Logo Polskiego Radia
Print

11 мая на Нацыянальным стадыёне пройдзе Навуковы пікнік „Мы і тэхніка”

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.05.2019 18:06
  • 23 Навуковы пікнік.mp3
Мерапрыемства ладзіць Польскае радыё і Навуковы цэнтар Капэрнік.

Мэханічныя дыназаўры, электронная пераносная кладка для пешаходаў, супэркампутары і экзаскілеты або інакш электронныя касьцюмы – гэта можна будзе пабачыць 11 мая на 23 Навуковым пікніку ў Варшаве, які ладзіць Польскае радыё і Навуковы цэнтар Капэрнік. Пікнік праходзіць пад дэвізам „Мы і тэхніка”.

Мерапрыемства адбудзецца на сталічным Нацыянальным стадыёне. У ім прымуць удзел больш за 150 установаў і арганізацый, якія падрыхтуюць больш за адну тысячу паказаў. Пабачыць усе кожны наведнік ня зможа, таму арганізатары раяць выбраць сваю зону з сямі прапанаваных.

Якія гэта зоны расказвае Віктар Гаеўскі з Навуковага цэнтра Капэрнік. "Зона будучыні".

Віктар Гаеўскі: У гэтай зоне будзе многа робатаў, якіх стварылі навуковыя гурткі, унівэрсытэты, тэхналягічныя кампаніі. Гэтыя робаты можна будзе запраграмаваць, спраўдзіць як яны дзейнічаюць, навучыць іх рухацца, бо робаты цяпер вучацца. Зона будучыні прысьвячаецца менавіта вынаходніцтвам, якія паўстаюць сёньня і будуць мяняць нашую будучыню.

У "Зоне здароўя" можна будзе з бліскай адлегласьці паглядзець як працуюць, напрыклад, хірургічныя робаты, больш дакладныя, чым рука доктара, або электронны касьцюм, патрэбны людзям з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі.

Віктар Гаеўскі: Зона здароўя - гэта месца, дзе мы спалучаем тэхналёгіі са здароўем чалавека. Мы будзем там паказваць спэцыялізаваныя мэдыцынскія прылады, стымулятары, якія ўстаўляюцца ў людзкі арганізм. Пакажам экзаскілет, які павялічвае сілу чалавека і дазваляе ажыцьцяўляць задачы звыш яго натуральных магчымасьцяў. Такі супэргерой, або супэрработнік.

Зона „Зрабі гэта сам”

Віктар Гаеўскі: Гэта зона, у якой будуць праводзіцца розныя майстар-клясы, напрыклад, можна будзе зрабіць мадэль R2D2, можна экпэрымэнтаваць з друкам 3Д, рабіць новыя рэчы са сьмецьця. У гэтай зоне можна будзе стварыць штосьці ўласнымі рукамі.

"Зона сям’і"

Віктар Гаеўскі: Увесь пікнік адрасаваны сем’ям, але мы вырашылі стварыць зону для сем’яў з малышамі, у якой будзе можна вывучаць сьвет праз забаву. Зона будзе спалучана з лясной тэрыторыяй побач стадыёну. Там можна будзе ўдзельнічаць у простых навуковых экспэрымэнтах. Там таксама будуць мэханічныя дыназаўры.

На Пікнік запрошаныя таксама замежныя навукоўцы, для якіх створана асобная зона – „Замежных гасьцей”. Прыедуць прадстаўнікі Нямеччыны, Чэхіі, Італіі, Францыі, Харватыі, Кітая.

Віктар Гаеўскі: Гэтая зона будзе вельмі разнастайнай, бо са сваімі стэндамі будуць прысутнічаць падобныя ўстановы да нашага Навуковага цэнтра Капэрніка з іншых краін, а таксама пасольствы Францыі, Нямеччыны, якія запрашаюць сваіх вучоных і знаёмяць з навуковымі дасягненьнямі гэтых краін.

І яшчэ „Зона цывілізацыі”

Віктар Гаеўскі: Гэтую зону мы стварылі, каб паказаць, што Пікнік ахоплівае ўсе галіны навук, ня толькі дакладныя навукі, але таксама гуманітарныя: філясофію, этычныя пытаньні, псыхалёгію. Гэта зона, у якой пра ўсе вынаходніцтвы можна будзе паразмаўляць з пункту гледжаньня этыкі, напрыклад, ці аўтаномны аўтамабіль сам выбярэ дарогу і будзе несьці адказнасьць за свае выбары.

І апошняя зона – „Зона культавых экспэрымэнтаў” – гэта простыя экспэрымэнты, якія заўсёды выклікаюць вялікую зацікаўленасьць наведнікаў, напрыклад, ненютанаўская вадкасьць – сумесь, якая паводзіць сябе як вадкасьць, а калі яе ударыць, яна становіцца цьвёрдай, будуць праводзіцца экспэрымэнты з азотам і іншыя хімічныя досьледы, якія даюць цікавы, каляровы эфэкт.

На Пікніку свой стэнд будзе мець таксама Польскае радыё. Гэта нагода сустрэць журналістаў ужывую, пабачыць як паўстае перадача, як раней і як цяпер адбываецца запіс і мантаж перадач. З дапамогай адмысловых навушнікаў можна будзе ўдзельнічаць у бінатуральных перадачах – гэта значыць знаходзіцца быццам у сярэдзіне гуку. А таксама ў спэцыяльных акулярах VR 360 віртуальна пабываць у студыі Польскага радыё падчас жывога эфіру.

Адзначым, што Навуковы пікнік Цэнтра Капэрнік і Польскага Радыё зьяўляецца найбуйнейшым у Эўропе мерапрыемствам пад адкрытым небам, на якім простымі словамі тлумачаць наведнікам навуковыя пытаньні.

Першы пікнік у 1997 годзе зладзіў моладзевы Чацьвёрты канал Польскага радыё.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт