Logo Polskiego Radia
Print

Сёньня ў Польшчы - Дзень польскай дыяспары

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 02.05.2019 14:36
  • Маршалак Сэнату.mp3
"Гэта вельмі важнае сьвята", - распавёў Польскаму Радыё маршалак Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі.
Foto: PAP/Leszek Szymański

2 траўня ў Польшчы адзначаецца некалькі важных дзяржаўных сьвятаў. Па-першае, гэта Дзень дзяржаўнага сьцягу. З гэтай нагоды ва ўсёй краіне вывешваюцца дзяржаўныя бела-чырвоныя сьцягі, ладзяцца патрыятычныя імпрэзы. У 2002 годзе па ініцыятыве Сэната Польшчы было прынятае рашэньне, каб 2 траўня адзначаць дадаткова яшчэ і Дзень дыяспары і палякаў, якія жывуць за мяжой.

Дадзенае рашэньне было прынятае, каб ушанаваць шматгадовы ўнёсак і даробак польская дыяспары і палякаў, якія жывуць за мяжой, у адраджэньне незалежнасьці Польшчы, захаваньне польскасьці ды дапамогу Бацькаўшчыне ў найбольш складаныя моманты. Гэта вельмі важнае сьвята, распавёў Польскаму Радыё маршалак Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі

Станіслаў Карчэўскі: Гэта важнае сьвята ў нашым календары. Мы ўзгадваем і хочам падзякаваць дыяспары ды палякам, якія жывуць за мяжой за тое, што яны захоўваюць повязі з Польшчай, хочуць з намі кантактаваць. За тое, што Польшча мае для іх важнае значэньне, яны не саромеюцца свайго польскага паходжаньня, бароняць добрае імя Польшчы ў сьвеце, прагнуць кантактаў з Польшчай і палякамі.

Сэнат апякуецца палякамі за мяжой, прызначаюцца важныя сумы на падтрымку ініцыятываў дыяспары. Як у гэтым годзе?

Станіслаў Карчэўскі: У гэтым годзе нам выдзелілі суму 100 мільёнаў злотых, падобную да той, што была летась. Мы ўжо скончылі выдзяленьне гэтых сродкаў. Спадзяюся, што яны будуць добра выкарыстаныя палякамі да дыяспарай ва ўсім сьвеце. Гэтыя сродкі атрымаюць палякі ажно ў 55 краінах.

На што прызначаецца найбольш сродкаў?

Станіслаў Карчэўскі: Некалькі год таму мы запыталіся ў прадстаўнікоў дыяспары, а таксама польскія арганізацыі, што супрацоўнічаюць з дыяспарай, на што мы павінны зьвярнуць увагу? Дыяспара сказала, што гэта павінна быць адукацыя, навука польскай мовы, спрыяньне захаваньню повязяў з польскай культурай, літаратурай ды гісторыя ў наступнага пакаленьня. Гэта наш галоўны прыярытэт.

Сэнат рыхтуецца да разгляду паправак у закон «Аб Карце паляка». Якія зьмены рыхтуюцца?

Станіслаў Карчэўскі: Я вельмі рады, што ёсьць такая ініцыятыва. Кожны, хто пачуваецца палякам, зможа атрымаць Карту. Гэта вельмі важны сымбалічны жэст, які дазволіць таксама лягчэй кантактавацца з Польшчай, часьцей сюды прыяжджаць. Гэта вельмі цікавая і добрая ініцыятыва.

Падчас ХХІІ Форума прадстаўнікоў польскай дыяспары вы выступілі з заклікаў да прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіраваньня, каб стварыць 16 цэнтраў для рэпатрыянтаў замест 2. Што гэта за ідэя?

Станіслаў Карчэўскі: Гэта важная прапанова, калі яна будзе рэалізаваная, то яна вырашыць усе праблемы з рэпатрыянтамі. Пакуль у нас ёсьць толькі 2 такія месцы, гэтага за мала, Польшча разьвіваецца, мы можам сабе дазволіць больш, бо мы пабагацелі. Таму я зьвярнуўся да органаў мясцовага самакіраваньня. Зваротная рэакцыя была пазытыўная, спадзяюся, што да канца цяперашняга тэрміну ў кожным ваяводзтве зьявіцца такі цэнтар.

На які эфэкт вы разьлічваеце?

Станіслаў Карчэўскі: Гэта значна б прысьпешыла і спрасьціла б працэс рэпатрыяцыі. Нам вельмі прыкра, што мы пакуль не змаглі значна актывізаваць дадзены працэс, не змаглі вярнуць у Польшчу палякаў з Казахстану ды іншых частак сьвету. Іх продкі былі вывезеныя, яны павінны даўно вярнуцца. Я хацеў бы, каб гэты працэс набраў абарот.

З нагоды сьвята польскай дыяспары ды палякаў, што жывуць за мяжой, што б Вы хацелі пажадаць дыяспары?

Станіслаў Карчэўскі: Традыцыйна, я жадаю ўсім палякам у сьвеце, каб не падводзіла здароўе, каб яны найчасьцей кантактаваліся з Польшчай, прыяжджалі ў Польшчу, каб бачылі сваю будучыню ў повязях з Польшчай. Мы памяталі, памятаем і будзем памятаць пра дыяспару.

2 траўня ў Польшчы адзначаюць Дзень польскай дыяспары ды палякаў, якія жывуць за мяжой. Гэтае сьвята было ўсталяванае Сэнатам краіны. Пра тое, як выглядаюць цяпер адносіны з польскай дыяспарай, якія пляны мае ўрад Польшчы, мы размаўлялі са старшынём Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім.

Галіна Остас/Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт