Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адзначаюць гадавіну далучэньня да НАТО

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 12.03.2019 15:45
  • Польшча 20 год у НАТО.mp3
12 сакавіка 1999-га года адбылося гістарычнае пашырэньне Паўночнаатлянтычнага альянсу на Ўсход.
Foto: PAP/Paweł Supernak

Чальцамі арганізацыі сталі Польшча, Чэхія ды Вугоршчына. Сёньня ў Празе лідары гэтых краін адзначаюць 20 гадавіну далучэньня да НАТО.

20 год таму Польшча ды дзьве іншыя цэнтральнаэўрапейскія краіны – Чэхія ды Вугоршчына, сталі чальцамі абароннага пакту Заходняга сьвету. Пяць год пазьней да Альянсу далучылася Славаччына. У Празе сабраліся сёньня прэзыдэнты 4 краін для сьвяткаваньня юбілею. З Прагі перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.

Войцех Цэгельскі: Урачыстасьць у Празе – гэта ўшанаваньне адной з найбольш важных падзей у гісторыі НАТО. Дваццаць гадоў таму чальцамі НАТО ўпершыню сталі краіны былога камуністычнага блёку. Для Польшчы сяброўства ў НАТО пачалося 6 год пасьля таго, як тэрыторыю краіны пакінуў апошні савецкі жаўнер. Сёньня Польшча стала адной з галоўных краін на ўсходнім флянгу Альянсу, стратэгічнага значэньня, пасьля абвастрэньня курсу Крамля на канфрантацыю з Захадам у выніку канфлікту ва Ўкраіне. Таксама Польшча зьяўляецца адной з 7 краін Альянсу, якая выконвае абавязак прызначэньня 2% ВУП на абарону. Польская армія ўдзельнічае ў місіях НАТО на Балканах ды Аўганістане.

У Польшчы ўрачыстасьці з нагоды юбілею адбыліся ў панядзелак у галоўным штабе Шматнацыянальнага корпуса Поўнач-Усход у Шчэціне. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда зазначыў, што ўдзел Польшчы ў НАТО – гэта гарантыя бясьпекі для краіны.

Анджэй Дуда: Я скажу без ваганьняў: пакаленьні палякаў пасьля ІІ Усясьветнай вайны чакалі гэтага. За гэты момант многія заплацілі жыцьцём. Далучэньне да НАТО азначала канчатковае пацьверджаньне незалежнасьці ды сувэрэнітэту Польшчы. Таксама гэта азначала канчатковы выхад з расейскай сфэры ўплываў ды геапалітычнае далучэньне да Захаду.

У сваю чаргу Польшча выконвае свае саюзныя абавязкі ў рамках Пакту. Польшча брала ўдзел у 10 місіях Альянсу, плацячы найвышэйшую цану за бясьпеку – жыцьцё жаўнераў, нагадаў Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

Марыюш Блашчак: Паўночнаатлянтычны пакт – гэта гарант нашай бясьпекі, нашай дзяржавы ды вольнага сьвету. Альянс разьвіваецца, што нас радуе. 20 год таму, калі мы ўступалі ў НАТО, мы толькі пачыналі працэс мадэрнізацыі нашых узброеных сілаў. Сёньня мы можам сказаць, што ў Польшчы гэтыя працэсы ідуць хутчэй.

За мінулыя 20 год для большасьці краін Альянсу Польшча стала верагодным хаўрусьнікам ды партнэрам, перакананы падпалкоўнік Рафал Згрызевіч.

Рафал Згрызевіч: Мы даказалі, што мы верагодны саюзьнік, партнэр ня толькі падчас вучэньняў, але і пры рэалізацыі баявых заданьняў. Гэта і наш удзел у місіі ў Аўганістане, у місіі ў Косаве ды іншых мірных і стабілізацыйных місіях. Нашы хаўрусьнікі бачаць, як мы паводзім сябе падчас выкананьня заданьняў у рамках НАТО.

Сёньня для Польшчы НАТО мае важнае значэньне, як і будаваньне добрых адносінаў з ЗША, кажа др. Ежы Таргальскі.

Ежы Таргальскі: Цяпер цяжка сабе ўявіць Польшчу па-за НАТО, але трэба разумець, што яшчэ большае значэньне маюць двухбаковыя адносіны паміж Польшчай ды ЗША. Нагадаю, што прэзыдэнт Трамп крытыкаваў НАТО. Унутры альянсу ёсьць розныя тэндэнцыі. Напрыклад, Турэччына сёньня толькі фармальны чалец Пакту, а яшчэ ёсьць Нямеччына, якая крытыкуе ЗША ды ня хоча выдаткоўваць большыя сродкі на ўзбраеньне, бо не адчувае пагрозы з боку Расеі. Мы ня ведаем будучыні Альянсу.

20 год таму Польшча стала чальцом Паўночнаатлянтычнага пакту. За гэты час дадзеная краіна стала верагодным партнэрам у рамках Альянсу. Сёньня ў Польшчы шырока адзначаюць юбілей. Па ўсёй краіне ладзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, абвешчаны «Тыдзень НАТО».

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт