Logo Polskiego Radia
Print

Польская амбасада ў Менску ўключылася ў адзначэньне 200-годзьдзя С. Манюшкі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.05.2019 15:46
  • Манюшка 200 г..mp3
С. Манюшка – геніяльны кампазытар, постаць, якая яднае Польшчу і Беларусь.
 
www.pixabay.com/CC0

5 траўня як у Польшчы, так і іншых краінах сьвету адзначылі знамянальную дату – роўна 200 гадоў з дня нараджэньня выдатнага польска-беларускага кампазытара Станіслава Манюшкі. Шырока адзначаецца гадавіна нараджэньня геніяльнага кампазытара таксама ў Беларусі.

У сьвяткаваньні ўключылася польская амбасада ў Менску, якая вырашыла між іншым сумясьціць 200-годзе нараджэньня Манюшкі з гадавінай прыняцьця першай польскай канстытуцыі 3 траўня, – распавядае прэс-сакратар пасольства Марцін Вайцяхоўскі.

М. Вайцяхоўскі: У пятніцу 3 траўня, у дзень нацыянальнага сьвята Польшчы, у Вялікім тэатры ў Менску прайшоў канцэрт ды ўрачысты прыём. Канцэрт цалкам быў прысьвечаны творчасьці Манюшкі. Мы вырашылі спалучыць гэтыя дзьве гадавіны – 3 траўня, сьвята Канстытуцыі і 5 траўня – дзень нараджэньня вялікага кампазытара. Мы хацелі нагадаць таксама нашым беларускім партнэрам, што Манюшка нарадзіўся вельмі недалёка ад Менску, у вёсцы Ўбель. Дарэчы, яго тут памятаюць і шануюць яго памяць. На мінулым тыдні я ўдзельнічаў у адкрыцьці музэя Станіслава Манюшкі. Раней ён знаходзіўся ва Ўбелі, а цяпер перанесены ў Сьмілавічы. У музэі ёсьць дзьве залі, адна прадстаўляе маладосьць кампазытара, а другая – яго творчасьць. Ёсьць таксама невялікі музычны салён, дзе адбываюцца музычныя сустрэчы, канцэрты.

Дзень нараджэньня кампазытара адзначылі ўчора, 5 траўня, але ў Беларусі падзеі, зьвязаныя з гэтай важнай датай, працягнуцца даўжэй. Напрыклад, 16 траўня адбудзецца чарговы канцэрт у Вялікім тэатры. Гэта сумеснае мерапрыемства, зладжанае польскімі ды беларускімі артыстамі. Акрамя таго, творчасьць кампазытара згадваюць многія музычныя ўстановы, ладзячы канцэрты. Такіх канцэртаў у Менску адбылося ўжо некалькі, між іншым, у касьцёле сьвятых Сымона і Алены прайшло набажэнства, упрыгожанае музыкай Манюшкі.

Станіслава Манюшку называюць польска-беларускім кампазытарам, хаця ён размаўляў і працаваў на польскай мове. Аднак яго творчасьць аказала вялізны ўплыў на разьвіцьцё беларускай культуры. Нагадаем, ён выкарыстоўваў беларускі фальклёр у сваёй творчасьці, а беларуская мова ўпершыню прагучала са сцэны менскага гарадзкога тэатру ў 1852 годзе, калі тэатар выставіў «Ідылію» Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Дарэчы, за выкарыстаньне беларускай мовы ў 19-ым стагодзьдзі маглі пакараць турэмным зьняволеньнем.

Асоба Манюшкі – гэта прыклад такога чалавека, які яднае дзьве культуры і два народы – палякаў і беларусаў, – гаворыць Марцін Вайцяхоўскі.

М. Вайцяхоўскі: Манюшка – гэта такая постаць, якая яднае Польшчу і Беларусь. І нас цешыць, што ў Беларусі гадавіна з дня нараджэньня кампазытара адзначалася вельмі шырока. Шмат гаварылі пра Манюшку ў сродках масавай інфармацыі, па радыё, тэлебачаньні. У Беларусі яго прадстаўляюць як польскага і беларускага кампазытара. Беларускі – таму што нарадзіўся на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі, але ня толькі. Ён таксама напісаў музыку да першай беларускай опэры «Сялянка», хаця рашучая частка яго твораў была напісаная на польскай мове, гэта вельмі важная постаць для польскай культуры. Трэба як найбольш казаць пра такіх людзей, якія яднаюць нашы два народы. Дарэчы, ня толькі польскі і беларускі народ, таксама летувісаў, паколькі Манюшка шмат гадоў жыў і працаваў у Вільні. У сваю чаргу пік кар’еры ён дасягнуў у Варшаве. А нарадзіўся пад Менскам, жыў у Менску, на доме, дзе пражывалі Манюшкі, ёсьць памятная дошка, таксама ў беларускай сталіцы ёсьць помнік кампазытару разам з Дуніным-Марцінкевічам, яны сумесна працавалі над опэрай «Сялянка». Перш за ўсё Манюшка быў геніяльным кампазытарам, яго творы дагэтуль выстаўляюць у найважнейшых тэатрах сьвету.

Станіслаў Манюшка быў прадстаўніком польскага шляхецкага роду, у сям’і размаўлялі па-польску, але беларуская мова без сумненьня аказала вялікі ўплыў на яго творчасьць і сьветапогляд, – адзначае наш госьць.

М. Вайцехоўскі: Беларуская мова гучала ў тых мясьцінах, якія акружалі маёнтак Манюшкаў. Гэта быў багаты шляхетны род, які выдаў вельмі здольных людзей. Бацька Станіслава Манюшкі Чэслаў быў таленавітым мастаком, дзякуючы яго малюнкам мы ведаем, як выглядала тагачаснае жыцьцё, ведаем, як выглядаў іх маёнтак, захаваўся малюнак, на якім малы Станіслаў сядзіць за фартэпіяна разам са сваёй маці, нешта граюць. Так што гэта была ўсебакова таленавітая сям’я, а Станіслаў Манюшка стаў самым слаўным яе прадстаўніком, зрабіў самую вялікую кар’еру. Гэта была колішняя Рэч Паспалітая, жыхары якой інакш разумелі нацыянальную ідэнтычнасьць, чым мы, ня ставілі такіх вострых межаў, як цяпер. Трэба сказаць, што з гэтай тэрыторыі, польска-беларускага памежжа выводзіцца шмат выбітных постацей, як хаця б Адам Міцкевіч, Тадэвуш Рэйтан, Ігнат Дамейка ды іншыя. А Манюшку можна паставіць на самую вяршыню гэтага пантэону выдатных асобаў.

Цяпер усе тры краіны, з якімі быў зьвязаны Станіслаў Манюшка – Беларусь, Летува ды Польшча – могуць ганарыцца славутым земляком і шанаваць яго памяць, – падсумоўвае адзначэньне 200-годзьдзя з дня нараджэньня кампазытара прэс-сакратар польскай амбасады ў Менску Марцін Вайцяхоўскі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт