Logo Polskiego Radia
Print

Польскі прэм'ер-міністар адправіўся ў ЗША расслаўляць Польшчу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.04.2019 15:44
  • М. Маравецкі ЗША.mp3
М. Маравецкі ўдзельнічаў у прэм'ерным паказе дакумэнтальнага фільму «Poland: The Royal Tour».
П. Грынберг і М. Маравецкі (з правага боку)П. Грынберг і М. Маравецкі (з правага боку)PAP/Radek Pietruszka

Польскі прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі адправіўся ў ЗША, каб прасоўваць Польшчу, яе эканоміку, гістарычныя помнікі ды турыстычныя магчымасьці. Кіраўнік Рады міністраў прысутнічаў на паказе дакумэнтальнага фільму, у здымках якога сам прыняў удзел.

Прадстаўнікі практычна ўсіх вядучых сіл палітычнай сцэны Польшчы лічаць ЗША сваім самым важным і надзейным саюзьнікам. І таму высокапастаўленыя палітыкі краіны часта наведваюць Амэрыку. На гэты раз з двухдзённым візытам за акіян адправіўся прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі. Перад вылетам ён казаў, між іншым, што вельмі важным элемэнтам яго візыту зьяўляюцца сустрэчы з патэнцыйнымі інвэстарамі.

Прэм’ер-міністар наведаў Чыкага, дзе пражывае шмат асоб з польскімі каранямі, і Нью-Ёрк. Маравецкі ўсклаў кветкі да помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Чыкага і сустрэўся з інвэстарамі. На ягоную думку, такія сустрэчы станоўча ўплываюць на імідж Польшчы за мяжою, і адпаведна, прыцягваюць інвэстараў.

М. Маравецкі: Працоўных месцаў ніколі не бывае занадта многа, асабліва высокааплатных рабочых месцаў у Польшчы. Вельмі важна размаўляць з прадпрымальнікамі, апісваць нашу краіну, сытуацыю ў Польшчы, у Эўрапейскім Зьвязе, эканамічныя вынікі, а таксама магчымасьці весьці бізнэс у Польшчы, які ў яе бюджэт, як можна інвэставаць у дзяржаве.

Адным з ключавых момантаў паездкі Маравецкага ў ЗША зьяўляецца ўдзел у паказе дакумэнтальнага фільму «Poland: The Royal Tour», які мінулай восеньню зьняў у Польшчы вядомы амэрыканскі журналіст прэстыжнага публічнага тэлеканалу РВS Пітэр Грынберг. Гэта частка цэлага цыклу дакумэнтальных фільмаў пра розныя дзяржавы, у якіх дзяржаўныя лідары паказваюць Грынбергу сваю краіну. У падрыхтоўцы сэрыі пра Польшчу брала ўдзел Польская нацыянальная фундацыя. Па словах старшыні фундацыі Філіпа Рдэсіньскага, аўтару карціны вельмі спадабаліся польскія трамваі, а таксама горы.

Ф. Рдэсіньскі: Пітэр Грынберг сапраўды закахаўся ў польскія трамваі, відаць у гэтым фільме, што яны яму падабаюцца, даволі часта іх паказвае. У сваю чаргу тое, што для яго самога ў Польшчы стала нечаканасьцю, гэта прыгажосьць гор. Ён перад гэтым думаў, што Польшча – гэта краіна раўнін, у якой пераважае сельская гаспадарка.

Фільм «Poland: The Royal Tour» гледачы тэлебачаньня РВS змогуць убачыць у траўні, але можна будзе яго паглядзець, верагодней за ўсё, таксама ў самалётах польскай авіякампаніі ЛЁТ і на плятформах Амазона. І менавіта паказы гэтай стужкі зьяўляюцца адной з галоўных мэтаў візыту Матэвуша Маравецкага. Учора вечарам, прама з аэрапорта, прэм’ер-міністар накіраваўся ў польскае консульства, дзе сустрэўся з журналістамі, а таксама бізнэсоўцамі. У Польшчы тады была ўжо ноч.

Пра тое, як праходзілі сустрэчы і пра сам фільм, распавядае карэспандэнт Польскага радыё Караль Сурувка.

К. Сурувка: У дакумэнтальным фільме польскі прэм’ер-міністар паказаў Пітэру Грынбергу між іншым саляную шахту ў Вялічцы, замак у Мальбарку, стары горад у Кракаве, порт у Гдыні, канцлягер Аўшвіц-Біркенаў, а таксама цэнтар Варшавы. Па словах прэм’ера, цяжэй за ўсё было выбраць некалькі месцаў. У Польшчы сотні цікавых гістарычных месцаў і краявідаў, заўсёды цяжка выбраць толькі некаторыя з іх, – адзначыў Маравецкі. На прэм’ерны паказ прыйшло шмат асоб з польскімі каранямі. Палякі хвалілі фільм, хаця некаторыя казалі, што неабходна зьняць чарговую частку, у якой будзе паказана хараство поўдня Польшчы. У сваю чаргу амэрыканцам вельмі падабалася архітэктура гарадоў польскай дзяржавы. У ЗША заплянаваныя на гэтым тыдні тры паказы дакумэнтальнай стужкі пра Польшчу – у Чыкага, Лос-Анжэлесе і Нью-Ёрку.

Фільм працягваецца адну гадзіну, у ім паказаны польскія гістарычныя помнікі і прыгажосьць прыроды, карціна паведамляе таксама пра самыя істотныя падзеі польскай гісторыі. У інтэрнэце можна ўбачыць шасьціхвілінны ролік – рэкляму стужкі. Бачна, што аўтара асабліва цікавіць супастаўленьне гісторыі і сучаснасьці ў Польшчы, якога, магчыма, не хапае жыхарам ЗША, паколькі іх краіна ня мае такой доўгай гісторыі, як эўрапейскія дзяржавы. Адзін зь першых кадраў – цэнтар сталіцы, дзе побач знаходзяцца Палац культуры і навукі, падарунак Сталіна Польшчы, і сучасныя хмарачосы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт