Элізы Ажэшкі. У Гародні з міністрам паразмаўляў карэспандэнт Польскага радыё ў Беларусі Ўладзімеж Пац.

Уладзімеж Пац: Міністар зазначыў, што вельмі важна, што ў Гародні ёсьць месца, дзе пахаваныя героі, якія змагаліся за незалежную Польшчу. Міністар зазначыў, што варта прыяжджаць у Беларусь, каб убачыць тыя землі, пра якія палякам расказваюць на ўроках гісторыі. Міністар Адам Квяткоўскі прыехаў на Гарадзеншчыну на запрашэньне непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі. Ён таксама наведаў горад Ваўкавыск.

“Ваўкавыск – важны горад для палякаў, якія жывуць у Беларусі”, - патлумачыў генэральны консул Польшчы ў Гародні Яраслаў Ксёнжэк.

Яраслаў Ксёнжэк: Там працуе польская школа, ёсьць шмат месцаў памяці, а паводле афіцыйнай статыстыкі там жыве каля 40% палякаў.

У нядзелю Адам Квяткоўскі завітаў у Ваўкавыск. Палітык сустрэўся з польскай моладзьдзю, з актывістамі СПБ, усклаў кветкі на магілах жаўнераў, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны, каля крыжа ў гонар паўстанцаў 1863-га года, таксама наведаў польскую грамадзкую школу, якая працуе ў горадзе. Міністар цікавіўся пытаньнямі ўшанаваньня памяці ды набору вучняў у школу.

Адам Квяткоўскі: Мы мусім памятаць пра нашых загінуўшых суайчыньніках. Рабіць усё, каб знайсьці ды ідэнтыфікаваць зьніклых, каб іх імёны ды прозьвішчы сталі вядомыя, а іх целы былі годна пахаваныя. Таксама з нашых размоваў тут у Ваўкавыску, ды ня толькі, вынікае, што ёсьць патрэба большай колькасьці такіх месцаў, дзе была бы магчымасьць навучаньня польскай мовы. Такіх месцаў павінна быць як мага больш.

Дырэктар школы Галіна Булай патлумачыла, што набор вучняў пачнецца 12 чэрвеня, цяпер ідзе прыём заявак ад зацікаўленых бацькоў.

Галіна Булай: На першы бацькоўскі сход прыйшлі 23 асобы, аднак мы ня можам прыняць дакумэнты ад усіх. Пакуль ёсьць загад прыняць 18 чалавек.

Беларускія чыноўнікі тлумачаць уведзеныя абмежаваньні тым, што нельга прыняць большую колькасьць вучняў з-за санітарных нормаў. Дырэктарка школы спадзяецца, што яны ўсё ж змогуць прыняць усіх жадаючых. Летась таксама было так, што на пачатку былі абмежаваньні, а потым прынялі 27 вучняў.

Палякі, якія жывуць у Ваўкавыску, вельмі высока ацанілі візыт польскага міністра. Кіраўніца ваўкавыскага аддзяленьня СПБ Марыя Цішкоўска зазначыла, што прыезд гасьцей з Польшчы мае вельмі важнае значэньне.

Марыя Цішкоўска: Вялікі дзякуй, што да нас прыяжджаюць з візытам прадстаўнікі польскіх уладаў, што яны дапамагаюць ды падтрымліваюць нас. Чакаем новых гасьцей.

03-04 чэрвеня на запрашэньне Саюза палякаў Беларусі з афіцыйным візытам Гарадзеншчыну наведаў міністар канцылярыі прэзыдэнта Адам Квяткоўскі, які займаецца кантактамі з польскай дыяспарай за мяжой. Галоўнымі тэмамі візыту былі сытуацыя польскай меншасьці ды дзейнасьць польскіх школ у Беларусі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт