Logo Polskiego Radia
Print

Польскі прэзыдэнт занепакоены лёсам дзікоў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.01.2019 15:45
  • лёс-дзікоў.mp3
У Польшчы не ўдалося спыніць распаўсюджаньне віруса афрыканскай чумы сьвіней.
Foto: PAP/Rafał Guz

Пад пагрозай апынуўся сьвінагадоўчы сэктар у краіне. Міністэрства сельскай гаспадаркі дамагаецца масавага адстрэлу дзікоў у Польшчы, называючы іх асноўнай крыніцаў распаўсюду віруса. Дадзеная пазыцыя выклікала нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве. Шырацца пратэсты супраць адстрэлу. У сытуацыю вырашыў умяшацца прэзыдэнт.

Афрыканская чума сьвіней (АЧС) – гэта вірусная заразная хвароба, якая закранае толькі сьвіней ды дзікоў. Для людзей небясьпекі не ўяўляе. У Польшчы АЧС упершыню зьявілася ў 2014-м годзе. На сёньняшні дзён зафіксавана 213 выпадкаў захворваньня сярод хатніх сьвіней ды 3180 выпадкі ў дзікоў на тэрыторыі 5 усходніх ваяводзтваў краіны.

Польскія вытворцы сьвініны занепакоеныя сытуацыяй. Асацыяцыя польскіх сьвінагадоўцаў выступіла з заклікам да ўраду правесьці прымусовае скарачэньне папуляцыі дзікоў. Яны лічаць іх асноўнымі разносчыкамі віруса. Вытворцаў падтрымала міністэрства сельскай гаспадаркі. Чыноўнікі запатрабавалі, каб урад правёў скаардынаваны адстрэл дзікоў у маштабе ўсёй краіны. Міністар сельскай гаспадаркі Польшчы Ян Кшыштаф Арданоўскі заявіў, што гэта адзіны магчымы мэтад.

Ян Кшыштаф Арданоўскі: Змаганьне з АЧС патрабуе скарачэньня папуляцыі дзікоў на частцы польскай тэрыторыі. Я абвяргаю зьвесткі пра тое, што паляваньне адбудзецца па ўсёй краіне.

Сялян падтрымала міністэрства навакольнага асяродзьдзя, якое прыняло рашэньне пра правядзеньне ў бліжэйшыя выходныя масавага адстрэлу дзікоў. Акцыяю павінны рэалізаваць структуры з Асацыяцыі паляўнічых Польшчы.

У якасьці аргумэнта «за» польскі бок прыводзіць дзеяньні Нямеччыны, дзе ў сэзоне 2017-18 нямецкія паляўнічыя па загадзе ўрада застрэлілі 836 865 дзікоў, што на 42% больш чым летась. Агулам у Польшчы плянуецца адстрэліць больш за 200 тысяч дзікоў.

Аднак самі паляўнічыя не вельмі жадаюць удзельнічаць у гэтай акцыі. Гаворыць прадстаўнік Польскай паляўнічай асацыяцыі Яраслаў Жукоўскі.

Яраслаў Жукоўскі: Уся гэтая акцыя адбываецца пад ціскам сяльгас вытворцаў ды сьвінагадоўлі. Яны нясуць страты зьвязаныя з абмежаваньнямі ўведзенымі з-за АФС. Яны ня могуць прадаць сьвініну, няма што зь ёй рабіць. У зьвязку яны дамагаюцца, каб хвароба была ліквідавана зусім, каб выбіць на нуль усіх дзікоў. З нашага боку няма такой патрэбы.

Яшчэ больш крытычна рашэньне ўладаў успрымаюць экалягічныя арганізацыі. Маўляў вірус разносяць не дзікі, а людзі, кажа Адам Богдан з Фонду «Дзікая прырода – няхай жыве».

Адам Богдан: Чым больш паляўнічыя выб’юць дзікоў, тым хутчэй ды агрэсіўней вірус будзе разносіцца. Калі мы выб’ем усіх дзікоў, вірус не зьнікне. Бо памылкі робяць людзі. Біяахова амаль не існуе. Галоўная віна з боку чалавека.

Ёсьць альтэрнатыўныя мэтады змаганьня з АЧС, як біялягічная ахова ды санітарны кантроль, кажа Пётр Хмялеўскі з польскага аддзяленьня WWF.

Пётр Хмелеўскі: Дзік – зьяўляецца ключавым элемэнтам лясной экасыстэмы. Напрыклад, гэтая жывёла паядае лічынкі ды чарвякі, якія шкодзяць дрэвам. Таксама выконвае важную санітарную функцыю ў лесе. Апроч таго, дзікі – важны элемэнт у харчаваньні для ваўкоў. У зьвязку з гэтым, не вядома як па прыродзе ўдарыць гэткі экспэрымэнт. Навукоўцы заяўляюць, што ёсьць альтэрнатыўныя мэтады, каб стрымаць вірус.

Эколягаў падтрымала грамадзтва, палякі пачалі масава падпісвацца пад пэтыцыямі супраць адстрэлу (ужо падпісалася больш за 230 тысяч чалавек), далучаюцца да акцый пратэстаў падчас паляваньняў. З адкрытым лістом супраць акцыі да міністра зьвярнуліся польскія навукоўцы, якія зазначаюць, што за апошнія гады ў Польшчы адстрэленыя больш за мільён дзікоў, але выпадкі захворваньня павялічыліся з 44 да больш чым 3 тысяч.

У сытуацыю вырашыў умяшацца прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Кіраўнік польскай дзяржавы запрасіў да сябе з тлумачэньнямі міністраў сельскай гаспадаркі ды навакольнага асяродзьдзя ды Галоўнага вэтэрынара краіны. Больш падрабязна распавядае карэспандэнт Польскага радыё Агнешка Ясік.

Агнешка Ясік: Кіраўнік дзяржавы хоча пазнаёміцца з пазыцыяй міністраў. Справа адстрэлу дзікоў выклікала абурэньне ў частцы польскага грамадзтва. У сваю чаргу міністар па справа навакольнага асяродзьдзя Генрых Кавальчык зазначыў, што паляваньне прадстаўляецца ў СМІ як нейкі апакаліпсіс. Патрэбна больш аб’ектыўная інфармацыя. Службоўца заявіў, што ідзецца проста пра каардынацыю калектыўных паляваньняў, якія праходзяць штогод узімку.

У бліжэйшыя выходныя ў Польшчы пачнуцца масавыя адстрэлы дзікоў. Рашэньне прыняло міністэрства навакольнага асяродзьдзя на просьбу сялян ды сьвінагадоўцаў. Чыноўнікі разьлічваюць такім спосабам спыніць распаўсюд у краіне віруса АЧС. Дадзенае рашэньне выклікала пратэсты да незадавальненьне ў грамадзтве. Сытуацыю хоча залагодзіць прэзыдэнт.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт