Logo Polskiego Radia
Print

Варшава абураная заявай ізраільскага палітыка

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.02.2019 16:11
  • Варшава абураная.mp3
Польскі прэм’ер-міністар ды кіраўнік дыпляматыі адмянілі сваю паездку на саміт Ізраіль-V4.
Foto: EPA/ABIR SULTAN Dostawca: PAP/EPA

З мінулага тыдня не сьціхае скандал у польска-ізраільскіх адносінах выкліканы асэнсаваньнем падзей з часоў ІІ Сусьветнай вайны.

Усё пачалося з артыкула, які надрукавала штодзёнка «Jerusalem Post». Журналісты выданьня напісалі, што ізраільскі прэм’ер Бэнямін Нэтаньягу падчас наведваньня Музэю гісторыі польскіх габрэяў заявіў, што «палякі» былі ў калябарацыі з немцамі падчас Галакосту. Пазьней прэсавая служба прэм’ера заявіла, што журналісты перакруцілі выказваньне прэм’ера, які не казаў пра польскі народ ды дзяржаву, а меў на ўвазе асобных палякаў.

Праз некалькі дзён справу пракамэнтаваў выконваючы абавязкі міністра замежных спраў Ізраіля Ізраэль Каца. Дыплямат заявіў, што «палякі ўсмакталі антысэмітызм з матчыным малаком».

У Польшчы гэтыя словы выклікалі шырокае абурэньне. Так эўрадэпутат ад партыі «Права й Справядлівасьць» Рышард Чарнэцкі назваў словы ізраільскага міністра ганебнай памылкай.

Рышард Чарнэцкі: Гэта памылка з боку Ізраіля. Ідзецца пра скандальнае ды ганебнае выказваньне кіраўніка ізраільскага МЗС. Польшча мусіць зрэагаваць на гэтыя словы, ня будзе польскага прэм’ера. Ізраіль павінен дзейнічаць дзеля ўласных інтарэсаў. Тое, што робіцца цяпер – абсалютна ірацыянальнае.

Намесьнік Маршалка Сэната Адам Белян выступіў з заявай, што Польшча некалі не пагодзіцца з антыпалянізмам у заходнім сьвеце.

Адам Белян: Гэта былі вельмі абразьлівыя словы, чысты расізм. Варта нагадаць, што ізраільскі прэм’ер падпісаў дэклярацыю, у якой гаворыцца пра тое, што трэба асуджаць любыя выказваньні ды дзеяньні антысэміцкага характару, і таксама антыпольскага характару. Няма месца на антыпольскасьць, мы будзем рашуча змагацца з такімі выказваньнямі.

Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі адмяніў сваю паездку ва Ізраіль з-за слоў іхняга міністра. Ён назваў яе расісцкай. Насамрэч, падчас ІІ Сусьветнай вайны немцы плянавалі зьнішчыць большасьць польскага народа.

Матэвуш Маравецкі: Нам пагражала вынішчэньне. Немцы дакладна падлічылі колькі – 85% польскай нацыі павінны было быць забіта, рэшту чакаў лёс рабоў. Для нас гэтая частка гісторыі мае фундамэнтальнае значэньне, і таму мы не пагодзімся ніколі з такімі расісцкімі заявамі.

Скандал ужо прывёў да таго, што польская дэлегацыя адмовілася ад паездкі ў Ізраіль на саміт Вышаградзкай групу, які адбудзецца ва Іерусаліме. Ніхто з Польшчы туды ня едзе.

Іншыя краіны групы разумеюць польскае рашэньне, кажа віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Сымон Шынкоўскі.

Сымон Шынкоўскі вэль Сэнк: Спадар міністар Яцэк Чапутовіч размаўляў у Брусэлі з нашымі партнэрамі з Вышаградзкай групы, інфармуючы іх пра хаду падзей, зазначаючы, што на саміце ня будзе польскай дэлегацыі. Партнэры прынялі аргумэнты Польшчы са зразуменьнем.

Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіч заявіў, што ў Ізраілі не адбудзецца саміт Вышаградзкай групы, а пройдуць двухбаковыя сустрэчы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт