Logo Polskiego Radia
Print

За тэрактамі на Шры-Ланцы стаяць ісламскія экстрэмісты

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.04.2019 15:55
  • Шры-Ланка разьвітваецца.mp3
У Вялікодную нядзелю і панядзелак Шры-Ланка стала ахвярай масавай атакі тэрарыстаў.
Foto: EPA/M.A. PUSHPA KUMARA Dostawca: PAP/EPA

320 чалавек, сярод якіх 45 дзяцей, загінулі ад выбухаў бомбаў, што ўзарвалі 7 тэрарыстаў-сьмяротнікаў. Улады ўвялі ў краіне надзвычайнае становішча ды абвясьцілі нацыянальную жалобу.

У аўторак 23-га красавіка Шры-Ланка разьвітвалася з ахвярамі тэрарыстычнай атакі, што мела месца ў Вялікодную нядзелю ў шэрагу гарадоў краіны. Ахвярамі найбольш крывавага тэракты ў Азіі за апошнія гады сталі 320 чалавек, сярод якіх 45 дзяцей і 49 замежнікаў, і 500 параненых.

А 8:30 раніцы 20-мільённы горад Каломба замоўк на тры хвіліны, каб ушанаваць памяць загінулых, менавіта ў гэты час у нядзелю прагрымеў першы выбух бомбы ў касьцёле Сьвятога Антонія.

Улады краіны вядуць сьледства, паліцыя затрымала некалькі дзясяткаў чалавек, якіх падазраюць у сувязях з тэрарыстамі. Больш падрабязна перадае карэспандэнт Польскага радыё Тамаш Саевіч.

Тамаш Саевіч: Паліцыя паінфармавала, што ўжо затрыманыя 40 чалавек, сярод якіх адзін грамадзянін Сырыі. Улады Шры-Ланкі заяўляюць, што тэракты зладзіла група ісламскіх радыкалаў. Пры гэтым, існуюць падазрэньні, што яны мелі падтрымку ад міжнародных тэрарыстычных арганізацый. У аўторак у краіне абвешчана нацыянальная жалоба, трыма хвілінамі цішыні ўшанавалі памяць ахвяр, таксама пачаліся першыя пахаваньні. Масавая жалобная працэсія адбылася ў мястэчку Нэгомба, дзе тэрарыст-сьмяротнік узарваў бомбу падчас Вялікоднай імшы. Ад таго выбуху загінула больш за 100 чалавек.

Улады Шры-Ланкі агучылі вэрсію, што тэракты зладзіла мясцовая група ісламскіх экстрэмістаў National Thowheeth Jama'ath пры падтрымцы міжнародных тэрарыстычных арганізацый. Паліцыя знайшла дзясятую бомбу, якая была схаваная ў адной з машын, прыпаркаваных побач з касьцёлам у Каломба. Ладунак быў зьнішчаны.

Сярод загінулых у тэрактах на Шры-Ланцы не было палякаў. Пра гэта заявіла польскае Міністэрства ўнутраных спраў. Віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Шымон Шынкоўскі-вэль-Сэнк заявіў, што гэтыя тэракты абвастрылі праблему бясьпекі хрысьціян.

Шымон Шынкоўскі: У нас няма інфармацыі пра тое, што сярод ахвяр гэтых жудасных атак на Шры-Ланцы былі палякі. Вялізарная колькасьць ахвяр – больш за 300 загінулых, і больш за 500 параненых, сьведчыць пра памер трагедыі. Гэта драматычная падзея. Яна паказвае і нагадвае пра вялізарную праблему, вялізарных маштабаў, – перасьледаваньне хрысьціян ва ўсім сьвеце. Гэтая трагедыя нам усьведамляе, што дадзеная зьява мае шырэйшы характар.

Сьвятар Богдан Бартальд з сабора Яна Хрысьціцеля ў Варшаве перакананы, што ў сьвеце існуе маўклівая згода на перасьлед хрысьціян.

Богдан Бартольд: Ня толькі ў афрыканскіх і азіяцкіх краінах, але і ў Эўропе таксама, ёсьць згода на перасьлед хрысьціян. Пра гэта мне кажуць вернікі, зьвяртаючы ўвагу на тое, што «сьвет маўчыць». На сёньняшні дзень, ня ведаю наколькі гэта шырока вядома, хрысьціяне зьяўляюцца адной з найбольш перасьледаваных веравызнаньняў у сьвеце. Кожны год за веру гінуць блізу 200 тысяч вернікаў Ісуса Хрыста.

Шры-Ланка зьяўляецца шматканфэсійнай краінай. Большасьць грамадзтва (70%) – гэта будысты, 12% – індуісты, 9% мусульмане, 7% – хрысьціяне. Папа Рымскі Францішак выступіў з заявай у падтрымку вернікаў Шры-Ланкі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт