Logo Polskiego Radia
Print

У Польска-нямецкім эканамічным форуме ўдзельнічае каля 300 фірмаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.03.2019 14:39
  • форум.mp3
Эканамічны форум у Бэрліне зьяўляецца выдатнай нагодай пашырыць эканамічныя адносіны з суседзямі.
Mіністар прадпрымальніцтва й тэхналёгій Ядвіга Эмілевіч. Mіністар прадпрымальніцтва й тэхналёгій Ядвіга Эмілевіч. Foto: PR24/AK

Электрамабільнасьць, сучасная прамысловасьць і лічбавыя тэхналёгіі – такія важнейшыя тэмы Польска-нямецкага эканамічнага форуму, які адбываецца сёньня ў Бэрліне. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі прадпрыемстваў ды розных устаноў з дзьвюх дзяржаваў, Польшчы і Нямеччыны. Заплянаваныя таксама перамовы міністраў эканомікі з абодвух бакоў.

Меркаваньнем міністра прадпрымальніцтва і тэхналёгій Польшчы Ядвігі Эмілевіч, эканамічны форум у Бэрліне зьяўляецца выдатнай нагодай пашырыць эканамічныя адносіны з суседзямі. Вось што яна распавяла перад выездам у Бэрлін.

Я. Эмілевіч: Мы выбралі тэматычныя блёкі і запрасілі прадпрымальнікаў, якія прадстаўляюць тры важныя галіны эканомікі: прамысловасьць 4.0, электрамабільнасьць і гэтак званую інтэлігентную энэргетыку, упраўленьне сеткамі. Гэта тыя тры галіны, якія нас найбольш цікавяць, і на гэтую тэматыку мы будзем размаўляць з запрошанымі гасьцямі, прадпрымальнікамі. Акрамя таго, паралельна з гэтай эканамічнай сустрэчай будзе адбывацца сустрэча палітычная. Гэта значыць, я правяду перамовы з маім візаві, міністрам Альтмаерам, міністрам эканомікі Нямеччыны.

Нямеччына зьяўляецца буйным эканамічным партнэрам Польшчы. Гандлёвы тавараабарот пастаянна расьце, у год нават да 10%. Такая сытуацыя назіраецца нават нягледзячы на тое, што ў нямецкай прамысловасьці апошнімі гадамі, асабліва пад канец мінулага году, зафіксаванае значнае падзеньне ўзроўню прамысловых заказаў. Важна тое, што польскія кампаніі перастаюць быць толькі зборачным цэхам для нямецкіх прадпрыемстваў, а самі пачынаюць усё больш адважна інвэставаць у Нямеччыне. Напрыклад, польская група CIECH інвэстуе ў новую фабрыку па вытворчасьці солі ў нямецкім Штасфурце. Цікава тое, што многія нямецкія сямейныя кампаніі цяпер мяняюць свайго ўладальніка па прычыне адсутнасьці нашчадкаў у іх заснавальнікаў. Такім чынам польскія прадпрымальнікі, купляючы нямецкую фірму, могуць уваходзіць на нямецкі рынак, які многія з іх добра ведаюць.

Падчас Польска-нямецкага эканамічнага форуму заплянаваныя перамовы на тэму канкурэнтаздольнасьці эўрапейскай эканомікі, а таксама пра перашкоды ў гандлі, – падкрэсьлівае Ядвіга Эмілевіч.

Я. Эмілевіч: У выніку такіх перашкодаў польскім прадпрымальнікам цяжэй увайсьці на нямецкі рынак. Якія гэта перашкоды? Гэта абмежаваньне адной з асноўных эўрапейскіх свабод, якой зьяўляецца свабодны рух тавараў і паслуг. Некалькі месяцаў таму мы заказалі адмысловую справаздачу на дадзеную тэму, я спадзяюся, што ўдасца пагутарыць пра гэтыя перашкоды з міністрам Альтмаерам. І спадзяюся таксама, што ўдасца дамовіцца пра адмену нормаў, якія ўскладняюць свабоду перамяшчэньня тавараў і паслуг.

Ініцыятарам Польска-нямецкага эканамічнага форуму была міністар Эмілевіч. Яна адзначае, што яе прапанова адразу сустрэлася з вельмі цёплым адказам з боку міністра Альтмаера. На думку Ядвігі Эмілевіч, значэньне польскіх фірмаў у Эўропе, у тым ліку ў Нямеччыне, павышаецца. Яны пачынаюць быць важным эканамічным партнэрам, а ня толькі выканаўцай, які займаецца зборкай чужых прадуктаў.

Нямеччына зьяўляецца важнейшым гандлёвым партнэрам Польшчы. Паводле папярэдніх дадзеных, летась памер польскага экспарту ў гэтую краіну склаў 62 млрд. эўра, гэта на 11,5 мільярда эўра больш, чым імпарт зь Нямеччыны. Амаль адна трэцяя ўсіх польскіх экспартаваных тавараў ідзе за Одэр. Польскія фірмы пастаўляюць туды галоўным чынам вырабы хімічнай прамысловасьці і машынабудаўніцтва, сельскагаспадарчыя тавары, катлы, мэханічныя прылады і запчасткі да іх.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт