Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве й Менску рыхтуюцца да Дня Волі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 21.03.2019 15:39
  • 101 гадавіна БНР.mp3
У беларускай сталіцы пройдзе мітынг ды канцэрт, а ў Польшчы беларуская дыяспара ладзіць сьвяточнае шэсьце ды прыём.
Foto: pyx.by

25 сакавіка ў Беларусі адзначаецца гадавіна абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, у памяць аб стварэньні першай беларускай дзяржавы. Сёлета выпадае 101 гадавіна БНР.

У адрозьненьні ад мінулага года, калі ў Менску прайшоў вялікі сьвяточны канцэрт, сёлета гучнага сьвяткаваньня ня будзе. Улады не далі дазвол на правядзеньне падобнага мерапрыемства. У гэтым годзе сьвяткаваньне пройдзе ў меншым фармаце.

На днях праграму сьвяткаваньня Дня Волі-2019 прадставілі грамадзка-палітычныя арганізацыі. Гэта Рух «За Свабоду», партыя Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Аб'яднаная грамадзянская партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада». Яны ладзяць сьвяткаваньні ў Менску ды іншых гарадах Беларусі 23 і 24 сакавіка. Распавядае прэсавая сакратарка Руху «За Свабоду» Вольга Быкоўская.

Вольга Быкоўская: У гэтым годзе публічныя мерапрыемствы практычна ня будуць праводзіцца. Шмат, хто падаваў заяўкі ў рэгіёнах, але яны атрымалі адмовы. Асноўнае, што будзе – гэта сьвяткаваньне 23 сакавіка ў Горадні і 24 сакавіка ў Менску, дзе ў Кіеўскім сквэры пройдзе мітынг, прысьвечаны Дню Волі. Больш заяўленых дазволеных акцый няма.

Сёлетняе сьвяткаваньне Дня Волі будзе мець ня толькі палітычны складнік. Арганізатары плянуюць зладзіць таксама канцэрт ды паказы працы рамесьнікаў.

Вольга Быкоўская: У сьвяточнай частцы адбудзецца канцэрт, дзе выступяць N.R.M., «Без білета», «Дай дарогу!», «Разьбітае сэрца пацана» ды іншыя. На пляцоўцы таксама будуць працаваць фудкорт, рамесьнікі й намётавы гарадок. Мы спадзяемся, што людзі прыйдуць і атрымаецца паўтарыць мінулагоднюю формулу.

Сьвяткаваць Дзень Волі сёлета будуць таксама ў Варшаве. Прадстаўнікі беларускай дыяспары ладзяць шэсьце вуліцамі польскай сталіцы ды сьвяточны прыём у «Беларускім доме». Распавядае сустаршыня «Беларускага дома» Улад Кобец.

Улад Кобец: 23 сакавіка а 14 гадзіне ў Варшаве пройдзе шэсьце ад помніка Тадэвуша Касьцюшкі да помніка Адама Міцкевіча. Шэсьце завершыцца ўрачыстым мітынгам. А 16 «Беларускі дом» у Варшаве запрашае ўсіх жадаючых на сьвяточны прыём, які ладзіцца сіламі беларусаў. Будзе беларуская музыка, у нефармальнай атмасфэры мы будзем адзначаць 101 гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі.

Апроч таго беларускія грамадзкія актывісты заклікаюць усіх жадаючых з нагоды Дня Волі зладзіць Вялікі супольны салют. Дзеля гэтага дастаткова дастаткова набыць фэервэркі ды запусьціць іх а 21 гадзіне. Падрабязнасьці можна даведацца тут.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт