Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы могуць змяніць закон, які забраў пэнсіі ў сілавікоў часоў ПНР

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.10.2018 15:43
Польскі друку не выключае, што згаданы крок – элемэнт перадвыбарчай гонкі.
Аўтамабіль Alfa Romeo 159 дарожнай паліцыі Польшчы Аўтамабіль Alfa Romeo 159 дарожнай паліцыі Польшчы roovuu/flickr.com

Дзяржаўны бюджэт Польшчы зэканоміў 620 млн злотых ($165 млн) у выніку ўвядзеньня з пачаткам 2017 году Закону аб пазбаўленьні прывілеяў супрацоўнікаў камуністычных службаў бясьпекі, – паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Людзям, якія ад 22 ліпеня 1944 да 31 ліпеня 1990 году працавалі ў сілавых структурах, да мінімуму абрэзалі пэнсіі. Закон ахапіў таксама супрацоўнікаў, якія да 1990 году прапрацавалі ўсяго некалькі дзён, а потым ужо працягвалі службу ў новай Польшчы. Ім таксама значна скарацілі пэнсійныя выплаты.

Цяпер сьпікер парлямэнту, прадстаўнік кіроўнай партыі, якая й была ініцыятарам прыняцьця дакумэнту, зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з пытаньнем, ці згаданы закон не парушае Канстытуцыі Польшчы. Атрымліваецца, што кансэрватыўна-каталіцкая партыя «Права й справядлівасьць» вырашыла адмяніць адзін з пунктаў Закону аб пазбаўленьні прывілеяў супрацоўнікаў камуністычных службаў бясьпекі.

Gazeta Wyborcza спрабавала высьветліць, чаму партыя адмаўляеца ад закону, якім ганарылася й лічыла яго актам грамадзкай справядлівасьці. Палітыкі ПіС ухіляюцца ад адказу. У выпадку, калі Канстытуцыйны суд пацьвердзіць спрэчнасьць з асноўным законам, 30 тысяч супрацоўнікаў паліцыі атрымае назад забраныя грошы. А дзяржбюджэт будзе вымушаны вярнуць 300 млн злотых ($80 млн) за кожны год.

Ананімныя крыніцы GW лічаць, што ўлады баяцца, што паліцыя збунтуецца. Тым больш, што ўжо некалькі месяцаў працягваецца пратэст функцыянэраў, а на пачатку кастрычніка прайшла ў Варшаве 30-тысячная дэманстрацыя супрацоўнікаў сілавых структур.

Паліцыя з самага пачатку крытычна выказвалася пра згаданы закон, які б'е па супрацоўніках, што змагаліся са злачыннасьцю ў свабоднай Польшчы, а перад гэтым прапрацавалі кароткі час у структурах, якія лічацца цяпер камуністычнымі.

Gazeta Wyborcza робіць выснову, што ўлады ідуць на саступкі паліцыі, каб яна не збунтавалася; па-другое, гэта можа быць перадвыбарчы трук. Пэрыядычнае выданьне нагадвае, што сумнеўным законам, улічваючы сем'і, ахоплена 100 тысяч выбаршчыкаў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт