Logo Polskiego Radia
Print

Варшава называе прыярытэты замежнай палітыкі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 14.03.2019 15:28
  • Варшава называе прыярытэты.mp3
У Сэйме з праграмнай прамовай выступіў міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч.
Foto: PAP/Leszek Szymański

Моцныя трансатлянтычныя сувязі, рост значэньня Польшчы ў сьвеце, энэргетычная незалежнасьць ад Расеі – кіраўнік МЗС Польшчы назваў галоўныя мэты польскай замежнай палітыкі на 2019 год.

У чацьвер перад дэпутатамі польскага Сэйму з праграмнай прамовай прыярытэтаў на 2019 год выступіў міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч. Польскі палітык назваў галоўныя мэты і задачы польскай дзяржавы на міжнароднай арэне.

Свой выступ палітык пачаў з таго, што падкрэсьліў рост значэньня Польшчы на міжнароднай арэне.

Яцэк Чапутовіч: Спалучэньне бачаньня мэтаў ды дзеяньняў асобаў, якія займаюць найважнейшыя пасады ў дзяржаве, прывялі да таго, што Польшча сёньня - актыўная дзяржава, да якой прыслухоўваюцца, і якая выклікае павагу з боку замежных партнэраў.

Афіцыйная Варшава плянуе далей нарошчваць свой патэнцыял у сьвеце. У першую чаргу гэта будзе ажыцьцяўляцца праз паглыбленьне стратэгічнага партнэрства са Злучанымі Штатамі.

Яцэк Чапутовіч: Мы перакананыя, што ўтрыманьне моцных трансатлянтычных сувязяў адпавядае інтарэсам усіх бакоў па абодвух берагах Атлянтыкі. Польшча рашуча выступае за дыялёг ва ўмовах абвастрэньня рознасьці інтарэсаў сярод партнэраў трансатлянтычнай супольнасьці, што вынікае з адрозьненьняў у поглядах, ацэнках ды досьведзе.

Апроч таго, для Варшавы важна захаваньне сваёй пазыцыі ўнутры ЭЗ, а таксама разьвіцьцё добрасуседзкіх адносін з дзяржавамі рэгіёну Ўсходняй Эўропы. Рэалізацыя гэтай задачы бачыцца праз праграму ЭЗ «Усходняе партнэрства».

Яцэк Чапутовіч: Эфэктыўная ўсходняя палітыка, рэалізаваная ў рамках Эўрапейскага Зьвязу, гэта наша стратэгічная мэта. У рамках гэтай палітыкі Польшча засяроджваецца на захаваньні жорсткай ды адзінагалоснай пазыцыі ў стасунках з Расеяй, а таксама на рэалізацыі амбітнай праграмы супрацы з краінамі Ўсходняга партнэрства.

Яшчэ адным важным пунктам для Варшавы зьяўляюцца адносіны з Масквой. Пра гэта таксама казаў польскі міністар падчас свайго выступу. Варшава зьвязвае дыялёг з Расеяй ад выкананьня ёй патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці. Гэта тычыцца вайны ва Ўкраіне, вяртаньня абломкаў польскага ўрадавага самалёта і будаўніцтва расейскіх газаправодаў у Эўропу. Асабліва гэта тычыцца другой ніткі газаправода «NordStream».

Яцэк Чапутовіч: Мы падтрымліваем крытычны погляд Эўракамісіі ў дадзенай справе. Мэтай так званай «Газавай дырэктывы» зьяўляецца падпарадкаваньне газаправодаў з трэціх краін заканадаўству Эўрапейскага Зьвязу. У 2018-м годзе мы стварылі кааліцыю некалькіх дзяржаў, што прывяло да ўнясеньне паправак у дырэктыву, што ўскладніць "Газпрому" выкарыстаньне дамінуючай пазыцыі на эўрапейскім рынку.

Польскі міністар у сваім выступе казаў таксама пра важнасьць падтрымкі для польскай дыяспары ў сьвеце. Міністар агучыў пляны па разьвіцьці сеткі Кансультацыйных Саветаў па дыяспары пры польскіх амбасадах за мяжой, таксама будзе аказвацца дапамога арганізацыяй дыяспары, польскім СМІ ды школам за мяжой.

Выступ міністра замежных спраў пракамэнтаваў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што важная пасьлядоўнасьць у вонкавай палітыцы.

Анджэй Дуда: Па-першае, мы пачулі вельмі цікавую інфармацыю, за што дзякую спадару міністру. Па-другое, мы бачым, што замежная палітыка рэалізуецца так, як было раней заплянавана і мае пасьлядоўны характар.

Штогод кіраўнік польскай дыпляматыі выступае ў Сэйме з прамовай, у якой прадстаўляе дасягненьні ды прыярытэты польскай замежнай палітыкі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт