Logo Polskiego Radia
Print

Польскія ўлады адмаўляюцца ад рэформы, каб не псаваць адносін з ЭЗ

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.11.2018 13:33
Усе судзьдзі і трое старшынь Вярхоўнага суду вяртаюцца на працу.
Вярхоўны суд ПольшчыВярхоўны суд ПольшчыWikimedia Commons/Darwinek/CC BY-SA 3.0

Польскія ўлады хацелі б вярнуцца да перамоваў з Брусэлем на тэму судовай сыстэмы Польшчы – піша «Rzeczpospolita». Дзеля гэтага ў краіне ў маланкавым тэмпе ўводзяцца папраўкі ў закон аб Вярхоўным судзе. Усе судзьдзі і трое старшынь, якіх выслалі на пэнсію ў выніку ранейшай рэформы, вяртаюцца на працу і змогуць застацца на сваіх пасадах да 70-га году жыцьця.

Гэта стала магчыма дзякуючы прынятаму ў сераду законапраекту. Па словах міністра Канцылярыі прэзыдэнта Анджэя Дэры, папраўкі былі прынятыя, каб Польшчы не прыйшлося плаціць штраф. Гэта істотны прарыў у спрэчцы паміж Польшчай ды Брусэлем. Яшчэ ў аўторак віцэ-старшыня Эўрапейскай камісіі Франс Цімэрманс казаў, што няма добрых навін з Варшавы. Такім чынам страчвае падставы скарга ЭК у Эўрапейскі суд на польскі закон аб Вярхоўным судзе. Аднак няма ўпэўненасьці, што Брусэль адмовіцца ад абвінавачваньня Польшчы, таму працэс можа цягнуцца далей.

Справа ў тым, што Цімэрманс не давярае польскаму ўраду, які ня раз парушаў дадзенае абяцаньне, – кажа выданьню ананімны суразмоўца з Эўрапейскай камісіі.

Эўрапейскі суд атрымаў на разгляд яшчэ адну скаргу Эўракамісіі супраць Польшчы. Яна датычыць закону аб судах агульнай юрысдыкцыі. Камісія прадставіла свае засьцярогі наконт надта шырокай кампэтэнцыі міністра юстыцыі, які можа падаўжаць тэрміны паўнамоцтваў старшынь судоў і судзьдзяў, а таксама прызначаць старшынь судоў і вызваляць іх ад займаемых пасад.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт