Logo Polskiego Radia
Print

2018 год у Польшчы запомніўся новым урадам ды эканамічным ростам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 31.12.2018 14:12
  • 2018 год у Польшчы.mp3
2018-м год быў для Польшчы пазытыўным: эканоміка краіны расла, не было крызісаў, адзначаўся юбілей адраджэньня незалежнасьці.
Foto: PAP/Tomasz Gzell

2018 год паволі адыходзіць у мінулае. У Польшчы падводзяць вынікі мінаючага года. У памяці экспэртаў ды журналістаў засталіся наступныя падзеі.

Гэта зьмены ва ўрадзе, калі ў краіне зьявіўся новы прэм’ер, які вызначыў новы курс для Польшчы. Гэта пазытыўна паўплывала на эканоміку, якая паказала 5% рост у 2018 годзе. 2018-м запоўніўся таксама рашэньнем абмежаваць гандаль у нядзелю, ды мясцовымі выбарамі, якія паказалі, што ў Польшчы набірае папулярнасьць апазыцыя. Важнай падзеяй адыходзячага года ў Польшчы стала сьвяткаваньне 100 гадавіны адраджэньня незалежнасьці краіны.

2018-ы год у Польшчы пачаўся са зьмены ўраду. 9 студзеня ў Польшчы адбылася рэканструкцыя ўрады. Новапрызначаны прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі зьмяніў шэраг міністраў ды прадставіў праграму эканамічнага разьвіцьця для Польшчы.

Матэвуш Маравецкі: Польшча, як карабель пад ветразем, які плыве па неспазнаных марах ды акіянах. Ці ён даплыве ў порт, знойдзе новыя шляхі, – гэта залежыць ня толькі ад моцы мачтаў ды ветразяў, але ад каманды. У асаблівы год 100 гадавіны адраджэньня незалежнасьці Польшчы, мы маем вялізарны абавязак стаць урадам вялікай мадэрнізацыі Польшчы, мадэрнізацыі для людзей, для польскіх сем’яў, для польскага грамадзтва, каб узмацніць польскую дзяржаву.

Гэтыя зьмены мелі пазытыўны эфэкт. У 2018-ы годзе эканоміка Польшчы вырасла больш чым на 5%, інвэстыцыі расьлі з хуткасьцю 7,5%, было створана 539 тысяч новых месцаў працы. Гэта быў добры год для польскай эканомікі, перакананы дырэктар Польскага эканамічнага інстытут Пётр Арэк.

Пётр Арэк: Мы выйшлі на пік эканамічнага росту ды да такой эканамічнай каньюнктуры ў Польшчы, якой мы ня бачылі ўжо дзесяць год. Эканамічны рост паўплываў на рост даходаў у нашых гаманцах, гэта надзвычай пазытыўная зьява. Мне здаецца, што гэты год быў лепшы чым многія чакалі. Я сам быў зьдзіўлены, што наша эканоміка так добра разьвівалася.

2018 год запоўніўся таксама рашэньнем ураду Польшчы абмежаваць гандаль у нядзелю. 11 сакавіка стала першай «негандлёвай нядзеляй». Праз год у Польшчы будзе дзейнічаць поўная забарона на гандаль у нядзелі. 43% палякаў падтрымліваюць дадзенае рашэньне, але 42% – супраць. З часам палякі да гэтага прызвычаяцца, перакананы Яцэк Лісьневіч з выданьня «Gazetа Polskа Codziennie».

Яцэк Лісьневіч: Сацыялягічныя апытаньні перадаюць атмасфэру ў грамадзтве. Я сам нават быў перакананы, што пакупкі ў нядзелю для многіх людзей – гэта важна. Высьвятляецца, аднак, што не зусім. Магчыма наша грамадзтва за апошнія 20 год насыцілася магчымасьцю шпацыраваць у нядзелю паміж буцікамі. Дзьве гандлёвыя нядзелі ў месяц – гэта кампраміс, які з новага года зьменіцца. Цікава як людзі на гэта зрэагуюць, магчыма паставяцца да гэтага з большым незадавальненьнем, магчыма прызвычаяцца.

Важнай падзеяй мінаючага года сталі мясцовыя выбары, якія адкрывалі выбарчы маратон у Польшчы, які пачаўся ў кастрычніку 2018-га года і завершыцца вясной 2020-га года. За гэты час палякі выберуць новыя мясцовыя ўлады (ужо абраныя), новых дэпутатаў эўрапарлямэнту, нацыянальнага парлямэнту ды новага прэзыдэнта. Мясцовыя выбары паказалі, што дзейсны ўрад карыстаецца падтрымкай грамадзтва, расьце таксама падтрымка апазыцыі, але магчыма і зьяўленьне новай сілы ў Польскай палітыцы. Гаворыць публіцыст з газэты «Superexpress» Міраслаў Скаўрон.

Міраслаў Скаўрон: Найважнейшай падзеяй на маю думку былі мясцовыя выбары. Іх вынікі паказалі, што кіроўнай партыі ды апазыцыі вельмі цяжка было здабыць галасы падтрымкі. Партыі «Права і Справядлівасьць» ды «Грамадзянская плятформа» атрымалі сваю максымальную падтрымку. Гэтую сытуацыю хоча выкарыстаць Роберт Бедрань, які хоча стаць польскі Макронам ды на гэтым здабыць уладу ў Польшчы.

Канцоўка 2018-га года прайшла ў Польшчы пад знакам 100-годзья адраджэньня незалежнасьці Польшчы. 11 лістапада ў Варшаве ды ўсёй краіне адбыліся ўрачыстасьці сьвяткаваньня гэтага юбілею. Мерапрыемства зьвязаныя з гэтай датай будуць доўжыцца яшчэ і ў надыходзячым 2019-м годзе. Віншаваньні для Польшчы і палякаў у гэты дзень прыходзілі з усяго сьвету. Некаторыя іх нават засьпявалі. Распавядае ініцыятарка праекту песенных віншаваньняў для Польшчы Зузанна Войдал.

Зузанна Войдал: Запісы прыходзяць адусюль. Між іншым гэта Партугалія, Алепа, Нігерыя, Зімбабве, Бераг Слановай Косьці. Я думаю для гэтых людзей важна выказаць свае суперажываньні. Яны напэўна параўноўваюць гэта з тым, як у ніх адбываецца. У іх таксама ёсьць свае сьвяты. Вядома, палякі будуць гэта інакш перажываць, але важна тое, што для гэтых людзей Польшча мае пазытыўныя асацыяцыі, ім падабаецца гэтая краіна.

2018 год запомніўся палякам яшчэ і спартыўнымі дасягненьнямі. Залаты алімпійскі мэдаль атрымаў польскі скакун на лыжах Каміль Стох, польская валейбольная зборная заваявала тытул чэмпіёнаў сьвету.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт