Logo Polskiego Radia
Print

Што дала Польшчы «Канстытуцыя для бізнэсу»

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 30.04.2019 15:55
  • Канстытуцыя для бізнэсу.mp3
Польскі ўрад падводзіць вынікі з моманту ўнясеньня паправак у заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасьці.
Foto: PAP/Radek Pietruszka

Год таму – 30 красавіка 2018-га года – у Польшчы ўступіла ў сілу «Канстытуцыя для бізнэсу». Такую назву атрымаў вялікі пакет паправак у законы аб прадпрымальніцкай дзейнасьці.

«Канстытуцыя для бізнэсу» уводзіла шматлікія зьмены, якая абапіраліся на 5 прынцыпаў: «усё, што не забаронена законам, дазволена», прэзумпцыя чэснасьці прадпрымальнікаў і вырашэньне неадназначных юрыдычных казусаў на карысьць прадпрымальніка, ільготы на пачатак дзейнасьці, дазвол на прадпрымальніцкую дзейнасьць без рэгістрацыі пры малых абаротах, стварэньне абаронцы правоў малых і сярэдніх прадпрымальнікаў.

Паводле ацэнак ураду, гэта была самая істотная папраўка польскага заканадаўства ў сфэры прадпрымальніцтва за апошнія 20 год. Першы год дзеяньня новых законаў даказаў, што ўведзена шмат практычных паслабленьня для прадпрымальнікаў, а карысьці ад новых законаў адчуў увесь бізнэс-сэктар у Польшчы. Гаворыць міністарка прадпрымальніцтва ды тэхналёгій Польшчы Ядвіга Эмілевіч.

Ядвіга Эмілевіч: Мы бачым, што палякі сталі вельмі прадпрымальныя і хочуць быць прадпрымальнікамі. За апошні год на 7% вырасла колькасьць рэгістрацыі ІП, чым у ранейшыя гады. Штодня зьяўляюцца 900 новых фірм. Калі паглядзець на колькасьць фірм, якія зачыняюць, яна змалела. Гэта значыць, што вырасла трываласьць польскіх фірмаў.

Паводле дадзеных Міністэрства прадпрымальніцтва й тэхналёгій Польшчы, за год каля 182 тысяч прадпрымальнікаў скарыстала з права на ільготы на пачатак дзейнасьці, 332 тысячы новых фірм было зарэгістравана, а колькасьць зачыненых фірм зьменшылася на 4%.

Самі прадпрымальнікі хваляць папраўкі, але кажуць, што адной «Канстытуцыі для бізнэсу» замала. Патрэбныя зьмены ў прымяненьні права, у першую чаргу, гэта тычыцца практык дзяржаўных устаноў ды чыноўнікаў. Абяцаны прынцып, што прадпрымальнік для чыноўніка не вораг, а партнэр, пакуль не дзейнічае з аднолькавай эфэктыўнасьцю. Польскі ўрад абяцае, што менавіта гэтая задача стане прыярытэтам на бягучы год. Гаворыць міністарка прадпрымальніцтва ды тэхналёгій Польшчы Ядвіга Эмілевіч.

Ядвіга Эмілевіч: Цяпер нас чакае дасканаленьне навыкаў ды працэдур працы адміністрацыі, каб чыноўнікі на кожным узроўні ўлады, ад гміны па міністэрства, ставіўся да прадпрымальніка не як да шкодніка, а як да партнэра.

Нягледзячы на крытыку ды пачуцьцё незадаволенасьці з боку прадпрымальнікаў, польскі ўрад пазытыўна ацэньвае год дзеяньня «Канстытуцыі для бізнэсу». Польшча імкнецца стаць у гэтым абшары лідарам на эўрапейскім узроўні. Гаворыць віцэ-міністар энэргетыкі Польшчы Гжэгаж Табішэўскі.

Гжэгаж Табішэўскі: У гэтай сфэры Польшча становіцца плюсам, нечым большым унутры краіны, але і ў эўрапейскай прасторы.

У Польшчы год таму была прынята «Канстытуцыя для бізнэсу» – пакет паправак у заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Урад краіны пазытыўна ацаніў прынятыя зьмены ў заканадаўства. За мінулы год на 7% вырасла колькасьць новых прадпрыемстваў, скарацілася колькасьць банкрутаў, палепшылася трываласьць польскіх фірм.

Самі прадпрымальнікі хваляць папраўкі, пры гэтым наракаюць на тое, што практыка дзяржаўных устаноў не пасьпявае так хутка мяняцца.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт